Як вы думаеце, колькі каштуе гэтая коўдра? Жыхар Магілёва заплаціў за яе 250 рублёў, а эксперты высветлілі рэальную цану
3 снежня 2024 у 1733208000
Максім Іскрын
Пажылы жыхар Магілёва купіў у дзвюх жанчын, якія прыйшлі да яго дадому, коўдру за 250 рублёў. Супрацоўнікі Дзяржкамітэта судовых экспертыз (ДКСЭ) у межах міліцэйскай праверкі высветлілі рэальны кошт вырабу.
Першапачаткова 79-гадовы мужчына заявіў у 102 пра знікненне з яго кватэры 300 рублёў. Супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што за тыдзень да гэтага да яго дадому прыходзілі дзве жанчыны, якія прадавалі рэчы.
Паддаўшыся іх ўгаворам, пажылы чалавек набыў коўдру за 250 рублёў, пра што пазней забыў і неўзабаве пачаў шукаць свае зберажэнні.
З мэтай вызначыць кошт прададзенай коўдры судовыя эксперты правялі таваразнаўчую экспертызу.
Паводле заключэння эксперта, коўдра мае сінтэтычны напаўняльнік, а яе першапачатковы кошт - 53 рублі.
«Супрацоўнікамі міліцыі выяўленыя грамадзянкі, якія прадалі пенсіянеру коўдру па завышанай цане. Іх дзеянням дадуць прававую ацэнку», - паведамілі ў ДКСЭ.