У Генштабе УСУ расказалі, адкуль з тэрыторыі Беларусі запускаюць іранскія «Шахеды»
3 лiстапада 2022 у 1667471220
«Зеркало»
У Беларусь з Расіі перакідваюць падраздзяленні расійскай першай танкавай арміі. На вайсковым аэрадроме пад Лунінцам размяшчаюцца іранскія беспілотнікі. Пра гэта на брыфінгу заявіў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў.
- Цяпер ідзе перакідванне ў Беларусь падраздзяленняў расійскай першай танкавай арміі, у першую чаргу - другой мотастралковай дывізіі разам з тэхнікай і мабілізаванымі асобамі.
Па словах Громава, для перавозкі ваеннай тэхнікі, абсталявання і асабовага складу цягам кастрычніка было задзейнічана больш за 1,5 тысячы чыгуначных платформаў, 200 пасажырскіх вагонаў, каля 100 грузавых вагонаў.
Прадстаўнік Генштаба назваў фарміраванне сумеснай расійска-беларускай групоўкі неадназначным фактам. Ён не выключыў, што ў аддаленай перспектыве яна можа быць задзейнічаная ў агрэсіі супраць Украіны.
Громаў таксама адзначыў, што тэрыторыя Беларусі працягвае выкарыстоўвацца для нанясення ўдараў па Украіне.
- Асаблівая роля адводзіцца авіябазе ў раёне населенага пункта Лунінец Брэсцкай вобласці, дзе размяшчаюцца іранскія беспілотныя лётныя апараты, а таксама пэўная колькасць іх аператараў, - заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расія і Беларусь дамовіліся пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў 10 кастрычніка. Чакаецца, што ў Беларусі размесцяць каля 9 тысяч расійскіх вайскоўцаў, РФ таксама перакіне каля 170 танкаў, да 200 баявых браніраваных машын і да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм.