Лукашэнка павіншаваў народ Латвіі і прайшоўся па кіраўніцтве краіны
18 лiстапада 2022 у 1668749160
«Зеркало»
Латвія адзначае Дзень абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі. Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне. Ён звярнуўся да народа Латвіі, не забыўшыся выказаць прэтэнзіі кіраўніцтву краіны.
Лукашэнка запэўніў латвійцаў, што Беларусь «застаецца міралюбнай дзяржавай, прыхільніцай дыялогу і агульнай бяспекі ў рэгіёне».
«Мы ніколі не выступалі ініцыятарамі ваеннага канфлікту і заўсёды з прыязнасцю і павагай ставіліся да суседзяў. Многія з вас змаглі пераканацца ў гэтым, наведваючы нашу краіну ва ўмовах бязвізавага рэжыму», - гаворыцца ў віншаванні.
Ён са шкадаваннем адзначыў, што «ўсё больш жыхароў Латвіі адчуваюць, што іх палітыкі працуюць не на карысць людзей і пазіраюць на замежных дарадцаў».
«Распальваючы абстаноўку, яны сцягнулі ў Прыбалтыку сілы і ўзбраенне, пабудавалі сцены, падштурхнулі вашую краіну да эканамічнай катастрофы. Упэўнены, што нашыя шматвяковыя сувязі з'яўляюцца той надзейнай асновай, на якой, нягледзячы на ўсе цяжкасці, будуць адноўленыя ўзаемавыгадныя прыязныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Латвійскай Рэспублікай. Нас не падзеляць ні штучны плот з калючым дротам, ні злачынная барацьба часовых латвійскіх кіраўнікоў з дзяржаўнымі сімваламі, гісторыяй і помнікамі продкаў!» - заявіў Лукашэнка.
Нагадаем, віншаваць народы з дзяржаўнымі святамі Лукашэнка пачаў з нядаўніх часоў. Ён робіць гэта ў тым выпадку, калі лічыць кіраўніцтва гэтых краін недружалюбнымі ў дачыненні да Беларусі.
Да прыкладу, 24 жніўня, у Дзень незалежнасці Украіны, ён таксама віншаваў украінскі народ, якому пажадаў «мірнага неба, талерантнасці, мужнасці, сілы і поспехаў у аднаўленні годнага жыцця». Украінцы ўспрынялі гэта як здзек.
11 лістапада ён віншаваў народ Польшчы, не забыўшыся згадаць памежныя сцены з калючым дротам і грубыя памылкі адыёзных польскіх палітыкаў.
А вось 12 чэрвеня З днём Расіі ён павіншаваў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, прэм'ер-міністра РФ Міхаіла Мішусціна, старшыню Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Валянціну Мацвіенка, старшыню Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Вячаслава Валодзіна, але абышоўся без віншаванняў народу Расіі.