Чыноўнікі хочуць запусціць «супербазу» даходаў насельніцтва. У яе плануюць уключыць інфармацыю амаль пра ўсе грашовыя паступленні
22 лiстапада 2022 у 1669115520
«Зеркало»
Чыноўнікі па-ранейшаму хочуць абнавіць «супербазу» даходаў насельніцтва і ўключыць у яе новую інфармацыю. Гэта прадугледжана праектам зменаў у Падатковы кодэкс (дакумент ёсць у распараджэнні рэдакцыі). Нагадаем, наймальнікаў хочуць абавязаць раскрываць падаткавікам інфармацыю пра ўсе даходы работнікаў. Цяпер чыноўнікі таксама плануюць абавязаць банкі «зліваць» падатковай інфармацыю пра кліентаў - фізічных асоб, у якіх агульная сума па прыходных аперацыях за каляндарны год перавысіла 150 тысяч рублёў.
Пра якую базу гаворка
Яшчэ ў 2021 годзе чыноўнікі анансавалі, што хочуць, каб падатковыя агенты, то-бок наймальнікі, з 1 студзеня 2023-га ў абавязковым парадку падавалі падаткавікам інфармацыю пра ўсе даходы работнікаў. Гаворка ў тым ліку пра ільготы і сумы падаходнага падатку з фізічных асоб. Выключэнне збіраліся зрабіць толькі для даходаў ад выйгрышаў (вернутых ставак, якія не сыгралі), а таксама звестак, што адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў або банкаўскай таямніцы.
«База даходаў фізічных асоб - гэта дадатковы плюс для законапаслухмянага грамадзяніна, які легальна працуе. На сёння і так у нас дастаткова крыніц, з якіх мы атрымліваем інфармацыю, - тлумачыў раней міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка. - Але тым не менш ёсць моманты, якіх мы не бачым. І нам даводзіцца ў грамадзяніна часам удакладняць. Умоўна кажучы, мы бачым у грамадзяніна набыццё нерухомасці, але не бачым даходаў, па базах іх няма. Пачынаем высвятляць, а чалавек кажа, што атрымаў дывідэнды, нешта яшчэ. Пачынаем усё гэта правяраць, і высвятляецца, што мы чалавека дарма патурбавалі, скажам так».
Якія звесткі плануюць уключаць у «супербазу» па даходах, а якія - не
У праекце зменаў у Падатковы кодэкс прапісалі, што дзяржорганы, іншыя арганізацыі, а таксама прадстаўніцтвы замежных арганізацый, беларускія ІП абавязаныя падаваць звесткі пра даходы фізічных асоб па спецыяльным спісе. Таксама гэта датычыць абласных натарыяльных палат (і мінскай гарадской) і натарыусаў з бюро.
Падатковыя агенты, то-бок наймальнікі, павінныя будуць падаваць звесткі пра даходы фізічных асоб, што падпадаюць пад падаткаабкладанне, у тым ліку звесткі пра ільготы і сумы падаходнага падатку.
Наймальнікам не трэба будзе паведамляць пра:
- выйгрышы (а таксама вернутыя стаўкі, якія не сыгралі);
- даходы, якія адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў, банкаўскай таямніцы;
- даходы ІП, натарыусаў ад ажыццяўлення прадпрымальніцкай, натарыяльнай дзейнасці;
- даходы фізічных асоб ад продажу прадукцыі раслінаводства на сваім зямельным участку;
- даходы ад збору і здачы ягад, арэхаў, грыбоў;
- даходы ад здачы другаснай сыравіны;
- пра пазыкі і крэдыты фізічным асобам;
- пра мікрапазыкі і камерцыйныя пазыкі;
- пра пазыкі фізічным асобам па дамовах пазыкі грашовых сродкаў, якія заключылі праз сэрвісы анлайн-пазыкаў;
- пра ўсе віды кампенсацый.
Але наймальнікам, як плануецца, трэба будзе паведамляць пра грашовыя кампенсацыі за нявыкарыстаны працоўны адпачынак, дапамогі пасля разрыву працоўнай дамовы. Таксама ў «супербазу» трэба будзе перадаваць дадзеныя пра кампенсацыі, якія падпадаюць пад падаткаабкладанне, пры гэтым памер выплат перавышае ўстаноўленую чыноўнікамі столь.
Таксама працадаўцам трэба будзе паведамляць некаторыя звесткі пра даходы вайскоўцаў, якія яны атрымліваюць ад грамадскіх аб'яднанняў.
Якія яшчэ звесткі хочуць уключаць у «супербазу»
Беларускую валютна-фондавую біржу хочуць абавязаць падаваць падаткавікам інфармацыю пра ўгоды з каштоўнымі паперамі, якія былі здзейсненыя з удзелам фізічных асоб.
Як плануецца, спачатку гэтую інфармацыю будуць падаваць у МПЗ на электронных носьбітах, а пазней - праз агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму (ААІС).
Што хочуць змяніць па звестках, якія банкі мусяць паведамляць падатковай
Чыноўнікі таксама плануюць абавязаць банкі паведамляць падатковай пра кліентаў - фізічных асоб, у якіх агульная сума па прыходных аперацыях за каляндарны год перавысіла 150 тысяч рублёў.
Таксама банкі хочуць абавязаць падаваць у МПЗ звесткі з крэдытнай гісторыі фізасоб.
Што да кампаній і ІП, то банкі павінныя будуць таксама паведамляць падаткавікам пра рух сродкаў на рахунках, а таксама электронных грошай па электронных кашальках.
Таксама чыноўнікі хочуць, каб банкі цягам трох рабочых дзён паведамлялі па запыце падатковай інфармацыю пра рух грашовых сродкаў па рахунках, электронных кашальках.
«Нацбанк, банкі падаюць у МПЗ інфармацыю аб наяўнасці рахункаў, электронных кашалькоў у фізічных асоб па стане на 1 студзеня 2023 года ў парадку, устаноўленым пагадненнем, заключаным Нацбанкам з МПЗ», - гаворыцца ў праекце зменаў у Падатковы кодэкс.
А цяпер хіба няма базы з даходамі насельніцтва?
Ёсць. Міністэрства па падатках і зборах ужо вядзе базу дадзеных уліку даходаў фізічных асоб. З 10 красавіка гэтага года запрацавала пастанова Саўміна № 201 «Аб прадстаўленні звестак пра даходы фізічных асоб». Дакумент меркаваў стварэнне новай базы даходаў насельніцтва. У яе ўключаюць не толькі інфармацыю пра зарплату, але таксама пра пенсіі, дапамогі, стыпендыі, бальнічныя, пераводы з-за мяжы і многія іншыя выплаты. Гэтая інфармацыя паступае ў Міністэрства падаткаў і збораў для базы аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ўліку даходаў фізічных асоб.
Цяпер чыноўнікі хочуць унесці змены ў пастанову № 201 і пашырыць спіс інфармацыі, якую будуць збіраць па даходах фізічных асоб.