У МЗС Польшчы расказалі, у якім выпадку могуць закрыць мяжу з Беларуссю
21 лютага 2023 у 1676968740
«Зеркало»
Цяпер Польшча не закрывае мяжу з Беларуссю цалкам, аднак гатовая гэта зрабіць у любы момант, калі гэтага будзе патрабаваць нацыянальная бяспека. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павел Яблонскі ў эфіры «Польскага радыё» раніцай 21 лютага.
- Калі будзе такая неабходнасць, у першую чаргу з меркаванняў бяспекі, то мы цалкам дакладна будзем гатовыя гэта зрабіць, - сказаў Павел Яблонскі ў адказ на пытанне, ці закрые Польшча мяжу з Беларуссю цалкам.
Пакуль што ўлады краіны збіраюцца назіраць за сітуацыяй і аналізаваць яе па меры развіцця.
- Мы ж не прымаем гэтыя рашэнні толькі на падставе палітычных фактараў. Мы разумеем, што ёсць перавозчыкі, якія возяць праз мяжу тавары, што не падпадаюць пад эмбарга, і зарабляюць на гэтым. Тым не менш калі наш аналіз пакажа, што пагроза для бяспекі нарастае, такія рашэнні, як закрыццё мяжы, могуць быць прынятыя, - растлумачыў прадстаўнік МЗС.
Мяркуючы з яго словаў, нармалізацыі сітуацыі польскія ўлады не чакаюць.
- Таму мы ў першую чаргу раім усім, хто не можа абысціся без кантактаў з Беларуссю, напрыклад у пытаннях бізнесу, гандлю… На жаль, мы вымушаныя чакаць найгоршага падыходу [ад Беларусі], вымушаныя чакаць хутчэй нейкіх кепскіх крокаў з таго боку. І рызыка гэтага цяпер вышэйшая, чым была раней, - канстатаваў Павел Яблонскі.
Ён таксама пракаментаваў пастаянныя прапагандысцкія нападкі на Польшчу ў Беларусі і чарговыя нядаўнія заявы Лукашэнкі пра тое, што Польшча хоча атакаваць Беларусь.
- Гэта поўная лухта, відавочна, што гэтыя заявы накіраваныя на ўнутраную кансалідацыю лукашэнкаўскіх уладаў, - адзначыў прадстаўнік польскага МЗС.
Нагадаем, Польшча з 10 лютага прыпыніла працу пункта пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю ў адказ на вынясенне суровага палітычнага прысуду журналісту, прадстаўніку польскай меншасці ў Беларусі Андрэю Пачобуту (у дадатак мытнікі з пункта «Баброўнікі» былі затрыманыя па абвінавачанні ў садзейнічанні кантрабандзе).
Пасля гэтага ў МЗС Польшчы паведамлялі, што разглядаюць і поўнае закрыццё мяжы, у той жа час іншыя польскія ведамствы абяцалі перавозчыкам, што грузавы пункт «Кукурыкі - Казловічы» спыняць працу не будзе.
16 лютага Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі назваў закрыццё пунктаў пропуску «эканамічнай правакацыяй» і прыгразіў мерамі ў адказ. 17 лютага МЗС заявіла пра высылку часткі польскіх дыпламатаў (у Польшчы пазней пацвердзілі, што Беларусь пакінуць тры дыпламатычныя супрацоўнікіа). У той жа дзень урад Беларусі ўвёў абмежаванні на ўезд грузавікоў польскіх перавозчыкаў: ім цяпер можна заязджаць на тэрыторыю нашай краіны толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы. Пасля гэтага ў Польшчы прыгразілі прыняць аналагічныя меры што да беларускіх перавозчыкаў.
20 лютага Польшча ўвяла абмежаванне на апошнім грузавым аўтадарожным пункце пропуску «Кукурыкі - Казловічы»: спыніла пропуск і афармленне грузавікоў, зарэгістраваных у Беларусі (і іншых краінах, акрамя дзяржаваў Еўропы). Абмежаванне будзе дзейнічаць, пакуль Беларусь не здыме свае новыя абмежаванні для польскіх перавозчыкаў.