Банкі ўводзяць валютныя абмежаванні — буйныя камісіі па рахунках і забарона на папаўненне ўкладаў. Эксперт тлумачыць, для чаго гэта робяць
30 мая 2023 у 1685446200
«Зеркало»
Асобныя банкі пачалі ўводзіць абмежаванні па валютных рахунках і ўкладах. З чым гэта можа быць звязана і як уплывае на кліентаў, расказала старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна.
За кароткі перыяд часу адразу некалькі банкаў абвясцілі пра ўвядзенне абмежаванняў і непрывабных умоваў па рахунках і ўкладах у далярах і еўра. Так, «БНБ-Банк» і «Прыёрбанк» абвясцілі, што ў чэрвені ўводзяць вялікія камісіі па валютных рахунках, сума якіх перавышае 50 тысяч даляраў ці еўра - мінімум 500 і 750 рублёў адпаведна. Тым часам у «Беларусбанку» заявілі, што не будуць адкрываць новыя тэрміновыя ўклады ў далярах і еўра і папаўняць ужо дзейныя дэпазіты ў гэтых валютах.
У такіх рашэннях беларускіх банкаў ёсць агульная логіка, адзначае эканаміст Анастасія Лузгіна. Гэта звязана ў першую чаргу са зніжэннем ролі даляра і еўра ў разліках у нашай краіне.
- Яны (даляр і еўра. - Заўв. рэд.) сталі «таксічнымі валютамі», ад іх імкнуцца адысці ў сувязі са складанасцю правядзення плацяжоў. Больш за тое, можна ўспомніць заявы ўрада Беларусі пра магчымую адмову да канца 2023 года ад разлікаў у далярах і еўра з Расіяй і іншымі краінамі ЕАЭС. Гэта зніжае попыт на гэтыя валюты і неабходнасць у іх. Гэта ж відаць па дынаміцы банкаўскіх крэдытаў. У параўнанні са звесткамі за сакавік-красавік мінулага года юрыдычныя асобы нарасцілі крэдыты ў беларускіх рублях, пры гэтым адбылося рэзкае зніжэнне ў замежнай валюце. Калі ў арганізацый зніжаецца патрэба ў інвалютных крэдытах, то навошта банкам дэпазіты ў ёй? Яны ж не могуць проста пакласці гэтыя ўклады ў сябе і плаціць за гэта грошы укладчыкам. Значыць, банкам гэтая валюта не патрэбная.
Банкі з прычыны зніжэння патрэбы ў замежнай валюце імкнуцца ствараць такія ўмовы для ўкладчыкаў, каб тыя актыўней выбіралі беларускія рублі, працягвае эканаміст.
Пры гэтым насельніцтва Беларусі традыцыйна выбірае ў якасці валюты зберажэнняў больш стабільныя валюты - даляры і еўра, часам нават нягледзячы нізкую даходнасць па валютных укладах.
- Увядзенне нізкіх працэнтаў па валютных укладах - гэта мяккая мера для таго, каб прытармазіць рост іх колькасці. А тое, што робяць «БНБ-Банк», «Прыёрбанк» і «Беларусбанк» - гэта жорсткія меры, скіраваныя не толькі на прыпыненне росту такіх дэпазітаў, але ў ідэале на іх зніжэнне. Гэта да таго ж звязана са змяненнем структуры крэдытаў у банкаўскай сістэме ў бок павелічэння рублёвых крэдытаў і іх скарачэння ў далярах і еўра, - каментуе Анастасія Лузгіна. - Плата за захоўванне валюты ў банках або прыпыненне іх прыёму ва ўклады - гэта, вядома, не на руку беларускім укладчыкам, бо ў нас і так абмежаваная колькасць магчымасцяў зберажэння. Але з пункту гледжання банкаў гэта робіцца для таго, каб яны маглі працягваць нармальна функцыянаваць.
Паводле ацэнкі эксперта, можна чакаць, што такія абмежавальныя меры будуць уводзіць і іншыя банкі. Гэта звязана з прагнозам далейшага скарачэння патрэбы ў разліках у так званых таксічных валютах, а як вынік - зніжэнне папулярнасці даляра і еўра ў крэдытаванні юрыдычных асобаў.
Чытайце таксама