Лукашэнка абавязаў дзяржорганы і арганізацыі купляць аўтамабілі «Белджы» (адгадайце, для каго выключэнні)
апублікавана: 29 чэрвеня 2023 в 07.08
абноўлена: 29 чэрвеня 2023 в 07.26
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які загадвае дзяржаўным органам і арганізацыям закупляць у якасці службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў машыны вытворчасці СЗАТ «Белджы». Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Хто і ў каго мусіць купляць аўтамабілі вытворчасці СЗАТ «Белджы»?
«Дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі, гаспадарчымі таварыствамі, банкамі, сельскагаспадарчымі арганізацыямі, а таксама ўнітарнымі прадпрыемствамі,
заснавальнікамі якіх выступаюць арганізацыі з доляй дзяржавы больш за 50 працэнтаў,
для выкарыстання ў якасці службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў, якія не патрабуюць даабсталявання шляхам мантажу спецыяльным тэхналагічным
абсталяваннем, ажыццяўляецца закупка легкавых аўтамабіляў айчыннага вытворцы ў сумеснага закрытага акцыянернага таварыства "Белджы" або збытавых арганізацый (афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў) з выкарыстаннем працэдуры закупкі з адной крыніцы, калі іншае не вызначаецца часткай другой гэтага падпункта», - гаворыцца ў пастанове.
Якому чыноўніку які аўтамабіль?
Указ таксама вызначае максімальны памер кошту закупленых службовых аўтамабіляў у залежнасці ад пасадаў асоб, для выкарыстання якімі прызначаныя машыны:
- для кіраўнікоў дзяржаўных органаў - 3430 базавых велічыняў (126 190 рублёў);
- для намеснікаў кіраўнікоў (уключаючы намеснікаў губернатараў), кіраўніка Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, памочнікаў прэзідэнта, кіраўнікоў райвыканкамаў і гэтак далей - 2200 базавых велічыняў (81 400 рублёў);
- для намеснікаў кіраўнікоў райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, кіраўнікоў камунальных унітарных прадпрыемстваў, кіраўнікоў бюджэтных арганізацый, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні дзяржаўных органаў, і гэтак далей - 1800 базавых велічыняў (66 600 рублёў);
- для кіраўнікоў пасялковых і сельскіх выканаўчых камітэтаў, структурных падраздзяленняў раённых выканаўчых камітэтаў, намеснікаў кіраўнікоў камунальных унітарных прадпрыемстваў - 1465 базавых велічыняў (54 205 рублёў).
Але не ўсе чыноўнікі сядуць на «Джылі». Выключэнні зробленыя для губернатараў, кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый - падсправаздачных Аляксандру Лукашэнку, кіраўнікоў банкаў і некаторых іншых арганізацый, транспартнае забяспечанне якіх ажыццяўляецца АГУ «Белтрансспецаўта».
Ліміты ёсць не толькі на кошт
Для бюджэтных арганізацый і арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі з бюджэту, ліміт прабегу службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў мусіць складаць не больш за 1,7 тысячы кіламетраў у месяц. Не выкарыстаны за месяц ліміт прабегу можа быць выкарыстаны ў бягучым годзе.
Выключэнні зробленыя для аўтамабіляў медыцынскай і хуткай дапамогі, газавай службы, інкасацыі, вучэбных аўтамабіляў і некаторых іншых катэгорый.
А каму дазволілі купляць іншамаркі?
«З улікам спецыфікі дзейнасці і асаблівасцяў выконваных задач для выкарыстання ў якасці службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў дапускаецца набыццё легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці»:
- Службай бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- дзяржаўнымі органамі сістэмы забяспечання нацыянальнай бяспекі;
- органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю;
- Дзяржаўнай фельд'егерскай службай пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі;
- аўтатранспартнай дзяржаўнай установай «Белтрансспецаўта» Кіравання справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (АГУ «Белтрансспецаўта»);
- сельскагаспадарчымі арганізацыямі, дзяржаўнымі вытворчымі лесагаспадарчымі аб'яднаннямі, дзяржаўнымі лесагаспадарчымі ўстановамі;
- а таксама па рашэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі.
Аднак купіць аўтамабіль замежнай вытворчасці вышэйназваныя арганізацыі змогуць па ўзгадненні з Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі Беларусі.
Усе апісаныя палажэнні ўказа ўступаюць у сілу праз тры месяцы пасля яго апублікавання.