«Ні ў якім разе не шкадую пра тое, што рабіў у 2020-м». Расказваем, як склалася жыццё аднаго з першых вызваленых пасля 2020 года палітвязняў
29 лiпеня 2023 у 1690642800
«Зеркало»
Дзмітрый Фурманаў быў сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 29 траўня 2020-га. На волю ён выйшаў у кастрычніку 2021-га. Цяпер, праз паўтара года на волі, актывіст прызнаецца: удалося вярнуцца да нармальнага і шчаслівага жыцця, хоць і за мяжой і з трывогай за сваю краіну. Гэта заўважна нават вонкава: за час на волі Дзмітрый адгадаваў ужо звыклую бараду, ад якой вымушаны быў пазбавіцца за кратамі. Пагаварылі з экс-палітвязнем пра тое, як ён маецца цяпер, як прайшоў час пасля вызвалення і як лепш падтрымліваць блізкіх, што выйшлі з-за кратаў.
Рэдакцыя «Люстэрка» разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем'ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі - і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Дапамажыце людзям, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні.
Тут падрабязнасці марафону і важная інфармацыя для чытачоў з Беларусі
Дзеля вашай бяспекі рэдакцыя «Люстэрка» заклікае не данаціць з картак беларускіх банкаў. Калі вы чытаеце гэта знаходзячыся ў Беларусі - вы ўжо робіце вельмі важную справу. Вы пераадольваеце страх і не даяце рэжыму прымусіць вас не глядзець вакол.
Грошы будуць збірацца на адзіны рахунак фонду «21 мая», створанага Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінета па сацыяльных пытаннях. Пасля яны будуць перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем'ям.
Мінімальнае ахвяраванне ўстаноўленае на ўзроўні 5 еўра для таго, каб не даць нядобразычліўцам заблакаваць кампанію па зборы сродкаў вялікай колькасцю маленькіх плацяжоў - яны выклікаюць падазрэнні ў аплатнай сістэмы, і яна спыняе прыём грошай.
«Спадзяваўся, што змагу вярнуцца да нармальнага жыцця»
- Адразу пасля вызвалення я ўвогуле не ведаў, што рабіць, - пачынае сваю гісторыю Дзмітрый. - Але са мной звязалася мая дзяўчына Воля і падказала, што лепей з'язджаць, бо потым можа не быць такога шанцу. Візы не было, таму выбар стаяў паміж Расіяй і Украінай, і, натуральна, я выбраў Украіну. Дамова была такая: я прыязджаю ў Кіеў, падаю дакументы на літоўскую візу (яе атрыманне заняло 10 дзён), а пасля сядаю на самалёт і прылятаю ў Вільнюс. Так і атрымалася.
З Вольгай, якая паўтара года чакала каханага і галадала пад СІЗА на Валадарскага разам з ім, Дзмітрый сустрэўся ў аэрапорце ў сталіцы Літвы. Але там была не толькі яна.
- Воля ўсім сказала, што я прылятаю, і калі хто хоча, можа сустрэць. І мяне там чакалі, як зорку рок-н-ролу: шмат людзей, віншаванняў. Я вельмі ўдзячны ёй за гэта, - кажа суразмоўца.
Дзяўчына Дзмітрыя з'ехала ў Літву восенню 2020-га, за год да вызвалення хлопца, таму на свабодзе і ў новай краіне яму было прасцей: значная частка побытавых пытанняў ужо была вырашаная. Да таго ж Дзмітрый ехаў не «ў пустату», а да каханай, таму і страхаў у яго ўжо тады не было.
- Я разумеў, што еду да дзяўчыны ў бяспечную краіну, і спадзяваўся, што змагу вярнуцца да нармальнага жыцця. Але думаю, што калі б здарыліся нейкія праблемы і, напрыклад, не было б кватэры, то знайшлі б штосьці, - паціскае плячыма суразмоўца. - Ёсць фонды дапамогі, у Вільнюсе ў нас шмат знаёмых. Гэты горад мне таксама падабаецца. Мы часта з іншымі беларусамі спрачаемся, што лепшае, Варшава ці Вільнюс. Але нам тут добра, бо да гэтага мы жылі ў Гродне, а гэтыя гарады вельмі падобныя.
Дзмітрый згадвае, што псіхалагічны стан адразу пасля вызвалення быў не найлепшы. Спатрэбіўся час, каб прыйсці ў сябе. Аднак перш за ўсё варта было заняцца паперкамі: падаць заяву, каб атрымаць прытулак і легалізавацца ў Літве, сабраць доказы для гэтага, напісаць заяўкі ў фонды падтрымкі на атрыманне грошай і адзення. Даць рады ўсяму гэтаму моцна дапамагла Вольга: Дзмітрый называе яе сваёй асабістай ментаркай у тыя часы і дадае, што без клопату дзяўчыны ён бы ачуньваў значна даўжэй.
- Агулам я лічу, што трэба, каб у кожнага вольнага палітвязня быў такі ментар. Так вельмі хутка можна рэсацыялізавацца, вярнуцца да звычайнага жыцця, - упэўнены ён.
«Не мог нават зразумець, як карыстацца мэсэнджарамі»
Разабраўшыся з паперкамі, Дзмітрый пачаў разбірацца з сабой. Згадвае, што складанага было шмат, усё змяшалася: і эмацыйны стан, і стан здароўя, і нават побытавыя рэчы.
- Прабыўшы пэўны час у зняволенні, забываеш, як карыстацца простымі гаджэтамі, тэлефонам і камп'ютарам. І каб зноў гэта засвоіць, патрэбная дапамога. Груба кажучы, спачатку я не мог зразумець, як карыстацца мэсэнджарамі, куды там націскаць, - расказвае суразмоўца. - Увогуле быў патрэбны час, каб адаптавацца на волі. Першыя некалькі дзён прачынаўся рана, як у турме, але потым мог уставаць калі захочацца. Але дагэтуль, калі я адзін дома, не замыкаю дзвярэй: засталася фобія замкнёнай прасторы.
Каля месяца экс-палітвязень адсыпаўся, адпачываў, даваў інтэрв'ю. Потым разам з Вольгай паехаў у санаторый. Магчымасць пабыць там разам з каханай моцна паправіла душэўны і фізічны стан Дзмітрыя.
- У плане псіхікі мне вельмі дапамагла мая дзяўчына, якая была і ментаркай, і псіхолагам адразу, - адзначае беларус. - Спачатку я думаў, што трэба будзе звяртацца да спецыяліста, але пасля санаторыя адчуваў сябе нармальна. Дзякуючы вялікай Волінай падтрымцы двух месяцаў было дастаткова, каб адчуць сябе як да затрымання, каб вярнулася адчуванне бяспекі. Амаль зніклі пастаянныя трыгерныя ўспаміны, флэшбэкі. Калі б не Воля, спатрэбілася б значна больш дапамогі і часу. Яшчэ хваляваўся наконт фізічнага здароўя, баяўся, што будуць праблемы з ныркамі. Але аказалася, што ўсё добра. Таму засталіся толькі праблемы з зубамі (пломбы выпалі, яшчэ тое-сёе). Я звяртаўся да доктара-беларуса ў Вільнюсе, і ён мне дапамог бясплатна.
Яшчэ адзін момант, які мог бы выклікаць складанасці - пераезд адразу пасля вызвалення. Дзмітрый упэўнены, што пераязджаць пасля выхаду з турмы цяжэй, чым простае вяртанне ў горад, дзе жыў.
- Ты нават не ведаеш законаў, што тут можна рабіць, а чаго нельга. Пытанне мовы таксама стаіць. Але у Літве яно не такое вострае: звычайна мясцовыя ведаюць ці рускую, ці англійскую, і нават калі ты не ведаеш літоўскай, то зможаш камунікаваць, - апісвае ён сітуацыю ў краіне. - Да таго ж да эміграцыі я быў у Літве, у Вільнюсе. Мы тут вандравалі на роварах з намётамі. Таму я ведаў мясціны, і асаблівых праблемаў з адаптацыяй не было. А вось тым, хто раней не выязджаў, напэўна, у такой сітуацыі цяжэй. Але думаю, што з часам кожны чалавек прызвычаіцца.
У пачатку 2022 года, пасля чатырох месяцаў пасля падачы, Дзмітрый атрымаў станоўчае рашэнне пра палітычны прытулак, Вольга чакала паўгода. Праз тыдзень, калі яны атрымалі віды на жыхарства, з'явілася магчымасць афіцыйна працаўладкавацца. Цяпер абое вучаць літоўскую мову.
«Цяпер у нас з Воляй па дзве працы»
- Дзесьці праз два месяцы пасля вызвалення я знайшоў курсы праграмавання і вырашыў працягнуць вывучэнне. Яшчэ ў Гродне, у 2019−2020 гадах, я асвойваў гэта, каб пайсці ў «айцішку» распрацоўшчыкам. Але спачатку кавід, потым выбары, потым мяне скралі - і не атрымалася ўладкавацца, - пералічвае суразмоўца. - Таму цяпер вырашыў зноў паспрабаваць, год вучыўся. Але пачалася вайна, у ІТ - крызіс, малодшых спецыялістаў шмат дзе не бяруць. Таму ўжо паўгода шукаю працу распрацоўшчыка. А каб не сядзець дома, працую ў дастаўцы ежы - развожу заказы на ровары. Там увогуле не было праблемаў з уладкаваннем: падаеш заяўку праз праграму, яе разглядаюць, атрымліваеш заплечнік і ўсё.
Дзмітрый тлумачыць, што, улічваючы кошт жыцця ў Вільнюсе, працаваць трэба нямала. Ён ведае гісторыі, калі людзі на працы кожны дзень, нават без выходных. Але ён жыве ўдваіх з каханай, працуюць таксама абое, таму з адпачынкам пытанняў няма.
- У мяне гнуткі графік, добрыя ўмовы працы ў дастаўцы: хочаш - працуеш, не хочаш - не. Акрамя таго, тут можна нядрэнна зарабіць, ад 7 да 10 еўра за гадзіну. Таму дзесьці нават магу сабе дазволіць не восем гадзін на дзень працаваць, а шэсць, - падкрэслівае беларус.
Што да грошай, то Дзмітрый кажа, што асаблівых праблемаў з імі не было дзякуючы фондам, праз якія палітвязням дапамагаюць неабыякавыя беларусы. Сродкаў, якія ён атрымаў, хапіла на першы час. Потым разам з дзяўчынай яны атрымлівалі грошы па праграме інтэграцыі, калі чакалі легалізацыі.
- Гэта было 650 еўра на месяц кожнаму, і нам хапала. Натуральна, камусьці можа быць недастаткова, але афіцыйна працаваць падчас разгляду заяўкі нельга, - адзначае суразмоўца. - Цяпер у нас абаіх па дзве працы, у мяне гэта дастаўка ежы і праект па дапамозе экс-палітвязням «Вольныя», які мы запусцілі разам з аднадумцамі. Мы хочам знайсці ментараў, навучыць іх камунікаваць з палітзняволенымі, якія вызваліліся, і каб потым гэтыя людзі маглі правесці тых, хто вызваляецца, па ўсіх неабходных пунктах. Тут я таксама буду ўключацца, вучыць людзей. Але асноўная мая задача - падтрымліваць сайт, і гэта амаль тое, чаму я і вучыўся.
Праз некалькі месяцаў пасля вызвалення Дзмітрый зрабіў тое, што планаваў яшчэ да свайго затрымання: прапанову каханай. Актывіст хацеў папрасіць дзяўчыну стаць яго жонкай яшчэ 29 траўня 2020-га, але не паспеў набыць пярсцёнак (збор подпісаў за Сяргея Ціханоўскага займаў шмат часу). А потым апынуўся за кратамі.
- Пра тое, што я хацеў зрабіць прапанову яшчэ тады, Воля даведалася ці на вяселлі, ці калі я ўжо ўсё-такі зрабіў гэта. Мы тады сустракалі з сябрамі 2022 год, раздалі ўсім падарункі, а потым я сказаў, што і для яе ў мяне нешта ёсць. Воля здзівілася, а я дастаў пярсцёнак. І быў вельмі рады, калі яна сказала «так». А праз паўгода мы ўжо ажаніліся, - шчасліва расказвае Дзмітрый. - На вяселле мы запрасілі ўсіх праз сацсеткі, маўляў, калі хочаце - можаце прыходзіць, будзем радыя вас бачыць. І шмат людзей прыйшло, нават Святлана Ціханоўская. Усё добра атрымалася, як мы і планавалі.
Што да стасункаў з тады яшчэ дзяўчынай, суразмоўца адзначае: нягледзячы на паўтара года расстання, паміж імі нічога не змянілася.
- Калі мяне пасадзілі, Воля пісала лісты, выходзіла з галадоўкай пад Валадарку, бацькоў маіх таксама туды запрасіла. Таму я адчуваў яе падтрымку і ведаў, што яна са мной. Што яна і далей будзе са мной, калі я вызвалюся, - ўпэўнена кажа Дзмітрый. - Я спадзяваўся, што ніякіх праблемаў у нас не будзе. І сапраўды, нічога не змянілася. Сустрэліся і адразу размаўлялі як раней.
«Не трэба цурацца стасункаў з вольнымі палітзняволенымі»
Расказваючы пра свой праект «Вольныя», Дзмітрый дадае: за гэты час ён настолькі вярнуўся да звыклага жыцця, што ёсць шмат сіл дапамагаць іншым. Сваё мінулае за кратамі ён не спрабуе выкрасліць з памяці. Наадварот, хоча выкарыстаць свой досвед і спрасціць жыццё тым, хто толькі цяпер выходзіць і адаптуецца да жыцця на волі:
- Цяпер шмат пытанняў, як называць тых, хто выйшаў. У мяне ў Instagram напісана, што я «экс-палітзняволены». Ці можна гэта лічыць нейкім плюсам, досведам? Альбо гэта мінус? У маім выпадку гэта дакладна досвед, які дапаможа іншым палітзняволеным. У тым ліку праз наш праект і ментарскую дапамогу. Што да таго, як паводзіць сябе з тымі, хто выходзіць на свабоду, то тут добры варыянт для родных і сяброў - камунікаваць з імі так, як раней. Не шкадаваць, не думаць, што чалавеку было вельмі цяжка і яго пастаянна катавалі, бо хутчэй за ўсё гэта не так. Але часта родныя так перажываюць, што ты выходзіш і сам падтрымліваеш іх: «Усё добра, што вы хвалюецеся». У маім выпадку з бацькамі так і адбылося. Але праз нейкі час яны ўжо супакоіліся.
Але калі вяртацца да палітвязняў, то суразмоўца зазначае: хаця для кожнага чалавека мусіць быць свой падыход, не трэба баяцца размаўляць з тымі, хто выходзіць на волю. Проста пытаць, пра што чалавеку камфортна гаварыць.
- Са свайго досведу магу сказаць, што некаторыя людзі саромеюцца спытаць штосьці, баяцца, што гэта можа трыгернуць чалавека. У маім выпадку такога няма, я на ўсе пытанні магу адказаць, няма болю ці складанасцяў згадваць тыя часы, - дзеліцца ён. - Таму лепей проста пытаць, ці можна пагаварыць пра тое, што адбывалася ў турме, але не спыняць стасункаў з вольнымі палітзняволенымі. Таму што калі іх цурацца, гэта яшчэ горш. Ты тады думаеш: «Я такі ж чалавек, як вы, чаму вы баіцеся ў мяне пра штосьці спытаць?»
Згадваючы падзеі 2020 года і сваё затрыманне, Дзмітрый Фурманаў упэўнены: тады ён усё зрабіў правільна.
- Часам пытаюць, ці не шкадую я, што так усё адбылося. У маім выпадку адказ - «не». Усё ідзе як трэба. Вядома, хацелася б, каб усё было інакш, лепей, але я ні ў якім разе не шкадую пра тое, што рабіў тады. На сёння магу сказаць, што ў мяне ўсё добра. Можа, і былі невялікія складанасці пасля вызвалення, але нічога невырашальнага. Напэўна, мне вельмі пашанцавала, - заключае ён.