«Дэпартуйце мяне ў Беларусь, і вы ўбачыце, што здарыцца». Карач сабрала прэс-канферэнцыю з нагоды прызнання сябе пагрозай для Літвы
22 жнiўня 2023 у 1692702240
«Зеркало»
Дырэктарка грамадзянскай ініцыятывы «Наш дом» Вольга Карач збіраецца заставацца ў Літве нягледзячы ні на што. Альтэрнатывай яна бачыць толькі сваю дэпартацыю ў Беларусь. Пра гэта актывістка заявіла падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 22 жніўня ў Вільнюсе. Расказваем, пра што там ішла гаворка.
Што здарылася
18 жніўня Вольга Карач заявіла, што Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы прызнаў яе пагрозай дзяржаўнай бяспецы краіны. Яна брала інтэрв'ю ў заснавальніка ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ўдзельнічала ў канферэнцыях у Расіі, у тым ліку арганізаваных Еўракамісіяй.
У каментары «Люстэрку» Вольга таксама заяўляла, што, на яе думку, такое рашэнне літоўскіх уладаў звязанае з дзеяннямі арганізацыі «Наш дом», якая дапамагла беларусам у падобнай сітуацыі выйграць некалькі судоў.
Пры гэтым літоўскае выданне BNS са спасылкай на дакумент, які ёсць у распараджэнні рэдакцыі, паведамляла, што Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы падазрае Вольгу Карач у супрацоўніцтве з расійскай разведкай. Паводле звестак BNS, у дакуменце гаворыцца, што Карач наведвала Расію ў 2015−2019 гадах, дзе сустракалася з прадстаўнікамі расійскай разведкі, падтрымлівала з імі кантакт з дапамогай «абезаблічаных сродкаў сувязі» і перадала «падрыхтаваныя ёю дакументы асобам, звязаным з расійскай разведкай, перадала інфармацыю пра прадстаўнікоў беларускага рэжыму і апазіцыі і іх дзейнасці».
Таксама 20 жніўня ў ДДБ заявілі, што прычыны, з якіх Карач уяўляе пагрозу бяспецы дзяржавы, не тыя, пра якія яна расказвае. Сапраўдныя прычыны рашэння ў ведамстве не раскрылі, спаслаўшыся на тое, што гэта непублічная інфармацыя.
Што на абвінавачанні адказала Вольга Карач
- Я абсалютна не згодная з усімі аргументамі Дэпартамента дзяржбяспекі, - заявіла Карач у пачатку канферэнцыі. Пры гэтым прычыны, названыя ў рашэнні пра прызнанне яе пагрозай бяспецы Літвы, Вольга называць адмовілася.
- Гэтая інфармацыя канфідэнцыйная, - пракаментаваў яе адвакат Руціс Саткаўскас.
Свае словы пра інтэрв'ю з Жырыноўскім актывістка назвала «занадта эмацыйным рашэннем», патлумачыўшы, што цяпер не хоча рабіць нічога, што можа расцаніць як ціск на суддзю.
- Я не хачу рызыкаваць прайграць суд толькі дзеля таго, каб перамагчы ў вачах грамадскай думкі, - заявіла яна.
Што да ўдзелу ў канферэнцыях, то Карач расказала, што гаворка ідзе пра мерапрыемства ў маскоўскай Вышэйшай школе эканомікі ў 2015 годзе. Пры гэтым адзначыла, што з дацэнтам ВШЭ Андрэем Суздальцавым, які яе запрасіў, бачылася некалькі разоў падчас мерапрыемства і больш не перасякалася.
- У мяне цяпер ёсць дзве опцыі: ці я застаюся тут, ці вярніце мяне ў Беларусь. Я люблю Літву, я пражыла тут дзесяць гадоў, - заявіла Карач у адказ на пытанне, што плануе рабіць далей.
Пры гэтым цяперашні від на жыхарства Вольгі не быў ануляваны, але, на думку яе адваката Руціса Саткаўскаса, гэта пытанне часу, бо «гэта тое, што адбываецца з грамадзянамі Беларусі, якіх прызнаюць пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы».
- Я быў здзіўлены рашэннем [Дэпартамента дзяржбяспекі], - пракаментаваў ён сітуацыю. - Грунтуючыся на краіне нараджэння Вольгі, яе актыўнасці, тым, што яна ў спісе тэрарыстаў, а яе арганізацыя прызнаная экстрэмісцкай. <…> Гэтае рашэнне незаконнае. Вольга пакінула краіну нараджэння, бо там рашэнні незаконныя. У нас ёсць магчымасць змяніць гэтае рашэнне. У нас ёсць тыдзень, каб абскардзіць яго.
На пытанне журналістаў пра тое, чаму пры наяўнасці віду на жыхарства яна вырашыла падавацца на міжнародную абарону, Карач заявіла, што прычынай сталі асцярогі праз спіс тэрарыстаў у Беларусі. Яна трапіла ў гэты спіс у верасні 2021 года. Хоць па абарону яна звярнулася толькі ў верасні 2022-га.
- Мяне прызналі тэрарысткай, і я зразумела, што сітуацыя небяспечная <…>, - адзначыла Карач. - Беларускія ўлады могуць паведаміць у Інтэрпол, што я ў спісе тэрарыстаў, і можа пачацца дэпартацыя, бо ў мяне няма міжнароднай абароны.
Акрамя таго, як заявіла Карач, такім чынам яна спадзявалася вырашыць пытанне з ануляваным пашпартам (хоць пра гэта стала вядома ў снежні 2022 года, на некалькі месяцаў пазней яе просьбы пра абарону). Журналісты ўдакладнілі, з якім дакументам актывістка жыве цяпер. Вольга спаслалася на дзейны від на жыхарства.
- Як вы бачыце, ёсць людзі, якія адкрыта працуюць на рэжым (гэта можна праверыць па адкрытых крыніцах), і не прызнаныя пагрозай, - заявіла яна. - Калі вы думаеце, што я на тым баку, на якім Алёна Красоўская і Артур Гайко (прапагандыстка «СБ. Беларусь сегодня» і супрацоўнік ГУБАЗіК, які працаваў у «Чорнай кнізе Беларусі». - Заўв. рэд.), калі ласка, дэпартуйце мяне ў Беларусь, і вы ўбачыце, што здарыцца. <…> Я вельмі злая, я не адступлюся, я абараню сваё імя, я ведаю, што не агент Расіі ці Беларусі і не перадавала нікому інфармацыю.
Чытайце таксама