Дэпутаты вырашылі даць сілавікам чарговы супердоступ да звестак пра насельніцтва. Згода людзей не будзе патрэбная (калі дакумент зацвердзіць Лукашэнка)
17 красавiка 2024 у 1713347100
«Зеркало»
Дэпутаты парламента 17 красавіка ў другім чытанні зацвердзілі законапраект, якім збіраюцца ўвесці змены ў працу следчых органаў. Гэтым дакументам, як раней паведамлялася, супрацоўнікам Следчага камітэта хочуць дазволіць атрымліваць інфармацыю пра фізічных асоб з розных інфармацыйных сістэм. Прычым без згоды саміх людзей. Таксама ім хочуць дазволіць дыстанцыйны доступ да такіх рэсурсаў.
Супрацоўнікі СК і цяпер могуць запытваць і атрымліваць на бязвыплатнай аснове ад дзяржорганаў і іншых арганізацый інфармацыю, патрэбную для выканання ўскладзеных на ведамства задач. Цяперашнім законапраектам ім могуць палегчыць працу. Так, чыноўнікі хочуць увесці змяненне, паводле якога СК зможа без згоды фізічных асоб атрымліваць звесткі з інфармацыйных сістэм, якія змяшчаюць персанальныя дадзеныя, а таксама мець доступ да іх, у тым ліку дыстанцыйны.
Таксама законапраект прадугледжвае павелічэнне мінімальнага ўзросту прыёму на службу ў Следчы камітэт - з 25 да 28 гадоў. Таксама чыноўнікі хочуць прыбраць абавязак шараговага і малодшага начальніцкага складу СК штогод падаваць дэкларацыі пра даходы і маёмасць.
«Праект закона скіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання парадку перадачы Следчаму камітэту паўнамоцтваў на апрацоўку персанальных звестак, штогадовага дэкларавання даходаў і маёмасці супрацоўнікамі Следчага камітэта, прыёму на службу ў названы камітэт, на ўдакладненне статусу курсанта Следчага камітэта», - удакладнілі 17 красавіка ў парламенце.
Цяпер законапраект пойдзе на разгляд у Савет Рэспублікі, якім кіруе Наталля Качанава, а потым - на стол Аляксандра Лукашэнкі.
Чытайце таксама