Здаецца, да 30-годдзя Лукашэнкі ва ўладзе канчаткова афармляецца яго культ асобы. Мы знайшлі дакумент з пацверджаннямі
18 лiпеня 2024 у 1721283420
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка днямі адзначыць 30-гадовы юбілей ва ўладзе: 20 ліпеня 1994-га адбылася яго першая інаўгурацыя. Апярэдзіўшы нават Іосіфа Сталіна (той кіраваў 29 гадоў), палітык, відаць, вырашыў, што ўжо заслужыў званне не паўжартоўнага «бацькі», а сапраўднага айца нацыі. Яшчэ паўтара года таму «Люстэрка» адзначала, што для фармавання паўнавартаснага культу асобы Лукашэнку не хапае толькі здольнасці ягоных ідэолагаў схіляць масавую свядомасць на карысць «правадыра». З таго часу за гэта ўзяліся сур'ёзна - прапагандысты як ніколі раней усхваляюць Лукашэнку, ягоную «мудрасць», «сілу», «чуласць» і «народнасць». Пра яго пішуць вершы, спяваюць песні, здымаюць захопленыя відэасюжэты. Усё гэта дасягнула апагею ў апошні месяц. Відаць, да юбілею праўлення была пастаўленая задача пераканаць народ, што палітык аднаасобна выратаваў Беларусь ад усяго кепскага, усе дасягненні краіны за 30 гадоў, рост узроўню жыцця - толькі яго заслуга, а без яго Беларусь была б у руінах. Менавіта гэтаму прысвечаная ліпеньская метадычка для ідэолагаў - мы выбралі з яе галоўнае.
Дапаможнік «для сябраў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп» прызначаная для ідэолагаў дзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў, прапагандыстаў, супрацоўнікаў дзяржСМІ і ўсіх, хто задзейнічаны ў ідэалагічнай апрацоўцы грамадзян ад малых да вялікіх. Кожны месяц ім зверху спускаюць новую метадычку, і насельніцтва зазнае «масіраваную атаку» па новай тэме з усіх бакоў.
Звычайна гэтыя дакументы прысвечаныя розным аспектам дзяржаўнай палітыкі, расказваюць пра поспехі эканомікі, навукі, культуры і гэтак далей. Але цяпер упершыню тэмай стала непрыхаванае ўслаўленне асабіста Аляксандра Лукашэнкі. «Моцны лідар - гарант стабільнасці і бяспекі дзяржавы: да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь» - так называецца цяперашняя метадычка. Яна закліканая абгрунтаваць доўгае знаходжанне Лукашэнкі ва ўладзе і паказаць яго кіраванне ў выключна станоўчым святле.
Больш за тое, да «юбілею» адміністрацыя палітыка ўпершыню падрыхтавала метадычку ў чатырох версіях. Ёсць агульны варыянт і тры «класавыя»: для моладзі, інтэлігенцыі і работнікаў рэальнага сектара эканомікі. Усе яны трохі адрозніваюцца зместам і стылем. Мы спачатку раскажам пра «базавую» версію, а потым пра нюансы варыянтаў для розных сацыяльных груп.
«Моцны лідар»
З самага пачатку метадычка наказвае ідэолагам нагадаць аўдыторыі страшны вобраз 90-х, каб потым супрацьпаставіць яму светлае і стабільнае сёння.
«Сёння добрая нагода ацаніць не толькі сучаснасць, але і мінулае суверэннай Беларусі, каб усвядоміць, з якога незайздроснага "стартавага матэрыялу" ўдалося пабудаваць незалежную і суверэнную краіну, скіраваную ў будучыню», - пішуць аўтары метадычкі, пад нагодай маючы на ўвазе 30-ю гадавіну кіравання Лукашэнкі. - «Пасля развалу СССР і здабыцця Беларуссю незалежнасці для маладой беларускай дзяржавы надышоў час эканамічнага хаосу і палітычных авантур, сацыяльнай бязладзіцы і духоўнага крызісу - "тэрору ўсеагульнай галечы"».
«У гэтыя "ліхія" гады грамадства як ніколі мела патрэбу ў нацыянальным лідары, здольным адвесці краіну ад прорвы», - працягваюць ідэолагі, дадаючы, што нейкія заходнія ворагі нібыта хацелі ўзяць Беларусь пад сваё кіраванне. Усю гэтую страшную карціну яны ствараюць акурат для таго, каб абгрунтаваць неабходнасць «моцнай рукі».
Між тым эканамічныя цяжкасці ў 90-х былі характэрныя для ўсіх постсавецкіх краін і не могуць служыць апраўданнем наступнага згортвання дэмакратычных працэсаў. Стартавы патэнцыял Беларусі тады быў не горшы, чым у суседніх краін, пры гэтым у нашай краіне была развітая прамысловасць. Пры ўмелым правядзенні рэформаў нашая дзяржава магла атрымаць праз некалькі гадоў добры эканамічны рост - як гэта здарылася, напрыклад, у Польшчы. Замест гэтага пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі ўсе гэтыя працэсы былі згорнутыя, а гарантыяй росту эканомікі сталі танныя расійскія энерганосьбіты ў абмен на інтэграцыю з РФ. У выніку Беларусь трапіла ў залежнае становішча, не перабудавала эканоміку, прайшла праз некалькі маштабных дэвальвацый і трапіла ў эканамічную стагнацыю, а потым была ўцягнутая ў вайну супраць Украіны, страціла адчувальную долю насельніцтва праз эміграцыю і аказалася абкладзеная санкцыямі. Наўрад ці гэта можна назваць «адвёў краіну ад прорвы».
«Народны суперпрэзідэнт»
Пра прэзідэнцкія выбары 1994 года не расказваецца амаль нічога: ідэолагі не павінныя нагадваць ні пра кандыдатаў, ні пра іх погляды, ні пра тое, як перамозе Лукашэнкі папярэднічаў інсцэніяваны замах на яго. Гаворыцца толькі пра тое, што «карумпаваная наменклатура і нацыяналісты» перашкаджалі народу зрабіць свой выбар, было «беспрэцэдэнтнае супрацьдзеянне адміністрацыйнага рэсурсу», але Лукашэнка перамог, набраўшы ў другім туры 80,34% галасоў.
Між іншым, тыя выбары былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю свабоднымі і сумленнымі - у адрозненне ад усіх наступных, якія праходзілі ўжо пад кантролем самога Лукашэнкі. Метадычка не прыводзіць вынікаў астатніх выбараў, абмяжоўваючыся агульнай фразай, што кожны раз «мандат народнага даверу Лукашэнку пераканаўча пацвярджаўся». Пра парушэнні, фальсіфікацыі, непрызнанне, рэпрэсіі і пратэсты на астатніх выбарах, вядома, таксама ні слова.
Як тлумачыцца далейшая ўзурпацыя ўлады Аляксандрам Лукашэнкам? Аказваецца, усё вельмі проста: Вярхоўны Савет (у той час так называўся беларускі парламент) «блакаваў многія яго рашэнні, скіраваныя на пераадоленне эканамічнага крызісу», таму ён «звярнуўся да народа» і ініцыяваў змяненне Канстытуцыі. І падтрымалі яго нібыта 70,5% выбаршчыкаў.
Аднак абодва рэферэндумы (у 1995 і 1996 гадах), якія дазволілі пазбавіцца ад Вярхоўнага Савета, былі незаконнымі і праводзіліся са шматлікімі грубымі парушэннямі, а іх вынікі не былі прызнаныя дэмакратычнымі краінамі. Гэтыя змены фактычна прывялі да ўсталявання суперпрэзідэнцкай рэспублікі і аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, бо ўся ўлада трапіла ў рукі аднаго чалавека.
Але метадычка падае гэта як пазітыўную з'яву: «У краіне пачалася зусім іншая гісторыя: эпоха не адчаю, а стварэння і развіцця. Так нарадзілася прэзідэнцкая рэспубліка, якая дазволіла нашай краіне дамагчыся значных поспехаў».
«Эканамічны цудатворца»
Аўтары метадычкі спрабуюць прадставіць 30-гадовае кіраванне Лукашэнкі як перыяд стабільнасці і развіцця, калі сам палітык толькі нястомна, самазабыўна і бескарысліва працаваў на карысць народа.
«Плануючы 30 гадоў таму развіццё суверэннай Беларусі, Прэзідэнт на чале дзяржаўнай палітыкі паставіў чалавека, яго інтарэсы і патрэбы», - запэўнівае метадычка.
Далей ідэолагі мусяць распісаць сваім аўдыторыям, якіх поспехаў дасягнула краіна за гэтыя гады. У метадычцы згадваюцца і нанатэхналогіі, і машынабудаванне, і атамная энергетыка, і нават тое, што Беларусь «атрымала статус сучаснай касмічнай дзяржавы» - хоць адпраўка касмічных турыстаў на МКС такога статусу не дае.
Аўдыторыям агучаць шэраг эканамічных паказчыкаў, якія дэманструюць рост узроўню жыцця беларусаў. Напрыклад тое, што «за перыяд 1991−2023 гг. рэальныя грашовыя даходы насельніцтва выраслі амаль у 5 разоў, рэальная заработная плата - практычна ў 7 разоў». А вось пра шматразовыя дэвальвацыі рубля і інфляцыю ідэолагі ўспамінаць не будуць. Як і пра тое, што па аб'ёме ВУП Беларусь знаходзіцца на ўзроўні Літвы, якая ўтрая меншая і насельніцтвам, і плошчай. А калі разлічыць ВУП на душу насельніцтва, то Беларусь утрая адстае ад Літвы і больш чым удвая - ад Польшчы.
У 2023-м агульны аб'ём ВУП склаў у Беларусі 72 млрд даляраў, у Польшчы - 808. Пры гэтым заходняя суседка ўпэўнена расце, а нашая краіна ўжо дзесяць гадоў стагнуе, дагэтуль не вярнуўшыся на ўзровень 2014 года. Ніжэй - графік ВУП на душу насельніцтва (гэта непасрэдны індыкатар ўзроўню жыцця). У Беларусі ў пачатку 90-х ён быў амаль такі ж, як у Польшчы. Але да 2008-га ў нашай краіны гэты паказчык дарос да 6,6 тысячы даляраў, а ў суседкі - да 14 тысяч. За апошнія 15 гадоў разрыў паміж краінамі не зменшыўся. У 2023-м у Польшчы ВУП на душу насельніцтва склаў амаль 23 тыс. даляраў, а ў Беларусі - менш за 8 тыс. У нас няма шанцаў дагнаць суседку ў агляднай будучыні.
«У нас захаваная і памножаная агульнанародная ўласнасць. Нашая эканоміка развіваецца не за кошт нечых падачак, а за кошт нашай уласнай працы», - прыводзіцца цытата Лукашэнкі за 2006 год. Мабыць, «падачкі» - занадта «дробнае» слова для расійскіх субсідый і танных энерганосьбітаў, якімі шмат гадоў забяспечваўся рост беларускай эканомікі. Так, Міжнародны валютны фонд у верасні 2016 года ацэньваў агульную падтрымку беларускай эканомікі з боку Расіі ў 106 мільярдаў даляраў толькі за перыяд 2005−2015 гадоў - то-бок каля 9,7 мільярда даляраў за год.
У метадычцы прыведзены і пералік «знакавых» інфраструктурных і высокатэхналагічных праектаў, якія былі рэалізаваныя «пад кіраўніцтвам кіраўніка дзяржавы» і цяпер «з'яўляюцца драйверамі эканомікі»: БелАЭС, Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», завод «БелДжы», Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (БНБК). Сімптаматычна, што ўсё гэта стварылі за чужыя грошы: БелАЭС прафінансавала Расія ў крэдыт, астатняе - інвестыцыі Кітая. А БНБК, якой так хваліўся Лукашэнка, так і не запрацавала на поўную магутнасць і ўся ў даўгах. Ёсць праблемы і з іншымі згаданымі праектамі.
«Клапоціцца пра людзей»
Асаблівую ўвагу ідэолагі мусяць надаць сацыяльнай палітыцы. Тут падкрэсліваецца нізкі ўзровень беднасці ў Беларусі, даступнасць медыцыны і бясплатная адукацыя. Пры гэтым замоўчваюцца праблемы ў гэтых сферах, такіх як нізкія заробкі медыкаў і настаўнікаў, недахоп сучаснага абсталявання ў бальніцах, адток кваліфікаваных кадраў. А таксама тое, што «бясплатная» адукацыя можа стаць непад'ёмна дарагой, калі адмовіцца працаваць па размеркаванні ці кінуць навучанне (напрыклад, у выпадку мэтавікоў, курсантаў сілавых ВНУ, дактароў-ардынатараў).
Таксама ўсхваляецца клопат пра сем'і з дзецьмі, пенсіянераў. «Асаблівым клопатам» называюць тое, што на выплату пенсій ідзе 9% ВУП (хоць гэта ўсяго толькі сведчыць, што пенсіянераў у краіне вельмі шмат - а гэта акурат вынік няўдалай палітыкі ў галіне дэмаграфіі).
Нагадвае метадычка і пра тое, што Лукашэнка - гэта «бескампрамісны і рашучы» змагар з карупцыяй. У яго, маўляў, «недатыкальных няма» і карупцыянераў арыштоўваюць незалежна ад пасады. Але ідэолагі, мяркуючы з метадычкі, не раскажуць пра тое, што сям'я Лукашэнкі, ягоныя сябры і набліжаныя задзейнічаныя ў мностве карупцыйных схем, якія пранізваюць беларускую эканоміку і сістэму ўлады. Пра гэта напісалі дзясяткі журналісцкіх расследаванняў. «Сямейныя» схемы Лукашэнкі і ягоных блізкіх нядаўна сабраў у адзін матэрыял «Белсат», шмат знаходак зрабілі Беларускі расследавальніцкі цэнтр, «Бюро», Альянс расследавальнікаў Беларусі і іншыя.
Нарэшце, нават тое, як улады Беларусі адрэагавалі на пандэмію каранавіруса, падаецца як поспех Лукашэнкі, што «не паддаўся заходняму ціску» і не закрыў вытворчасці, захаваўшы эканоміку: «Рашэнні аказаліся абсалютна правільнымі і абгрунтаванымі».
Нагадаем, што дагэтуль невядома, колькі людзей памерла ў Беларусі ад каранавіруса - гэтыя звесткі ўлады хаваюць, а статыстыка, якая публікавалася, не мае ніякага дачынення да рэальнасці. Праблему эпідэміі доўга адмаўлялі, а калі людзі пачалі паміраць, Лукашэнка асабіста абражаў загінулых.
«Змагар за мір»
Працягваючы выкарыстоўваць пудзіла «калектыўнага Захаду», аўтары метадычкі пераходзяць да тэмы вайны - спачатку мінулай. Ідэолагі будуць запэўніваць сваіх слухачоў, што гэта заходнія краіны спрабуюць «ператварыць вынікі Другой сусветнай вайны ў інструмент ідэалагічнага супрацьстаяння», а насамрэч гэтым ужо дзясятак гадоў займаюцца расійскія, а потым і беларускія прапагандысты). А таму Беларусі нібыта даводзіцца змагацца за «захаванне гістарычнай праўды» - у краіне нават змянілі Канстытуцыю дзеля гэтага.
Потым ідэолагі павінныя зрабіць пераход да сучаснасці і чарговым разам расказаць сваім аўдыторыям пра тое, як Лукашэнка нібыта абараняе краіну: «Цяперашнім пакаленням беларусаў пашчасціла нарадзіцца і жыць пад мірным небам. І ў гэтым таксама заслуга моцнага прэзідэнта».
Метадычка імкнецца прадставіць яго як міратворца планетарнага ўзроўню: «За гады прэзідэнцтва нашая краіна істотна ўмацавала свае пазіцыі на міжнароднай арэне. Мы не развязалі ніводнага ўзброенага канфлікту, не справакавалі якога-кольвек міжнароднага супрацьстаяння, заўсёды займалі ўзважаную пазіцыю. Прэзідэнт неаднаразова выступаў з трыбуны ААН, іншых міжнародных пляцовак з важнымі ініцыятывамі, актуальнымі для многіх дзяржаваў».
Пры гэтым замоўчваюцца міжнародная ізаляцыя Беларусі пасля падзей 2020 года, фактычны разрыў адносін з Захадам, арганізацыя міграцыйнай атакі на мяжу ЕС і, нарэшце, тое, што Беларусь падтрымала расійскую агрэсію супраць Украіны, дала плацдарм для наземнай атакі і запуску ракет, абслугоўвала і абслугоўвае войскі РФ, вырабляе і рамантуе для іх ваеннае абсталяванне і тэхніку.
«Дэмакрат, які не аддаў каханую»
Метадычка таксама прадстаўляе Лукашэнку як сапраўднага дэмакрата, які 30 гадоў «развівае механізмы дэмакратычнага кіравання» (хоць паводле Канстытуцыі ён наогул мусіў адысці ад улады пасля двух тэрмінаў). У доказ прыводзіцца створаны ім Усебеларускі народны сход - маўляў, праз яго кіраўнік раіцца з жыхарамі краіны. Гэты дэкаратыўны орган, які склікаецца з ліку прыхільнікаў улады, ідэолагі павінныя падаваць як галоўны інструмент нарадаўладдзя.
«У нашай краіне ля стырна знаходзяцца не алігархі, не патомныя кіраўнікі, а людзі, якіх высоўвае на пасады само жыццё. І высоўвае са сваёй гушчы, з народа», - прыводзіцца цытата Лукашэнкі. Гучыць яна асабліва цынічна з улікам таго, што за 30 гадоў кіравання ён сфармаваў вакол сябе вузкае кола набліжаных, многія з якіх, уключаючы яго сыноў, займаюць ключавыя пасады ў дзяржаве.
Не абышлося ў метадычцы без згадкі масавых пратэстаў 2020 года, якія названыя «спробай бунту». Згодна з дакументам, гэта не грамадзяне паўсталі супраць фальсіфікацыі выбараў, рэпрэсій і гвалту, а «ўнікальная сувязь прэзідэнта і народа не магла не выклікаць непрыязнасці нашых замежных апанентаў», якія «спрабавалі хістаць» нашую краіну.
Вось як апісваюцца падзеі чатырохгадовай даўніны. «Один из таких "накатов" мы ощутили в 2020 году. Попытку мятежа предприняли "дутые" главари оппозиции, образы которых были "вылеплены" иностранными политтехнологами, а бюджеты "накачаны" из-за границы», - так пра гэта павінныя казаць ідэолагі, каб разбурыць успрыманне пратэсту як масавага выказвання волі народа, чым ён насамрэч і быў.
Між тым рэйтынгі альтэрнатыўных кандыдатаў былі зусім не «дутыми», што паказаў паспяховы збор сотняў тысяч подпісаў, пра тое ж сведчыла колькасць удзельнікаў мітынгаў Святланы Ціханоўскай перад выбарамі і, нарэшце, пратэсты па ўсёй краіне і маршы ў Мінску на сотні тысяч чалавек. Рэпрэсіі пасля гэтага не спыняюцца пяты год, праз суды і турмы прайшлі дзясяткі тысяч чалавек, а ўлады дагэтуль знаходзяць усё новых іншадумцаў.
Аднак усяго гэтага ідэолагі згадваць не будуць - толькі паспрабуюць пераканаць аўдыторыю, што Лукашэнка ўсё зрабіў правільна, не пайшоўшы на перамовы з народам.
«Наш прэзідэнт не паддаўся шантажу і не абраў шлях уцёкаў, як некаторыя іншыя лідары ў падобных абставінах», - пішуць аўтары метадычкі (відавочны намёк на экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча).
Цяпер жа, гаворыцца ў метадычцы, у Беларусі ідзе «працэс развіцця грамадзянскай супольнасці, раскрываецца патэнцыял грамадскіх актывістаў». Пра тое, што грамадзянская супольнасць у краіне ўжо была развітая, але пасля пратэстаў улады закрылі і разграмілі тысячы грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, знішчылі незалежныя СМІ, пасадзілі і вымусілі эміграваць актывістаў, журналістаў, грамадскіх і культурных дзеячаў, ідэолагі прамаўчаць.
«Збаўца»
У цэлым змест трох «класавых» версій паўтарае агульную метадычку, але некаторыя адрозненні паміж імі ўсё ж ёсць.
Так, дакументы для моладзі і работнікаў рэальнага сектара пачынаюцца з таго, што людзям расказваюць пра «ролю лідара, здольнага аб'яднаць аднадумцаў, прымаць рашэнні і несці адказнасць» - у працоўным калектыве ці ў краіне. Кажуць, што нярэдка «поспехі цэлых народаў звязаныя з выбітнымі асобамі». І такой асобай у Беларусі прадстаўлены Лукашэнка.
Метадычка для інтэлігенцыі выкарыстоўвае складанейшую мову і прыёмы, а яшчэ тут больш пафасу. Тут слухачам прапануецца зірнуць на мінулыя 30 гадоў і падумаць пра тое, што было б з Беларуссю, калі б не Лукашэнка. Зрэшты, далей альтэрнатыўныя сцэнары апісаныя выключна як страшылкі, на фоне якіх курс цяперашняй улады мае выглядаць адзіна правільным. Напрыклад, людзей звыкла палохаюць «шокавай тэрапіяй» (хоць Польшча прайшла яе і пабудавала моцную, хуткарослую эканоміку), алігархамі, распродажам дзяржуласнасці.
«Іншымі словамі, нам была падрыхтаваная роля эканамічнай перыферыі, калоніі, ад якой патрабавалася быць рынкам збыту і крыніцай працоўнай сілы для заходніх эканомік. Праўда, называлася гэта прыгожа - убудавацца ў глабальныя вытворчыя ланцужкі, але замоўчвалася, на якіх умовах і ў якасці каго», - звяртаюцца ідэолагі да адукаваных беларусаў.
Маладых людзей, якія не жылі ў той час, замест гэтага каротка адукоўваюць: заробкі не плацілі ці плацілі прадукцыяй, ежу і патрэбныя тавары прадавалі толькі па талонах.
Далей для інтэлігенцыі намаляваная карціна «палітычнага хаосу» пачатку 90-х: «Радыкальныя авантурысты, нацыяналісты розных масцяў і іншыя прайдзісветы ўжо тады адпрацоўвалі заходнія гранты, патрабавалі ўстанаўлення ў Беларусі парламенцкай рэспублікі». Да прайдзісветаў, мабыць, аднесены ўсе найбуйнейшыя палітыкі і грамадскія дзеячы таго часу, уключаючы аднаго з лідараў БНФ Васіля Быкава.
Аднак сітуацыю выратаваў… не, спачатку не Лукашэнка, а мудры беларускі народ, які, на думку аўтараў дакумента, «распазнаў у мудрагелістых паліттэхналагічных прамовах і ўгаворах бандытаў, што рваліся да ўлады, імкненне падмануць, раскрасці народную ўласнасць, зрынуць краіну ў хаос і галечу», а таму на выбарах 1994 года сказаў «рашучае "не" развалу і заняпаду і голаснае "так" развіццю і незалежнасці» - то-бок прагаласаваў за Лукашэнку.
У метадычках для моладзі і рабочых таксама робяць акцэнт на тым, што ў 90-я квітнелі бандытызм, наркаманія, людзі жылі вельмі бедна, а палітыкі, «карумпаваная наменклатура і нацыяналісты» займаліся толькі інтрыгамі. Хто, на думку ідэолагаў, выцягнуў краіну з гэтай ямы, нам ужо вядома.
«Антырыначнік»
Расказваючы пра тое, як Лукашэнка клапоціцца пра грамадзян, аўтары метадычкі зноў робяць рэверанс «тым, хто мысліць»: «Элітарны падыход у сацыяльнай палітыцы непрымальны. Таму што Беларусь - гэта не алігархічная дзяржава з багатай меншасцю і беднай большасцю, а народная дзяржава. Менавіта таму доступ да медыцыны і адукацыі вызначаецца не памерам кашалька, а імкненнем дзяржавы выхаваць здаровую і разумную нацыю».
У версіях для інтэлігенцыі і моладзі гаворыцца, што ў Беларусі «створаныя ўсе ўмовы для развіцця прыватнай ініцыятывы. За 30-гадовы перыяд дадзеная сфера прагрэсіўна эвалюцыянавала. Сацыяльна арыентаваны, сумленны бізнес мае ўсе магчымасці для росту і развіцця ў самых розных галінах». Распісаныя магчымасці фінансавай і іншай падтрымкі для прадпрымальнікаў. Пра тое, як дзяржава знішчае і «адціскае» бізнесы ў буйных прадпрымальнікаў і інвестараў - ні слова.
Асобна для моладзі напісаны раздзел «У чым сіла нашага прэзідэнта». Адказ - «у здольнасці прымаць незалежныя рашэнні ў інтарэсах свайго народа, нягледзячы на пагрозы ізаляцыі і ціску». Напрыклад, як дасягненне падаецца тое, што ён адмовіўся будаваць свабодную рынкавую эканоміку: нібыта мэтай яе прыхільнікаў было «ўсталяванне вонкавага кантролю» над Беларуссю, і нідзе ў свеце свабоднага рынку няма.
«Айцец нацыі»
Агульная версія метадычкі завяршаецца спробай абгрунтаваць неабходнасць далейшага кіравання Лукашэнкі, прадстаўляючы яго як адзінага гаранта стабільнасці і незалежнасці Беларусі.
Аўтары вырашылі не мудрагеліць і выкарыстаць даўно выпрабаваны патрыярхальны вобраз «бацькі», падносячы яго так, нібыта ён узнік у народзе (насамрэч гэта не так: такую мянушку палітыку падказаў былы кіраўнік аднаго з расійскіх рэгіёнаў).
«З першых гадоў прэзідэнцтва Лукашэнкі ў народзе яго называюць "Бацькам" - за яго блізкасць да народа, любоў да Радзімы, шчырасць і адкрытасць. Спакон веку ў Беларусі склалася, што бацька - гэта першы сярод роўных. Улада ў Беларусі XXI стагоддзя - "свойская", "людская" на чале з сапраўдным нацыянальным лідарам, які ўмее цвёрда пастаяць за сваю краіну і народ», - менавіта так, ні больш ні менш, напісана ў метадычцы, паводле якой ідэолагі і прапагандысты павінныя «апрацоўваць» беларусаў, пераконваючы іх у неабходнасці «моцнай дзяржаўнай улады».
Для «класавых» версій прадугледжаны іншы фінал, хоць і ён пра «кіраўніка ад зямлі». «За гэтыя гады ў Беларусі склалася па-сапраўднаму народная ўлада. Талент, розум, жаданне працаваць на карысць краіны і грамадства - вось умовы трапляння чалавека ва ўладу. Жыццёвы шлях нашага прэзідэнта - яскравы прыклад гэтага», - гаворыцца ў гэтых тэкстах.
«Больш за 30 гадоў мы ідзём… пераступаючы праз санкцыі, палітычныя інтрыгі, шантаж, інфармацыйныя правакацыі. Будуем Беларусь насуперак самым змрочным прагнозам і прадказанням. Нам прарочылі крах нашай дзяржаўнасці ў 1990-я. Наш суверэнітэт ставілі на кон у 2020-м. І тады, і цяпер мы прайшлі па самым краі. Але хапіла мудрасці, сіл, характару захаваць народны здабытак, свае традыцыі, каштоўнасці, гістарычную памяць».
Так ідэолагі замацоўваюць у свядомасці слухачоў ідэю пра тое, што Беларусь увесь час знаходзіцца ў супрацьстаянні з вонкавымі ворагамі, і толькі мудрасць Лукашэнкі ўсе 30 гадоў ратавала і ратуе народ і краіну ад прорвы, а значыць, не можа быць і думкі пра альтэрнатыву.
Прынята да выканання
Пры канцы адзначым, што ўся беларуская прапаганда ўжо некалькі тыдняў актыўна працуе паводле гэтай метадычкі: каб пераканацца ў гэтым, дастаткова ўключыць тэлевізар. Прывядзём адзін яркі прыклад - цыкл кароткаметражных фільмаў «Свои» на СТБ. Яшчэ некалькі гадоў таму ўявіць сабе на найбуйнейшых тэлеканалах такі кантэнт было немагчыма. Але цяпер, калі стаіць задача стварэння культу асобы «айца нацыі», ён падыходзіць як найлепш.
Фільмы адкрываюцца застаўкай, дзе пад душэўную цымбальную мелодыю паказаныя стылізаваныя кадры ўсмешлівага Лукашэнкі: вось ён размаўляе з рабочымі, вось косіць, вось ідзе з моладдзю, а вось абдымаецца з камбайнерам у полі.
Потым на фоне ці то рэальнага фота, ці то калажу, дзе Лукашэнка сядзіць у атачэнні вяскоўцаў, узнікае надпіс «Свои», які дзякуючы чырвона-зялёнай галачцы ператвараецца ў «Свой».
У цыкле ўжо апублікаваныя шэсць фільмаў пра людзей, якія калісьці пагаварылі з палітыкам і гэта ўразіла іх на ўсё жыццё. Жанчына, чыё немаўля ён патрымаў на руках падчас візіту ў радзільню, рабочы, які паскардзіўся на заробак, і Лукашэнка разабраўся з заводам, аграрый, які назваў яго «братаном», вяскоўка, якая яму паспявала, і іншая, якая падарыла труса, і нават падлетак Рома Кагадоўскі, які выратаваў брата на пажары.
Кожны фільм нібы раскрывае адну з асабістых якасцяў Лукашэнкі (якую менавіта - кажуць самі героі і надпіс на ўвесь экран у сярэдзіне фільма). Ён і клапатлівы, і моцны духам, і просты, і родны, і гаспадар, і нават «нармальны».
Гэта дакладнае выкананне метадычкі, дзе сказана: «Бацька - першы сярод роўных». Мэта такога праекта відавочная - стварыць вобраз моцнага, але гуманнага кіраўніка, які клапоціцца пра людзей і гаворыць з імі на роўных.
Чытайце таксама