«Лукашэнка — вельмі жорсткі гандляр». Спыталі эксперта, навошта і каму ўлады паказалі Віктара Бабарыку
9 студзеня 2025 у 1736419800
Аляксандра Рэквісава / «Зеркало»
У сераду, 8 студзеня, Раман Пратасевіч апублікаваў фота і відэа сустрэчы з палітвязнем Віктарам Бабарыкам, пра якога не было ніякіх вестак больш за паўтара года. Чаму беларускія ўлады пайшлі на гэты крок менавіта цяпер? І што хацелі гэтым сказаць? На гэтыя пытанні для «Люстэрка» адказаў Юрый Дракахруст, палітычны аналітык і аглядальнік «Радыё Свабода».
«Зручны пункт адліку для таго, каб "перагарнуць старонку"»
- Галоўны адрасат такой дэманстрацыі - заходнія краіны, - адзначае палітычны аналітык. - У беларускіх уладаў ёсць ідылічная мара - нармалізаваць адносіны з Захадам. Вядома, ім хацелася б нейкай большай ступені прызнання.
На думку суразмоўцы, улады не імкнуцца да ўзроўню прызнання, які быў у 2019 годзе. Тады Лукашэнка наведваў Аўстрыю з візітам, а еўрапейскія і амерыканскія чыноўнікі прыязджалі ў Беларусь. Цяпер усё гэта складана назваць магчымым.
- Насамрэч нейкае прызнанне ёсць і цяпер. Напрыклад, у ААН Беларусь прадстаўляе не Святлана Ціханоўская, а дэлегаты Лукашэнкі. Але вось амбасадары заходніх краін не ўручаюць яму даверчых грамат, што ў пэўнай ступені непрызнанне. І гэта беларускім уладам хацелася б урэгуляваць, - лічыць Юрый Дракахруст і звяртае ўвагу на тое, што сігнал вонкі пасылаюць менавіта перад выбарамі: - Для беларускіх уладаў выбары - зручны пункт адліку для таго, каб «перагарнуць старонку» ў адносінах з Захадам.
Чаму рэжым так шукае ўвагі заходніх краін? Эксперт лічыць, што рэч і ў грашах, і ў палітычным балансе, і ў статусе.
- Гандаль з Еўрасаюзам праз санкцыі абваліўся. Кампенсаваць гэта ў асноўным атрымліваецца. Але не цалкам і за кошт паглыблення залежнасці ад Расіі. Што, увогуле, не вельмі добра не толькі для Беларусі, але і для Лукашэнкі, - разважае суразмоўца. - Асабліва калі ўспомніць, што ў знакамітым артыкуле Уладзіміра Пуціна «Пра гістарычнае адзінства рускіх і ўкраінцаў», якім той фактычна абгрунтоўваў сваю агрэсію ў дачыненні да Украіны, ён мімаходзь адзначаў, што наконт адзінства з беларусамі нічога і тлумачыць не трэба, усё і так ясна.
Эксперт лічыць, што эканамічная залежнасць можа ператварацца ў іншыя залежнасці. Акрамя таго, пагаршэнне сітуацыі з ЕС шкодзіць і гандлю з Кітаем: Беларусь цікавая азіяцкай краіне ў першую чаргу як пункт транзіту, калі транзіт знікае - цікавасць знікае.
- Ну і прэстыж, так. Для такіх палітыкаў гэта вельмі важна - каб цябе прызнавалі, - адзначае Юрый Дракахруст.
«Мы вам паказалі, што ён жывы. Вось і ўсё»
На думку суразмоўцы, у з'яўленні фота Віктара Бабарыкі ёсць таксама пасланне ад уладаў да ўнутранай аўдыторыі. Эксперт агучвае яго так: «Мы не такія кепскія, як ўяўлялася». З гэтым жа пасланнем ён звязвае і восем хваляў памілаванняў палітвязняў у 2024 годзе:
- Рэжым інкамунікада - гэта жудасная рэч, ён ёсць нават далёка не ва ўсіх рэпрэсіўных рэжымах. А тут дэманструецца: «У нас не зусім інкамунікада». Спачатку паказалі фота з Марыяй Калеснікавай, далі ёй магчымасць сустрэцца з бацькам. Бліжэй да выбараў - цалкам відавочна, з першым нумарам у апазіцыі, з Бабарыкам.
Эксперт звяртае ўвагу на тое, што з'яўленне фотаздымкаў палітвязня яшчэ не сведчыць пра заканчэнне ізаляцыі ад вонкавага свету. Ён нагадвае пра Сяргея Ціханоўскага, відэа з якім праўладны тэлеграм-канал публікаваў у ліпені 2023 года, але сувязь з ім не аднавілася. У траўні 2024 года Святлана Ціханоўская заяўляла, што вестак пра мужа няма. Сям'я і адвакаты па-ранейшаму не маглі нічога пра яго даведацца.
- Наўрад ці справа ідзе да таго, што менавіта Бабарыку вызваляць найбліжэйшым часам ці нават абмяняюць, напрыклад, на кагосьці. Я не думаю. Калі рэжым інкамунікада вернецца - значыць, гэта будзе проста жэст: «Мы вам паказалі, што ён жывы. Вось і ўсё», - лічыць суразмоўца.
Юрый Дракахруст дапускае, што ў далейшым улады могуць пайсці на «больш шырокія жэсты» і нават на вызваленне ўсіх палітвязняў. Але толькі ўзамен на нешта вельмі значнае - напрыклад, вяртанне прызнання і зняцце ўсіх санкцый. Праўда, гэта абяцае быць вельмі складаным працэсам. Эксперт адразу нагадвае пра стрымлівальныя фактары працэсу наладжвання сувязяў з Захадам і паслаблення рэпрэсій: гэта «ўважлівыя вочы, якія глядзяць з Крамля» і «галасы супраць», што гучаць унутры краіны.
- Вы бачыце сітуацыю ў грамадстве, нічога падобнага да ўздыму не назіраецца, - адзначае аналітык. - Але, вядома, я думаю, ва ўладзе будуць галасы супраць. І яны ёсць, яны ў яго самога (Лукашэнкі. - Заўв. рэд.) у галаве сядзяць: як адпусціш «лейцы» - адразу ж пачынаецца, пасля 2016 года надыходзіць 2020-ы. Думаю, ён будзе ў гэтым асцярожны.
«Добрай волі ў яго няма»
Цяпер Дракахруст называе важнай сітуацыю з палізняволеным грамадзянінам Польшчы Андрэем Пачобутам. Суразмоўца ўпэўнены: калі Пачобут вызваліцца, найбліжэйшым часам польскія ўлады адкрыюць прынамсі адзін пункт пропуску на мяжы з Беларуссю. Сітуацыя там асабліва абвастрылася ў навагоднія святы: раніцай 8 студзеня праезду чакалі больш за дзве тысячы машын.
- Відаць, за яго (Пачобута. - Заўв. рэд.) Лукашэнка не атрымлівае таго, чаго хоча. Нават аднаго чалавека не могуць выпусціць. Нельга сказаць, што ён на гэта гатовы ў выглядзе жэсту добрай волі, добрай волі ў яго няма, - канстатуе аналітык. - Лукашэнка - вельмі жорсткі гандляр. Я, напрыклад, думаў, што ён вызваліць Пачобута пасля прыходу да ўлады [у Польшчы] новай кааліцыі на чале з Дональдам Тускам. Гэта быў бы вельмі дарэчны жэст: мы адкрываем [новую] старонку, прыходзяць новыя людзі. А вось не. Проста зрабіць жэст добрай волі ён не хоча.
Аглядальнік звярнуў увагу таксама на тое, з кім паказалі Віктара Бабарыку - з экс-рэдактарам NEXTA Раманам Пратасевічам, фота і відэа былі апублікаваныя праз яго тэлеграм-канал. На думку аналітыка, ва ўладаў было мноства спосабаў прадэманстраваць Бабарыку: да яго маглі б пусціць родных, як у выпадку з Марыяй Калеснікавай, адправіць журналіста дзяржСМІ ці проста паказаць запіс з камер відэаназірання, як было з Сяргеем Ціханоўскім.
- А тут пусцілі Рамана. Каб паказаць: вось такая ў нас цяпер грамадзянская супольнасць - у выглядзе Пратасевіча. Тут таксама схаваная думка: «Пратасевіч папрасіў - яму пайшлі насустрач. Калі вы хочаце вызвалення - звяртайцеся да Пратасевіча». Гэта наўрад ці хтосьці сур'ёзна, вядома, успрыняў і ўспрыме, але сігнал такі, - кажа Юрый Дракахруст.
Ён таксама нагадаў, што нейкічас менавіта Пратасевіч публікаваў спісы прозвішчаў людзей, вызваленых па памілаванні. Аднак, на думку эксперта, рэальных рычагоў уплыву на сітуацыю ў былога рэдактара NEXTA няма.
- Гэта імітацыя: такая вось у нас цяпер грамадзянская супольнасць - чым багатыя, тым і радыя. Раней іншае было, а цяпер вось такое. У гэтым сэнсе пэўная ідэйная аналогія - гэта вылучэнне [кандыдатам у прэзідэнты Ганны] Канапацкай. Вось такая ў нас цяпер палітычная альтэрнатыва, а грамадзянская супольнасць - у выглядзе Пратасевіча, - канстатуе аглядальнік.
Чытайце таксама