Кіраўнік МЗС Польшчы запрасіў «прэзідэнта Беларусі» ў Брусэль на сваім самалёце. Але не Лукашэнку
27 студзеня 2025 у 1737956940
Вера Караўская / «Зеркало»
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі назваў Святлану Ціханоўскую сапраўднай прэзідэнткай Беларусі. У сябе ў Х ён апублікаваў відэа, у якім запрасіў лідарку беларускіх дэмсілаў ляцець разам з ім на паседжанне кіраўнікоў МЗС краін ЕС у Брусэлі.
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
Радаслаў Сікорскі ўвечары 26 студзеня выправіўся на паседжанне кіраўнікоў заменапалітычных ведамстваў краін ЕС у кампаніі Святланы Ціханоўскай, якую назваў прэзідэнткай Беларусі.
- Лукашэнка арганізаваў сёння выбарчы фарс, а мы ляцім у Брусэль з чалавекам, якога беларусы насамрэч абралі прэзідэнтам, - заявіў Сікорскі і запрасіў «пані прэзідэнтку» на борт свайго самалёта.
Перамовы кіраўнікоў МЗС краін ЕС пройдуць у Брусэлі 27 студзеня ў рамках паседжання Рады ЕС. У ліку іншых пытанняў плануецца абмеркаваць увядзенне новых санкцый супраць Расіі - гэта будзе ўжо 16-ы пакет санкцый, які плануецца прыняць у сувязі з трэцяй гадавінай агрэсіі Крамля супраць Украіны. Сікорскі прадстаўляе на саміце Польшчу, якая старшынюе ў ЕС у першым паўгоддзі 2025 года.
Нагадаем, напярэдадні кіраўнік польскага МЗС пракаментаваў у сацсетках асноўны дзень выбараў у Беларусі.
«Сёння ў Беларусі прэзідэнцкія "выбары". Чакаць выніку невыносна. Дарэчы, калі ласка, не называйце Лукашэнку "апошнім дыктатарам Еўропы". Гэта несправядліва. Пуцін перасягнуў яго ў злодзействе, рэпрэсіях і ваенных злачынствах», - напісаў ён у Х.
На заяву Сікорскага адрэагавала МЗС Беларусі, якое параіла міністру «не сунуць нос куды не варта», і сам Лукашэнка, які паабяцаў «не ўмешвацца» ў прызначаныя на травень прэзідэнцкія выбары ў Польшчы.
У афіцыйнай заяве МЗС Польшчы выказала расчараванне праведзенымі ў Беларусі выбарамі, якія прайшлі з парушэннем асноўных дэмакратычных працэдур.
Нагадаем, паводле звестак падкантрольнага беларускім уладам ЦВК, за Алега Гайдукевіча прагаласавала 2,02% апытаных; за Ганну Канапацкую - 1,86%; за Аляксандра Лукашэнку - 86,82%, Сяргей Сыранкоў набраў 3,21% галасоў апытаных выбаршчыкаў, Аляксандр Хіжняк - 1,74%, супраць усіх - 3,6%.
Канчатковыя вынікі выбараў будуць падведзеныя 3 лютага.