Лукашэнка памілаваў 42 асуджаных па «палітычных» артыкулах
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Аляксандр Лукашэнка памілаваў 42 чалавекі, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці», паведамілі ў яго прэс-службе.

Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото: TUT.BY
Фота выкарыстанае ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Паведамляецца, што рашэнне пра памілаванне прынятае «напярэдадні святкавання Дня Перамогі».

Сярод памілаваных 18 жанчын і 24 мужчыны. З іх 13 маюць хранічныя захворванні, адзін — інваліднасць. У 24 асуджаных ёсць няпоўнагадовыя дзеці, двое — шматдзетныя. Дзесяць асобаў старэйшыя за 50 гадоў, адна дасягнула пенсійнага ўзросту.

«Усе яны хадайнічалі пра памілаванне, прызналі віну і раскаяліся ва ўчыненым. Міністэрства ўнутраных справаў забяспечыць кантроль за іх законапаслухмянымі паводзінамі», — заявілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Вызваленне палітвязняў пракаментавала лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская. Яна нагадала, што ні адзін з гэтых людзей не мусіў трапіць у турму.

«І пакуль за кратамі застаюцца больш за 1100 палітвязняў, мы патрабуем вызвалення ўсіх — без выключэння. Свабода аднаго — гэта крок, але не канец шляху», — сказала яна.

Са словаў палітыка, дэмсілы ведалі пра вызваленне палітвязняў напярэдадні 9 траўня .

«Гэтыя вызвалення сталі магчымымі дзякуючы салідарнасці. Я ўдзячная кожнаму: грамадзянскай супольнасці, сем’ям, праваабаронцам, дыпламатам, міжнародным партнёрам», — сказала Ціханоўская, асобна падзякаваўшы ЗША, ЕС і прадстаўнікам міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН.

«Мы працягнем працаваць, каб кожная і кожны, хто несправядліва застаецца за кратамі, як мага хутчэй выйшлі на волю. Каб кожны і кожная вярнуліся дадому», — дадала яна.

Апошнія масавыя памілаванні палітвязняў адбываліся ў 2024 годзе — яны нечакана пачаліся ў ліпені мінулага года і гэтак жа нечакана скончыліся ў снежні.

Нагадаем, 7 траўня Лукашэнка падпісаў закон пра амністыю, якая не закране асуджаных па «палітычных» артыкулах.