На Нацыянальным прававым партале з’явіўся праект зменаў заканадаўства па пытаннях барацьбы з карупцыяй. У ім аказаліся нечаканыя рашэнні: напрыклад, цяпер дактары, работнікі сацыяльнай сферы і настаўнікі змогуць прымаць падарункі на большую суму, чым раней. Разам з юрыстам «Люстэрка» вывучыла праект зменаў.
У мэтах бяспекі мы пакінулі эксперта ананімным. Аднак усе яго звесткі ёсць у рэдакцыі.
Адна з нечаканых ініцыятываў законапраекта, які ўносіць папраўкі ў антыкарупцыйнае заканадаўства — гэта павелічэнне памеру «падарункаў», якія могуць атрымліваць некаторыя катэгорыі грамадзян.
Такое змяненне збіраюцца ўнесці ў арт. 546 Грамадзянскага кодэкса. У старой версіі гэтага артыкула гаворыцца, што яны не могуць прымаць падарункі, даражэйшыя за 5 базавых (на сёння гэта 160 рублёў). Аўтары зменаў прапануюць павялічыць гэтую лічбу да 20, то-бок да 640 рублёў.
— Па сутнасці, гэты артыкул распаўсюджваецца на падарункі ад імені малагадовых і прызнаных недзеяздольнымі, а таксама іх законных прадстаўнікоў, на падарункі работніку ўстановы адукацыі, аховы здароўя або сацабслугоўвання, падарункі паміж юрыдычнымі асобамі. У артыкуле гаворыцца, што ў гэтых трох выпадках забаронена дарыць любыя падарункі, кошт якіх перавышае дваццаць базавых велічынь, — тлумачыць юрыст.
Ці закране гэтае змяненне чыноўнікаў, пакуль незразумела. У Грамадзянскім кодэксе ёсць агаворка, што для дзяржслужбоўцаў могуць быць вызначаныя іншыя забароны. Выключэнне робіцца для сувеніраў, якія ўручаюцца падчас пратакольных і афіцыйных мерапрыемстваў. Ці будуць унесеныя дадатковыя папраўкі ў законы, якія датычаць падарункаў дзяржслужбоўцам, стане зразумела пасля афіцыйнага апублікавання паправак.
Юрыст таксама адзначае, што значныя змены закранулі і закон аб пенсіях сілавікам, вайскоўцам, МНС і гэтак далей.
— Пасля ўступлення ў сілу правак, вайсковец, які ў час сваёй службы альбо нават пасля яе заканчэння здзейсніць так званае «экстрэмісцкае злачынства», будзе атрымліваць пенсію без уліку афіцэрскіх каэфіцыентаў, — адзначае эксперт. — У эканамічным плане ён стане проста шараговым салдатам. Наколькі я ведаю, у такім выпадку гаворка будзе ісці пра грашовую розніцу ў разы.
Пра якія крымінальныя артыкулы ідзе гаворка ў праекце? Іх шмат:
- 124 — 126 (акты міжнароднага тэрарызму і напады на ўстановы, якія маюць міжнародную абарону),
- 130 — 133 (распальванне варожасці, рэабілітацыя нацызму, экацыд, найміцтва, а таксама вярбоўка і фінансаванне наймітаў),
- 285 — 293 (стварэнне злачыннай арганізацыі, ваеннага фарміравання, бандытызм і разнастайная тэрарыстычная дзейнасць: акт тэрарызму або пагроза яго здзейсніць, фінансаванне, садзейнічанне і/або навучанне тэрарыстычнай дзейнасці, захоп закладнікаў, будынкаў і збудаванняў, а таксама масавыя беспарадкі),
- 356 (здрада дзяржаве),
- 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады),
- 359 — 3615 (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржчыноўніка, дыверсія, заклікі да санкцый, стварэнне, удзел і фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання, садзейнічанне і падрыхтоўка да экстрэмісцкай дзейнасці).
— Пры гэтым самага папулярнага — 342-га — артыкула (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у гэтым спісе няма, — звяртае ўвагу юрыст. — Гэта значыць, у прынцыпе, што калі вайсковец-пенсіянер хадзіў на мітынгі, яго злавілі і асудзілі, то пенсію ён усё роўна будзе атрымліваць як афіцэр.
Што да астатніх правак, то, на думку юрыста, яны «ніяк не мяняюць заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй».
— У маім разуменні гэта такія касметычныя змены. Я б сказаў, закон іх проста парадкуе, з юрыдычнага пункту гледжання больш карэктна прапісвае фармулёўкі. Трохі змяняецца парадак дэкларавання маёмасці і падачы дакументаў для гэтага, ідзе ўпарадкаванне тэрмінаў, каб яны не супярэчылі адзін аднаму. Аднак у цэлым вялікай розніцы ў зменах я не ўбачыў, — заключае эксперт.