З мінулага тыдня УСУ прасоўваюцца ўглыб Курскай вобласці Расіі. У нядзелю, 11 жніўня, украінская армія зайшла яшчэ ў адзін раён — Бялоўскі. На гэты момант каля 180 тысяч жыхароў Курскай вобласці падлягаюць эвакуацыі. Таго, што адбываецца, нібыта не заўважае МЗС Беларусі: заклікаў пакінуць краіну ці небяспечныя раёны не было. Што ж рабіць нашым грамадзянам, якія жывуць у Курскай вобласці, і ці будуць дапамагаць тым, хто апынуўся на захопленых тэрыторыях? Мы спыталі пра гэта ў амбасады Беларусі ў Расіі.
Тэрытарыяльна Курская вобласць адносіцца да аддзялення амбасады Беларусі ў Смаленску. Але на сайце МЗС гаворыцца, што праца гэтага філіяла прыпыненая, таму звяртацца па ўсіх пытаннях трэба ў амбасаду ў Маскве.
Туды нашая журналістка патэлефанавала як беларуска, у якой на тэрыторыі вобласці знаходзяцца родныя.
Праўда, інфармацыі пра тое, што адбываецца, у амбасады няшмат, хоць пра ўварванне УСУ на тэрыторыю Расіі стала вядома яшчэ 6 жніўня.
— Пакуль звестак па беларусах няма. Мы зрабілі запыты да Расійскай Федэрацыі, чакаем адказу, — сказаў супрацоўнік амбасады.
— Ці будзе арганізаваная нейкая магчымасць вывезці людзей [з занятых УСУ тэрыторый]?
— Вывезці… Ну, у прынцыпе, усё магчыма. Проста пакуль чакаем інфармацыі, і калі будзе нейкая ўжо інфармацыя ад расійскага МЗС, тады ўжо будзе больш зразумела.
Тым беларусам, якія знаходзяцца ў Курскай вобласці, супрацоўнік амбасады параіў або самастойна з’язджаць, або рыхтавацца да таго, што прыйдуць украінскія войскі (таксама самім).
— Канкрэтнай інфармацыі няма. Я вам проста магу параіць, калі ёсць магчымасць, вядома, з тых абласцей лепш выехаць, — сказаў ён. — Але калі няма варыянтаў пакідаць [месца жыхарства], тады запасціся вадой і ежай на найбліжэйшыя двое сутак, каб быў запас. Ну і слухаць тэлевізар, навіны па радыё. Мясцовыя органы павінныя будуць апавясціць [пра прасоўванне УСУ].
Што да цэнтралізаванай эвакуацыі, то цяпер асобна для беларусаў яе няма. Але, са словаў супрацоўніка амбасады, яе праводзяць расійскія ўлады і толькі ў некаторых памежных населеных пунктах.
— Эвакуацыя дакладна праводзіцца, але з нейкіх вёсак. Па непасрэдна Курску пакуль не вядома. Але сёння-заўтра інфармацыя мусіць быць ужо дакладна. Не хвалюйцеся, усё будзе добра, — паспрабаваў супакоіць ён.
Нагадаем, атака на Курскую вобласць пачалася раніцай 6 жніўня. Да 9 жніўня з’явіліся фотапацверджанні прысутнасці ўкраінскіх вайскоўцаў у райцэнтры Суджа. Паводле інфармацыі «Агентства», самы далёкі ад мяжы пункт, дзе, паводле звестак на 11 жніўня, праходзілі баі, — вёска Агульны Калодзеж у Каранёўскім раёне РФ (28 км да мяжы, усяго 9 км ад дарогі Льгоў — Рыльск). Паводле звестак на 12 жніўня, з пачатку атакі загінулі 12 чалавек, паранены — 121.
Чытайце таксама