Некаторым вязням СІЗА № 1 на Валадарскага — знакамітай Валадаркі — выдалі паведамленні, што ў студзені 2024-га іх перавядуць у новы будынак у Калядзічах. Пасля канчатковага пераезду следчага ізалятара (тэрмін шмат разоў пераносіўся, а таму дата дакладна не вядомая) Пішчалаўскі замак, у якім ён размяшчаецца, мусяць аддаць гораду. Чакаецца, што пасля гэтага гістарычны аб’ект адрэстаўруюць. Успамінаем гісторыю гэтага без перабольшання легендарнага будынка: як ён з’явіўся, хто яго ўзводзіў, хто з вязняў там сядзеў і ці былі магчымыя ўцёкі з яго.
Пішчала і яго замак
Ранняя гісторыя Пішчалаўскага замка шмат у чым вядомая нам дзякуючы шматгадовым пошукам даследчыка Дзмітрыя Дразда — аўтара шэрагу артыкулаў і абагульняльнай кнігі «Минский тюремный замок. Часть 1. Побеги». Сярод іншага ў ёй была падрабязна даследаваная біяграфія Рудольфа Пішчалы, у гонар якога аб’ект і атрымаў сваю першую назву.
Пішчала нарадзіўся ў 1788 годзе яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім, што было часткай Рэчы Паспалітай. Калі хлопчыку было сем гадоў, гэтую краіну падзялілі суседзі. Беларусь трапіла ў склад Расіі, дзе Рудольф і пражыў усё астатняе жыццё.
Месца нараджэння Пішчалы — фамільны маёнтак Гарадзішча, размешчаны на паўднёвым захадзе ад сталіцы (цяпер побач з МКАД). Паводле адной з версій, менавіта там і знаходзіўся летапісны Мінск, які потым нібыта «пераехаў» да месца зліцця Нямігі і Свіслачы. У 1811 годзе Рудольф скончыў Віленскі ўніверсітэт і пачаў сваю паўвяковую чыноўніцкую кар’еру: многія гады ён узначальваў розныя палаты суда — павятовага, крымінальнага і цывільнага. У мінскім грамадстве Пішчала быў сваім чалавекам. У чымсьці яму дапамагалі і сямейныя сувязі: бацька яго другой жонкі ў мінулым быў мінскім віцэ-губернатарам.

Забягаючы наперад, скажам, што ў 1863 годзе — калі адбывалася паўстанне, якое ў Беларусі ачольваў Кастусь Каліноўскі, — Пішчала быў старшынёй Мінскай палаты цывільнага суда і меў высокі чын сапраўднага стацкага саветніка, што адпавядала вайсковаму чыну генерал-маёра. Але рашэннем віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва (за крывавае здушэнне паўстання ён атрымаў мянушку «Вешальнік») Пішчалу адправілі ў адстаўку і ўвялі паліцэйскі нагляд за ім. Праз тры гады, у 1866-м, Рудольф памёр у сваім маёнтку Гарадзішча. Ці быў Пішчала неяк звязаны з паўстанцамі, незразумела, але адно відавочна: расійскія ўлады чамусьці менавіта ў гэты перыяд палічылі яго нелаяльным.
Дык вось пра замак. У 1821-м востра ўстала пытанне пра будаўніцтва ў Мінску новай турмы. Старая ўяўляла з сябе звычайны драўляны флігель, абнесены частаколам. Размяшчаўся ён на Губернатарскай вуліцы (сучасная Леніна) — цяпер на гэтым месцы знаходзіцца 3-я гарадская клінічная бальніца імя Клумава.
Як піша ў сваёй кнізе Дзмітрый Дрозд, акрамя дзяржаўнай службы Пішчала часта ўдзельнічаў у розных таргах, каб атрымаць выгадныя для сябе кантракты ці падрады. Гэта было для яго формай дадатковага заробку. Менавіта 33-гадовы функцыянер і прапанаваў гарадскім уладам самыя выгадныя ўмовы — а ў снежні 1821-га выйграў публічныя таргі (гаворачы сучаснай мовай, тэндар) на будаўніцтва. Для размяшчэння турмы ён прапанаваў тагачасную ўскраіну Мінска — гару ў Раманаўскім прадмесці. Будаўніцтва завяршылася ўжо ў снежні 1824-га, а 30 студзеня (паводле новага стылю — 11 лютага) 1825 года Пішчалаўскі замак прыняла камісія, пасля чаго ён пачаў выкарыстоўвацца па прызначэнні.
Зрэшты, ці то невядомы архітэктар дапусціў памылкі, ці то халтурылі будаўнікі, але цягам наступных 40 гадоў турму некалькі разоў рамантавалі — прычым капітальна. Дастаткова сказаць, што агульны бюджэт пабудовы пацягнуў на 64,8 тысячы рублёў срэбрам, а рамонт за названы перыяд — на 32,2 тысячы, то-бок палову ад яе кошту (давялося перакласці дах, драўляныя перакрыцці і многае іншае). Турэмная царква наогул аказалася пабудаванай алтаром на захад, хоць, згодна з праваслаўнай традыцыяй, мусіць быць на ўсход. Святар адмовіўся асвяціць як гэты будынак, так і ўвесь астрог. Але трухлявасць старой турмы змушала спяшацца з пераездам. Таму святар асвяціў толькі астрог, а царкву перабудавалі ў 1829-м.
Слова «замак», якое ўжо гучала ў гэтым тэксце, у дачыненні да будынка на вуліцы Валадарскага не зусім карэктнае. Такая назва замацавалася пад уплывам Расійскай імперыі, дзе «замкамі» традыцыйна называлі турмы ці астрогі. У Мінску гэты будынак усе гады свайго існавання дзейнічаў толькі як турма — і ніяк інакш.
Дарэчы, у інтэрнэце дагэтуль гуляюць міфы пра архітэктурную ўнікальнасць Пішчалаўскага замка. Але, паводле Дразда, гэта звычайны тыпавы праект губернскай турмы: будынкі такога ж выгляду былі пабудаваныя ў Астрахані, Ніжнім Ноўгарадзе, Харкаве, Уладзіміры (той самы Уладзімірскі цэнтрал, дзе «ветер северный») і іншых гарадах Расійскай імперыі.

Умовы ўтрымання ў новай мінскай турме, асабліва ў першыя гады, змушалі жадаць лепшага. Так, у 1832 годзе правяральнікі знайшлі многіх арыштантаў «носящих только рубище, едва прикрывающее наготу», убачылі, што вязні «всё время содержания находятся в одной рубашке, не имея другой для перемены, так что от нечистоты и неопрятности покрываются коростами». Паступова сітуацыя палепшылася, але, як мы ўбачым пазней, не радыкальна.
Першапачаткова мінскі турэмны замак быў двухпавярховым. Але, як пісаў Дрозд, у ім быў і падвал, дзе размяшчаліся камеры для сакрэтных арыштантаў, кухня, майстэрні і гэтак далей. Аднак камеры былі пастаянна перапоўненыя. У іх сядзелі і ўдзельнікі паўстання 1830−1831 гадоў, і 1863−1864 гадоў, і людзі, якіх адпраўлялі на чарговы этап. Ужо ў 1884 годзе паўстала пытанне пра будаўніцтва ў Мінску яшчэ адной турмы ці новага будынка. Але ў выніку вырашылі проста дабудаваць яшчэ адзін, трэці, паверх (яго будаўніцтва завяршылася ў 1890-м) да Пішчалаўскага замка.
Уцёкі і знакамітыя арыштанты
Працуючы ў архівах, Дзмітрый Дрозд знайшоў інфармацыю пра некалькі дзясяткаў спробаў уцёкаў з Валадаркі, частка з якіх скончылася ўдала.
Першая вядомая спроба адбылася ўжо праз шэсць гадоў пасля таго, як турма пачала працаваць, — 18 траўня 1831 года. Падчас здушэння паўстання 1830−1831 гадоў турэмны замак быў нечувана перапоўнены — арыштантаў трымалі нават у хляве. Магчыма, менавіта такія цяжкія ўмовы падштурхнулі зняволеных да мяцяжу. Яны захапілі ў ахоўнікаў зброю і паспрабавалі напралом прабіцца праз браму. Але аказалася, што стрэльбы паставых былі незараджаныя. Адзіную небяспеку неслі штыкі, якімі арыштанты паранілі аднаго ахоўніка. Але пакуль зняволеныя спрабавалі адкрыць вонкавую браму, па трывозе з мінскага гарнізона прыбыло каля 50 вайскоўцаў, якія акружылі будынак — арыштанты зразумелі, што прайгралі, і самі вярнуліся ў камеры.
Пакуль ішло следства, па якім праходзіла аж 32 арыштанты, пяцёра з іх здзейснілі першыя ўдалыя ўцёкі з Пішчалаўскага замка. Ім дапамагла Магдаліна Астравушкоўна, якая была служанкай наглядчыка мінскай турмы. Яна закахалася ў аднаго са зняволеных, а той паабяцаў з ёй ажаніцца, калі дзяўчына дапаможа яму ўцячы. У сваю чаргу яго аднакамернікі абяцалі даць ёй шмат грошай і добрую працу. Дзяўчына скрала ў наглядчыка ключ і паведаміла пра гэта арыштантам. Тыя выламалі краты ў акне камеры, выбраліся на двор і адчынілі браму ключом.
Дзяўчыну ў выніку падманулі, а ўсіх уцекачоў злавілі цягам паўгода. Дарэчы, за спробу ўцёкаў іх ніяк не пакаралі. Як піша Дрозд, гэта было тыпова для Расійскай імперыі — злоўленых зняволеных проста адпраўлялі адбываць старыя тэрміны.
Зняволеныя Пішчалаўскага замка выпрабавалі на практыцы практычна ўсе віды ўцёкаў. Вядомыя выпадкі, калі яны мяняліся адзеннем з ахоўнікам або з наведнікам (падчас спаткання), кралі ў супрацоўнікаў ключы ці рабілі іх самі, перапілоўвалі краты ці выбівалі іх, выкарыстоўвалі падкопы ці праломы. Зрэшты, часцей за ўсё зняволеныя — як у Расійскай імперыі, так і нейкі час пасля 1917 года — уцякалі, калі іх адпраўлялі на працы ў горад (чысціць снег, брукаваць дарогі і гэтак далей).
А ў пачатку ХХ стагоддзя Пішчалаўскі замак аказаўся ў эпіцэнтры гістарычных падзей. У студзені 1905 года ў Расійскай імперыі пачалася рэвалюцыя, выкліканая комплексам прычын (самадзяржаўе, адсутнасць дэмакратычных свабод, малазямелле сялян, эканамічны крызіс, паразы падчас вайны з Японіяй). Увосень у краіне пачалася Усерасійская кастрычніцкая палітычная стачка. Пад пагрозай страты ўлады царская адміністрацыя пайшла на саступкі.
17 кастрычніка з’явіўся Найвышэйшы Маніфест імператара Мікалая II, згодна з якім краіна фактычна рабілася канстытуцыйнай манархіяй. Ствараўся парламент, абвяшчаліся шматлікія дэмакратычныя правы і свабоды. На наступны дзень тысячы мінчукоў запоўнілі плошчу Свабоды, дзе знаходзілася рэзідэнцыя мінскага губернатара Паўла Курлова. У яго запатрабавалі неадкладна вызваліць усіх зняволеных: як палітычных, так і крымінальных. Ён пагадзіўся.
Пасля гэтага натоўп выправіўся да Пішчалаўскага замка, каб на свае вочы ўбачыць вызваленне вязняў. А ахоўнікі спалохаліся штурму будынка. «Начальнік вайсковай варты папярэдзіў, што ён не мае права падпусціць яго (натоўп. — Заўв. рэд.) да варты бліжэй за 50 крокаў і што калі маніфестанты не падпарадкуюцца яго законнаму патрабаванню, ён адкрые агонь», — пісаў у мемуарах Курлоў. Людзі спыніліся, дачакаліся вызвалення арыштаваных і разам з імі пайшлі да чыгуначнага вакзала, дзе з невядомых дагэтуль прычынах здарылася бойня — Курлоўскі расстрэл (паводле розных звестак, забілі ад 50 да 80 дэманстрантаў, каля 300 паранілі).
Зрэшты, удзел Пішчалаўскага замка ў першай рускай рэвалюцыі гэтым не скончыўся. Нягледзячы на бойню, улады ніяк не пакаралі Курлова. Тады сябра палітычнай партыі эсэраў Іван Пуліхаў паспрабаваў адпомсціць і ў 1906-м учыніў на яго замах — кінуў у Курлова бомбу, якая, праўда, не выбухнула. Пра планы Пуліхава загадзя даведаліся ў паліцыі. Двайны агент даставіў бомбу ў Мінск, але перад гэтым дастаў з яе дэтанатар. Пасля следства Пуліхава пакаралі смерцю, павесіўшы акурат у Пішчалаўскім замку.
А ў 1908 годзе вязнем замка стаў настаўнік Канстанцін Міцкевіч, які ўвайшоў у гісторыю пад псеўданімам Якуб Колас. Прычынай арышту будучага класіка беларускай літаратуры стаў яго ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, які прайшоў яшчэ ў 1906-м. Зрэшты, непасрэдна Коласа абвінавачвалі ў тым, што пасля з’езду ён складаў антыўрадавыя пракламацыі. Пазней высветлілася, што іх пісаў іншы чалавек, але пісьменніка асудзілі на тры гады зняволення.

«Высачэзная жалезная брама знізу, метры на два з палавінаю, была зроблена з суцэльнага жалеза, а да самага верху ішлі тоўстыя металічныя штакеціны з вузкімі прасветкамі. Яна адгароджвала будынак астрога і кантору ад знешняга свету. Прабрацца праз браму без належных прыстасаванняў было немагчыма. Старшы канвойнай каманды пастукаў кулаком. У жалезнай сцяне брамы адчыніліся дзверцы, таксама жалезныя. Адтуль выглянуў вусаты пануры твар астрожнага прываротнага. Зірнуўшы на канвой і на арыштаваных, ён моўчкі прыадчыніў вароты і прапусціў іх у кантору», — успамінаў пісьменнік свой жыццёвы досвед у кнізе «На ростанях».
А вось яшчэ адзін яго штрых пра Пішчалаўскі замак: «Ужо было цёмна. Пануры астрог цьмяна асвятляўся газоўкамі, ад гэтага вокны здаваліся сляпымі. На жалезных прутах віселі торбы, клуначкі з арыштанцкім скарбам. Заўважаліся ў вокнах і твары жыхароў гэтага жудаснага дома, аднак здавалася, нібы гэта мітусіліся не людзі, а іх цені».
Колас адбыў у Пішчалаўскім замку ўвесь свой тэрмін і выйшаў на волю праз тры гады, у 1911-м. Акрамя яго ў гэтым будынку ў розныя гады сядзелі і іншыя людзі. Напрыклад, вядомы беларускі пісьменнік Карусь Каганец, будучы стваральнік ВЧК (папярэдніцы НКУС і КДБ) Фелікс Дзяржынскі, лідар Польшчы Юзаф Пілсудскі і іншыя. Так, Пілсудскі знаходзіўся ў мінскай турме пад следствам і адсюль быў адпраўлены ў далёкую сібірскую высылку, а Дзяржынскі як мінімум чатыры разы праходзіў з этапам праз замак, скіроўваючыся ў высылку, а потым і на катаргу.
Рэвалюцыя і сталінскія рэпрэсіі
У 1917 годзе ў Расійскай імперыі адбылася новая рэвалюцыя. Вятры свабоды ненадоўга змянілі і жыццё мінскай турмы — адтуль прыбралі ахову.
Даследчык Сяргей Крапівін цытаваў у сваім матэрыяле поўны захаплення артыкул таго часу: «Караулы несут сами арестанты. В настоящее время в тюрьме царит полный порядок. Волнения уголовных под влиянием слухов о предстоящем смягчении их участи вполне улеглись. Порядок в тюрьме поддерживается образцово. Внутренние караулы несут также сами арестанты. [Ілюстрацыяй таго,] насколько в тюрьме установился порядок, может служить тот факт, что на днях прибывшему в час ночи в тюрьму помощнику начальника милиции Ереневу открывал все двери, не исключая наружной, арестант, осужденный к 10-летней каторге. В связи с бегством 8 марта некоторого числа уголовных у многих минчан явилось опасение, что в городе участятся кражи и другие преступления. Однако оказывается, что опасения эти напрасны. Большинство бежавших добровольно вернулось в тюрьму или задержаны милиционерами при содействии солдат и городских жителей».
Але неўзабаве ў горадзе пачасціліся рабаванні. І паступова ўсё вярнулася — ахова зняволеных была адноўленая.
У 1922 годзе вуліцу, на якой знаходзіўся Пішчалаўскі замак (спачатку яна была Турэмнай, потым Сярпухаўскай), перайменавалі ў Валадарскага. Рэвалюцыянер-марксіст В. Валадарскі (менавіта так, без поўнага імені і з кропкай, выглядае яго псеўданім, сапраўднае імя — Майсей Гальдштэйн) ніяк не быў звязаны з Беларуссю. А вось у Петраградзе праславіўся закрыццём непажаданых уладам газет. Як бы там ні было, праз гэта турма з часам атрымала новую неафіцыйную назву — Валадарка, якая паступова выцесніла папярэднюю назву — Пішчалаўскі замак.
За савецкім часам у ім утрымліваліся як крымінальнікі, так і палітычныя зняволеныя. Так, у 1924-м сюды прывезлі Барыса Савінкава — знакамітага тэрарыста і эсэра, арыштаванага падчас нелегальнага пераходу савецка-польскай мяжы ў раёне Заслаўя. Гэта быў фінал знакамітай аперацыі савецкіх спецслужбаў пад назвай «Сіндыкат-2», падчас якой бальшавікам удалося завабіць аднаго з галоўных сваіх праціўнікаў на савецкую тэрыторыю і арыштаваць. Пазней яго пераправілі ў адну з маскоўскіх турмаў, дзе Савінкаў загінуў у загадкавых абставінах (магчыма, быў забіты).
А ў трыццатыя гады Валадарка стала месцам зняволення «ворагаў народа». «З „амерыканкі“, унутранай турмы НКВД у Мінску, мяне перавялі ў старую турму на вуліцы Валадарскага. Пасля адзіночкі ў „амерыканцы“, дзе я амаль развучыўся гаварыць, у вялікай „замкавай“ камеры, нягледзячы на глыбокую ноч, мяне сустрэлі — бог ты мой! — сябры-пісьменнікі Сяргей Дарожны, Сымон Куніцкі, Макар Шалай. <…> На прагулку нас выводзілі ў турэмны двор, які быў разбіты на маленькія клетачкі метраў па дваццаць — дваццаць пяць. У гэтых клетках мы і хадзілі кругам. <…> Кругам у клетках», — успамінаў паэт Сяргей Грахоўскі.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай эліты. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як «Ноч расстраляных паэтаў». У інтэрнэце часам можна знайсці згадку, што расстрэлы нібыта праходзілі менавіта ў сутарэннях замка. Але, як піша даследчык Леанід Маракоў, гэта некарэктна: расстрэлы ўсё ж праходзілі ў суседняй унутранай турме НКУС, а ўжо затым трупы адвозіліся ў Курапаты.
Але зняволеныя Валадаркі таксама былі ахвярамі рэпрэсій. Калі ўзяць герояў згаданага вышэй фрагменту ўспамінаў, то Шалай быў забіты якраз у «Ноч расстраляных паэтаў» (раней яго збіццём давялі да шызафрэніі). Грахоўскі прабыў доўгія гады ў лагерах. А Дарожны і Куніцкі памерлі ў ГУЛАГу.
Другая сусветная
У 1939 годзе пачалася Другая сусветная вайна. Спачатку Адольф Гітлер, а затым і Іосіф Сталін напалі на Польшчу. Тысячы вайскоўцаў, паліцэйскіх і службоўцаў з гэтай краіны трапілі ў савецкі палон. Салдат — беларусаў і ўкраінцаў па нацыянальнасці — адпусцілі па дамах, а для вайсковых элітаў былі створаныя асобныя лагеры — альбо іх прадстаўнікі знаходзіліся ў турмах.
У першыя дні сакавіка 1940 года кіраўнік НКУС Лаўрэнцій Берыя адправіў Сталіну ліст. Ён прапанаваў разглядаць справы польскіх палонных «у спецыяльным парадку, з прымяненнем да іх найвышэйшай меры пакарання — расстрэлу».

Сталін напісаў на лісце Берыі «за». Пытанне аформілі пастановай Палітбюро ад 5 сакавіка 1940 года. Згодна з ёй, справы змешчаных у лагеры для ваеннапалонных людзей прадпісвалася разглядаць так, як і прапаноўваў Берыя, — «у спецыяльным парадку» (у паскораным тэмпе, без адваката і права на абскарджанне), а палонных расстрэльваць. Гаворка ў пастанове ішла пра 14 700 чаавек — «былых польскіх афіцэраў, чыноўнікаў, памешчыкаў, паліцэйскіх, выведнікаў, жандараў, асаднікаў (польскія перасяленцы, якія атрымалі зямельныя надзелы на тэрыторыях Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. — Заўв. рэд.) і турэмшчыкаў». А таксама пра 11 тысяч іншых, якія знаходзіліся ў турмах заходніх абласцей Украіны і Беларусі. Іх называлі сябрамі «розных к-р [контррэвалюцыйных] шпіёнскіх і дыверсійных арганізацый».
22 сакавіка 1940 года Берыя падпісаў загад, згодна з якім у тым ліку прадпісвалася перавезці тры тысячы арыштаваных з турмаў заходніх абласцей Беларускай ССР на Валадарку. З нейкіх прычын у Мінск з канца сакавіка да ліпеня адправілі 1800 чалавек, 99% з іх былі расстраляныя. Яны і склалі «беларускі катынскі спіс» (Аляксандр Лукашэнка адмаўляе яго існаванне) — то-бок пералік польскіх ваеннапалонных, забітых на тэрыторыі Беларусі.
У 1941 годзе Мінск акупавалі нацысты. Як расказваў гісторык Анатоль Шаркоў, у гады Другой сусветнай яны выкарыстоўвалі памяшканні Пішчалаўскага замка пераважна для падследнага цывільнага насельніцтва. Напрыклад, жыхарку вёскі Ахоцічы Кіраўскага раёна Стэфаніду Камінскую кінулі ў замак за адмову аддаць паліцэйскаму што-небудзь з хатніх рэчаў. Яе змясцілі ў камеру № 10 разам з Вольгай Шчарбацэвіч, яе сястрой Надзеяй Янушкевіч і іншымі жанчынамі, якія ўваходзілі ў падпольную групу Лявонція Адзінцова, што дзейнічала ў беларускай сталіцы ў гады акупацыі (у гонар гэтага чалавека названая вуліца на захадзе Мінска).

Вось што ў сваіх успамінах пісала Камінская: «Вольга [Шчарбацэвіч] сплывала крывёю, вельмі перажывала за сына. У Надзеі Янушкевіч грудное дзіця на яе вачах выкінулі з акна трэцяга паверха. Усе яны прасілі, каб тыя, хто выжыве, не забылі пра падпольную групу, якой кіраваў Адзінцоў».
Менавіта з Валадаркі ў 1941 годзе павялі да месца пакарання смерцю трох іншых вядомых удзельнікаў мінскага падполля: Кірыла Труса, Уладлена Шчарбацэвіча і Марыю Брускіну.
Сярод вязняў замка ў той час была і бабуля галоўнай рэдактаркі партала TUT.BY Марыны Золатавай, асуджанай беларускім судом у сакавіку гэтага года на 12 гадоў калоніі. Яна была доктаркай, у гады вайны дапамагала хаваць габрэйскіх дзяцей, трымала сувязь з партызанамі. За гэта яе і адправілі ў турму. «Першае, што я падумала, калі мы сюды трапілі, — што мая бабуля падчас акупацыі сядзела вось тут, у падвале на Валадарцы, — успамінала галоўрэд TUT.BY. — І калі нас вядуць на шпацыр праз скляпеністы падвал, я ўспамінаю яе аповеды і думаю: ці не той гэта падвал? Яна цудам унікла смерці, яе павінныя былі расстраляць. Потым яе пагналі ў палон. Але яна вярнулася дадому, і мы вернемся».
Як пісалі ў сваіх дакладах партызаны, падчас вайны дзённая норма харчавання на Валадарцы складала 75 грамаў хлеба, а адзін літр халоднай вады выдавалі на пяць сутак.
Паводле сцверджанняў таго ж Шаркова, пасля вайны ў камерах турмы трымалі нямецкіх генералаў і нацысцкіх злачынцаў.
«Суччына вайна» і кіно дзевяностых
Ужо пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў савецкіх папраўчых установах сутыкнуліся ў «разборках» дзве катэгорыі асуджаных: тыя, што жылі «па паняццях» і ніяк падчас вайны не супрацоўнічалі з дзяржавай, і тыя, што ваявалі ў складзе Чырвонай арміі, дзякуючы чаму выйшлі на волю, але потым зноў трапілі ў лагеры. Гэтыя падзеі вядомыя як «суччына вайна».
На гэтыя разборкі ўскосна паўплывала і далучэнне Заходняй Беларусі да СССР. Пасля 1939 года на Валадарку трапілі і «польскія» крымінальнікі, якія сядзелі ў заходнебеларускіх турмах (сярод іх былі як этнічныя палякі, так і беларусы з украінцамі). Але гэтыя людзі не прызнавалі расійскі злодзейскі закон і адмаўляліся жыць паводле акрэсленых у СССР «паняццяў». Крадучы, яны маглі адначасова працаваць барменамі, цырульнікамі і гэтак далей. А таму не бачылі праблемы ў тым, каб служыць у войску. А вось з пункту гледжання савецкіх злодзеяў, яны такім чынам станавіліся «ссучанымі».
Гэтае супрацьстаянне цягнулася аж да сярэдзіны 1950-х. Дарэчы, Валадарку тады кантралявалі менавіта «палякі».
У 1960-я мінская турма атрымала сучасную назву — стала Следчым ізалятарам № 1. Усе наступныя гады ў ёй працягвалі сядзець людзі: як па крымінальных артыкулах, так і (пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі) па палітычных.
Доўгі час Валадарка была закрытым рэжымным аб’ектам, пакуль не здарыўся цуд. Дакладней, дзяржаве спатрэбіліся грошы.
У канцы дзевяностых там нават здымалі фільм: прадзюсар і рэжысёр Менахем Голан выпусці нізкабюджэтную стужку Lima: Breaking the Silence («Ліма: Парушаючы маўчанне»). У ім Мінск сыграў ролю сталіцы Перу, а СІЗА на Валадарскага ператварылася ў турму, што знаходзіцца ў джунглях.
Мяркуючы з усяго, заробленыя тады сродкі выдаткавалі зусім не на рамонт будынка: у красавіку 2008 года абвалілася заходняя вежа замка. Ужо тады пайшлі размовы пра неабходнасць пераезду СІЗА. Меркавалася, што новы будынак у Калядзічах будзе пабудаваны да 2015 года. Зрэшты, на дварэ ўжо амаль 2024-ы, а Валадарка па-ранейшаму ў страі.
Што будзе з будынкам, пакуль невядома. Здаецца, што добрым варыянтам магло б быць яе ператварэнне ў музей, які паўтарыў бы лёс парыжскай Кансьержэры ці рымскага замка Святога Анёла. Але рэаліі паказваюць, што ўлады звычайна не цырымоняцца з гістарычнай спадчынай, якая знаходзіцца ў цэнтры беларускай сталіцы на даволі дарагой зямлі.
Чытайце таксама


