Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Зусім хутка, 22 студзеня, мы будзем адзначаць чарговую гадавіну пачатку паўстання 1863 года, адным з лідараў якога быў легендарны Кастусь Каліноўскі. Але расказваючы пра яго і яго аднадумцаў, мы часам забываем пра іх ворагаў — тых, хто патапіў паўстанне ў крыві і праз каго Беларусь на дзесяцігоддзі ператварылася ў выпаленую зямлю. Першы ў гэтым спісе — Міхаіл Мураўёў, які атрымаў мянушку Вешальнік. Расказваем вам пра гэтага чалавека.

З апазіцыі — ва ўладу

Чалавек, знаёмы з Мураўёвым у яго маладосці, не змог бы прадказаць фінал яго лёсу ў самым кашмарным і фантастычным сне. Наадварот, будучыня яго малявалася ў зусім іншых тонах.

Міхаіл нарадзіўся ў 1796 годзе ў Маскве ў дваранскай сям'і. Яго бацька, Мікалай Мураўёў, быў кадравым марскім афіцэрам, потым ваяваў у сухапутных войсках, даслужыўшыся да генерал-маёра. З яго пяцярых сыноў чатыры пакінулі след у расійскай гісторыі. Першы стаў адным з заснавальнікаў дзекабрысцкага руху і ніжагародскім вайсковым губернатарам, другі — рэлігійным пісьменнікам і праваслаўным грамадскім дзеячам, трэці — ваеначальнікам, генералам і дыпламатам. Міхаіл быў чацвёртым.

Михаил Муравьев по кличке Вешатель. Изображение: slovari.yandex.ru, commons.wikimedia.org
Міхаіл Мураўёў, мянушка Вешальнік. Выява: slovari.yandex.ru, commons.wikimedia.org

У 14 ці 15 гадоў ён паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт, дзе заснаваў першае ў Расійскай імперыі таварыства матэматыкаў. А ўжо ў 16 удзельнічаў у знакамітай Барадзінскай бітве — галоўнай баталіі вайны 1812 года паміж французамі і рускімі. Тады ён быў цяжка паранены ў нагу і да канца жыцця не расставаўся з кіем. Пасля вайны юнак застаўся на вайсковай службе, але ў той жа час разам з бацькам рэарганізаваў матэматычнае таварыства ў Маскоўскае вучылішча калонаважатых — навучальную ўстанову для баявых афіцэраў малодшага звяна, якое спалучала ў сваёй праграме матэматыку і ваенныя навукі. Мураўёў-старэйшы утрымліваў яго за ўласныя сродкі восем гадоў, яно размяшчалася проста ў маскоўскай сядзібе гэтай сям'і. Вучылішча скончылі 138 чалавек. 13 з іх (паводле іншых звестак — 24) пасля сталі дзекабрыстамі.

Гаворка пра ўдзельнікаў таемных таварыстваў, якія існавалі ў імперыі з другой паловы 1810-х гадоў. Пазней, у 1825-м, частка з іх выйшла на Сенацкую плошчу ў Пецярбургу са зброяй у руках. Гэта здарылася ў снежні, і пасля гэтага ўсіх сябраў таемных таварыстваў пачалі называць дзекабрыстамі. Мэты гэтых людзей былі розныя, але іх аб’ядноўвала непрыманне самадзяржаўя і прыгоннага права.

Міхаіл Мураўёў тады быў сябрам асноўнага з такіх таварыстваў — «Союза благоденствия» — і выказваўся зусім не пахвальна пра расійскую ўладу. «В Риме можно было всегда довольствоваться пользою, которую принес, вот лучшая награда, в России же, поверь, мой друг, не должно искать сей пользы, должно или с презрением к правящим тварям совсем удалиться, или служить с тем, чтобы их когда-нибудь истребить», — пісаў ён свайму брату.

Аднак паступова малады мужчына пачаў адыходзіць ад грамадскай дзейнасці. У 1820 годзе ён атрымаў дазвол пакінуць войска праз стан здароўя. Адстаўны афіцэр пасяліўся ў маёнтку, размешчаным у сучаснай Смаленскай вобласці Расіі, якое атрымаў як пасаг, ажаніўшыся.

Памешчык планаваў завесці прыбытковую гаспадарку, будаваў броварны завод. Аднак у рэгіёне праз неўраджай пачаўся голад, губернскія ўлады бяздзейнічалі. Мураўёў зладзіў у вінакурным цэху бясплатную сталоўку, дзе штодня сілкаваліся сотні сялян, з дапамогай цешчы арганізаваў збор сродкаў у Маскве. Гэтага не хапіла, таму Міхаіл ініцыяваў з’езд дваранства з усяго павета (гэта як сучасны раён), якое праз галаву губернскага начальства скіравала калектыўны ліст міністру ўнутраных справаў. МУС вылучыла сродкі, і голад пайшоў на спад.

Санкт-Петербург. Сенатская площадь 14 декабря 1825 года. Рисунок Карла Кольмана. Изображение: commons.wikimedia.org
Санкт-Пецярбург. Сенацкая плошча 14 снежня 1825 года. Малюнак Карла Кольмана. Выява: commons.wikimedia.org

Пра паўстанне дзекабрыстаў у 1825-м Мураўёў даведаўся з газет. Прадчуваючы арышт, ён вырашыў не чакаць яго ў вёсцы, а паехаць у Маскву, збіраючы інфармацыю і выбудоўваючы лінію абароны. Але там быў затрыманы і скіраваны ў Пецярбург пад следства. На жаль, многія дзекабрысты праявілі сябе не найлепшым чынам, даючы падрабязныя паказанні пра паплечнікаў. А вось Мураўёў прызнаваў факт удзелу ў «Союзе благоденствия», аднак адмаўляў удзел у якіх-кольвек супрацьзаконных дзеяннях і нават веданне пра іх (гаворка ішла пра намер забіць імператара — Міхаіл не прысутнічаў на паседжанні, калі было прынятае такое рашэнне, але, безумоўна, ведаў пра яго). Будучы Вешальнік не назваў нікога з суўдзельнікаў, акрамя тых, якія ўжо былі арыштаваныя і давалі прызнальныя паказанні альбо знаходзіліся за мяжой і былі недасягальныя для следства. У выніку ўлады вырашылі яго апраўдаць і адпусціць, хоць паказанні супраць яго былі.

У глыбіні душы Мураўёў разумеў, што застаецца ў вачах уладаў нядобранадзейным, і такое становішча яго не задавальняла. Вырашыўшы даказаць, што ён свой, у 1827 годзе ён падае на імя імператара Мікалая I запіску пра рэформу мясцовай адміністрацыі і судовай улады з мэтай выкараніць перадумовы карупцыі. Манарху ідэя спадабалася, 31-гадовага памешчыка ўзялі на дзяржаўную службу — і служыць ён пачаў «верай і праўдай». Ужо ў тым жа годзе яго паслалі віцэ-губернатарам у Віцебск, а ў 1828-м — губернатарам у Магілёў.

Там Мураўёў з новай сілай дэманстраваў сваё дзяржаўніцтва. На яго прапанову Мікалай I забараніў выкарыстоўваць у справаводстве Трэці статут ВКЛ (збор законаў, прыняты яшчэ ў 1588-м). Таксама губернатар прапаноўваў адхіліць ад навучальнага працэсу каталіцкіх святароў, цалкам перавесці адукацыю на рускую мову, а таксама закрыць Віленскі ўніверсітэт. Гэтая ВНУ неўзабаве сапраўды была ліквідаваная, ад іншых зменаў у адукацыі вырашылі адмовіцца. Аднак кар’ернае ўзыходжанне Мураўёва працягнулася: ён стаў кіраўніком Гродзенскай губерні.

Повстанцы Михаил Волович и Леон Працлавский, гравюра XIX века. Изображение: commons.wikimedia.org
Паўстанцы Міхаіл Валовіч і Леон Працлаўскі, гравюра XIX стагоддзя. Выява: commons.wikimedia.org

Гэта здарылася ўвосень 1831 года — акурат тады на беларускіх землях завяршалася здушэнне чарговага вызвольнага паўстання. Мураўёў актыўна ўдзельнічаў: служыў генерал-паліцмайстрам адной з армій, якая душыла паўстанне, і асабіста кіраваў следствам па справе яго «завадатараў».

Такія дзеянні былога дзекабрыста могуць выклікаць здзіўленне, але прычыны, як нам здаецца, наступныя. З аднаго боку, Мураўёў відавочна хацеў выслужыцца перад уладай, прымусіць яе забыць пра яго мінулае. Уласцівае яму было і карысталюбства, адзначалі пазней яго сучаснікі. З іншага боку, наогул не варта ідэалізаваць дзекабрыстаў, як гэта рабілі за савецкім часам: яны імкнуліся рэфармаваць Расію, а не адмовіцца ад яе імперскай сутнасці. Так, у «Русской правде» Паўла Пестэля — праграмным дакуменце аднаго з таемных таварыстваў — беларусы названыя «беларусцами» і гаворыцца, што гэта «один из пяти оттенков русского народа», які насяляе Віцебскую і Магілёўскую губерні. Для Мураўёва і іншых дзекабрыстаў паўстанне на паўночна-заходніх тэрыторыях было спробай адарваць іх ад Расіі. Рэакцыя на гэта магла быць толькі сілавой. Ступень яе ўжо залежала ад асабістых якасцяў чыноўніка і яго матываў.

Казалі, што менавіта ў той час Міхаіл атрымаў мянушку Вешальнік. Маўляў, у Гродне нехта з мясцовых чыноўнікаў спытаў, ці не з тых ён Мураўёвых, з якіх кагосьці павесілі пасля дзекабрысцкага паўстання. Міхаіл тут жа адрэагаваў: «Я не з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, я з тых, якія самі вешаюць».

Паводле іншай версіі, гэтую мянушку ён заслужыў у 1833 годзе. Тады вайсковы суд у Гродне асудзіў на чвартаванне Міхаіла Валовіча, які спрабаваў зноў падняць у рэгіёне паўстанне. Мураўёў «міласціва» замяніў гэты прысуд павешаннем.

Скасаванне прыгоннага права і пачатак паўстання

У наступныя гады кар’ера Міхаіла Мураўёва ішла ўверх. Ён стаў губернатарам у расійскім Курску, працаваў у Пецярбургу ў Міністэрстве фінансаў — быў галоўным «падаткавіком» імпэрыі. «Муравьев держал себя совсем просто, никакой внешней важности не напускал, но говорил всегда умно и содержательно, и, кроме того, каждый чувствовал, что у этого человека не дрогнет рука подписать что хотите. Этого было совершенно достаточно, чтобы одним своим именем возбуждать в робких панический страх. Рассказывали, что два чиновника от нашей ревизии умерли со страха. Это могло случиться», — пісаў адзін з яго падначаленых.

У пачатку 1855 года памёр імператар Мікалай I, на трон узышоў яго сын Аляксандр II. За ім кар’ера Мураўёва развівалася далей: у 1856-м ён быў прызначаны ў Міністэрства двара і надзелаў старшынёй дэпартамента, які кіраваў асабістай уласнасцю і даходамі імператарскага дому, у 1857-м стаў міністрам дзяржаўных маёмасцяў.

Аднак кар’еру Мураўёва на тым этапе зламала сялянскае пытанне. У Расіі на той час усё яшчэ існавала прыгоннае права. Сяляне не мелі ўласнай зямлі, належалі памешчыкам і былі вымушаныя выконваць для іх павіннасці. Уласнікі маглі прадаваць сялян, прайграваць іх у карты як рэчы, высылаць у Сібір і на катаржныя працы, разлучаць на сваё жаданне сем'і, караць розгамі і ўсяляк здзекавацца з іх (можна ўспомніць класічны твор рускага пісьменніка Івана Тургенева «Муму»). Менавіта з ліку сялян набіраліся рэкруты для службы ў войску, якая тады доўжылася 25 (пазней 20) гадоў, што прыводзіла да разбурэння сем’яў. Фактычна сяляне былі ў статусе рабоў.

Борис Кустодиев. «Освобождение крестьян (Чтение манифеста)». Картина 1907 года. Изображение: art-catalog.ru, commons.wikimedia.org
Барыс Кустодзіеў. «Вызваленне сялян (Чытанне Маніфеста)». Карціна 1907 года. Выява: art-catalog.ru, commons.wikimedia.org

Захаванне прыгоннага права ў Расійскай імперыі выглядала анахранізмам на фоне Еўропы, дзе на той час развіваліся капіталістычныя адносіны, а сялян вызвалялі. Нявырашанасць аграрнага пытання тармазіла развіццё рынкавых адносін у Расіі. Таму — а таксама пад пагрозай сацыяльнага выбуху — улады вырашылі скасаваць прыгоннае права.

Праўда, рэформа, рэалізаваная ў 1861-м, выйшла абмежаванай. Сяляне фармальна цяпер лічыліся свабоднымі людзьмі (хоць цялесныя пакарання захаваліся і пасля рэформы). Але яны маглі выкупіць толькі частку зямлі, якой карысталіся (пры гэтым не раней чым праз дзевяць гадоў, а насамрэч тэрміны моцна расцягваліся). Да гэтага ўладальнікамі зямлі яны не лічыліся. Больш за тое, пакуль не была скончаная выкупная аперацыя, сяляне працягвалі выконваць павіннасці на карысць памешчыкаў і знаходзіліся ў статусе «часоваабавязаных».

Чаму мы расказваем пра гэтыя падзеі так падрабязна? Па-першае, пазней Мураўёў выкарыстаў рэформу ў сваіх мэтах падчас паўстання Каліноўскага (пра гэта ніжэй). Па-другое, у яго выйшаў казус: спачатку ён выступіў супраць рэформы. Паводле яго плана, знішчэнне прыгоннай залежнасці мусіла ажыццяўляцца паступова, у інтэрвале 8−12 гадоў. За гэты тэрмін сяляне за грошы ці за адпрацоўкі мусілі выкупіць у памешчыка свае сядзібы з пабудовамі, агародамі і выпасамі. З моманту выплаты выкупу сяляне набывалі права ўласнасці на сядзібы і асабістую свабоду. Уся ворная зямля заставалася ва ўласнасці памешчыка, але падзялялася на дзве часткі паводле спосабу карыстання: панскую і адведзеную сялянам. Зямлі мусіла хапаць для самазабяспечання сялян, выплаты дзяржаўных падаткаў і платы памешчыкам за карыстанне зямлёй.

Михаил Муравьев по кличке Вешатель. Изображение: commons.wikimedia.org
Міхаіл Мураўёў, мянушка Вешальнік. Выява: commons.wikimedia.org

Аднак тут чыноўнік пралічыўся. Імператар адмовіўся ад яго плана і адправіў Мураўёва ў адстаўку. Той застаўся сенатарам і чальцом Дзяржаўнага савета (дарадчага органа пры імператару), але рэальнага ўплыву на вырашэнне пытанняў больш не меў.

Пісьменнік Уладзімір Караткевіч выявіў Міхаіла Мураўёва ў сваім знакамітым рамане «Каласы пад сярпом тваім» акурат незадоўга да скасавання прыгоннага права. Ніжэй — фрагмент гэтага твора.

«Ні ў кога Валуеў не бачыў такіх разумных, непрыемна разумных вачэй. А можа, гэта здавалася па кантрасце з абліччам міністра. Гэта было — нібы выпаўзла з зямлі, з апраметнай, абрыдлівая і страшная пачвара, уся яшчэ слізкая ад свайго ходу пад зямлёй. І раптам узняла цяжкія, бы ў Вія, павекі і зірнула, нечакана да жаху, неверагодна чалавечымі вачыма.

Твар гэты здаваўся яшчэ больш страшны, бо выступаў, як на карцінах Рэмбранта, жаўтавата-аранжавай плямай з цемрыва. І блікі агню скакалі па ім. Як сякерай высечаны, тлусты і па-старэчы ўжо друзлы, шырокі, з цяжкім падбароддзем, тупым носам і грубым вялікім ротам твар. Жорсткія бачкі, металічна-шэрая скура, нізкі лоб з жорсткімі, як конскае грэбла, валасамі над ім.

Цяжка, як у сабакі, звісалі ніжэй сківіцы брылы шчок. І на гэтай абрыдлівай масцы свяціліся пранізліва-разумныя вочкі, адзіна чалавечае, што на ёй было.

Валуеў успомніў, як характарызаваў міністра Фёдар Берг, які Мураўёва цярпець не мог. Усеўладны генерал-губернатар фінляндскай сатрапіі вастрасловіў з міністра, пацяшаўся з яго аблічча, з гэтай круглай галавы, з вялых, як вялізныя пельмені, вушэй:

— Кожнаму сваё, панове. Калі на партрэце Ярмолава захінуць мундзір, пакінуўшы адну галаву, атрымаецца леў. Калі на партрэце Мураўёва захінуць мундзір, атрымаецца бульдог.

Ды не, гэта быў не бульдог. Гэта было страшней».

Фрагмент рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

Аднак у няміласці Мураўёў быў нядоўга: яго «паслугі» неўзабаве зноў аказаліся запатрабаваныя. 22 студзеня 1863 года на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы пачалося антырасійскае паўстанне. Яго галоўнай мэтай было аднаўленне незалежнасці, страчанай у канцы ХVIII стагоддзя, калі Расія анексавала гэтыя землі аслабелай Рэчы Паспалітай.

Адсутнасць незалежнасці ці хаця б аўтаноміі не давала магчымасці зваяваным народам самім вырашаць свае пытанні (да прыкладу, у Беларусі не было ніводнага ўніверсітэта, а выкладанне ў школах на беларускай мове не дапускалася). Існаванне ў складзе Расіі тармазіла фармаванне беларускай нацыі, у той час як для іншых народаў Еўропы гэты працэс ужо ішоў поўным ходам. Была і больш практычная прычына — усё тое ж «аграрнае пытанне»: праведзенае за два гады та таго скасаванне прыгоннага права не вырашыла праблем сялян, пакінуўшы паднявольнай большасць жыхароў краіны.

Рэпрэсіі і прымусовы паварот да Расіі

На момант пачатку паўстання віленскім генерал-губернатарам (найвышэйшая службовая асоба ў рэгіёне) быў Уладзімір Назімаў, які меў рэпутацыю ліберала. Рэпрэсіямі ён займацца не хацеў. Напрыклад, не патрабаваў ад сваякоў паўстанцаў дыстанцыявацца ад іх, а калі на смерць асудзілі каталіцкіх святароў, не падпісаў ім прысуду. Праўда, і не скасаваў: пакінуў наступніку магчымасць здзейсніць іміджавы ўчынак — пачаць кіраванне з памілавання. Наступнікам стаў Мураўёў. Шанцам ён не скарыстаўся і асудзіў іх на смерць.

Крэсла кіраўніка Паўночна-Заходняга краю, у які ўваходзілі ў асноўным беларускія землі, Мураўёў заняў у траўні 1863 года. Каб звесці да мінімуму рызыку сацыяльнай рэвалюцыі, ён зрабіў ход канём: ліквідаваў часоваабавязаны стан беларускіх сялян. Іх перавялі на абавязковы выкуп зямлі, штогадовыя выкупныя плацяжы знізілі на 20%, а беззямельных сялян надзялілі трыма дзесяцінамі (прыкладна 3 гектары) зямлі. Нядзіўна, што ў выніку тыя часам плячом да пляча з уладамі змагаліся з паўстанцамі альбо даносілі на іх. 70% удзельнікаў паўстання складала шляхта — часцей за ўсё малазямельная ці беззямельная. Сялян сярод паўстанцаў было толькі каля 18%.

Артур Гротгер. «Умиротворение» (1864). Изображение: commons.wikimedia.org
Прысвечаная разгрому паўстання карціна Артура Гротгера «Супакаенне» (1864). Выява: commons.wikimedia.org

Вырашыўшы праблему з аднаго боку, Мураўёў засяродзіўся на нязгодных. Жорсткімі рэпрэсіямі ён прымусіў памешчыкаў адрачыся ад паўстання, арганізаваўшы напісанне імі вернападданніцкіх лістоў на адрас імператара. Мураўёў пачаў практыкаваць публічныя пакаранні паўстанцаў на плошчах гарадоў. Былі павешаныя ці расстраляныя 128 чалавек, больш за 900 — сасланыя на катаргу. Каля 12,5 тысячы — высланыя пад нагляд паліцыі (у тым ліку 500 адпраўленыя на пасяленне ў Сібір). Многія ўдзельнікі паўстання эмігравалі.

Паводле ўспамінаў сучаснікаў, генерал-губернатар адчуваў нават асаблівае ўнутранае задавальненне, ажыццяўляючы сваю «місію»: «Если докладывавший дело пытался смягчить решение [cуда], Муравьев вырывал у него из рук бумагу и быстро подписывал. Слова: „повесить“, „расстрелять“ выходили у него всегда разборчивее других, как будто писались с особенною любовью». Напрыклад, калі ўлады схапілі Кастуся Каліноўскага, аднаго з лідараў паўстання, то на допытах ён нікога не выдаў, ні пра кога са сваіх паплечнікаў не расказаў. «Каліноўскага аддаць вайсковаму суду і скончыць гэты суд за трое сутак», — загадаў Мураўёў. Вайскова-палявы суд асудзіў Кастуся на расстрэл, але генерал-губернатар, апраўдваючы мянушку, замяніў яго на публічнае павешанне.

Нядзіўна, што, паводле ацэнкі самога Мураўёва, ужо да пачатку верасня 1863 года паўстанне было практычна задушанае (толькі асобныя атрады працягвалі барацьбу ў наступным годзе).

Аднак на гэтым генерал-губернатар не спыніўся. Мураўёў лічыў тэрыторыю Беларусі спрадвечна рускай, хоць і апалячанай, зямлёй, беларускія сяляне разглядаліся ім як складовая частка рускага народа. У траўні 1864 года ён прадставіў імператару запіску з выкладаннем сваёй праграмы, якая прадугледжвала ў тым ліку замену мясцовых чыноўнікаў выхадцамі з расійскіх губерняў, спыненне выкладання польскай мовы ў дзяржаўных навучальных установах, павелічэнне колькасці народных школ і двухкласных вучылішчаў, дзе выкладанне ішло б па-руску, закрыццё каталіцкіх манастыроў, чые святары ўдзельнічалі ў паўстанні. Менавіта гэтая праграма рэалізоўвалася на практыцы ў наступныя дзесяцігоддзі.

Михаил Муравьев заставляет Аполлонию Сераковскую смотреть на казнь своего мужа Зыгмунта Сераковского. Гравюра 1863 года. Изображение: polona.pl
Міхаіл Мураўёў змушае Апалонію Серакоўскую глядзець на пакаранне яе мужа Зыгмунта Серакоўскага. Гравюра 1863 года. Выява: polona.pl

Як адзначала гісторык Ганна Камзолава, «„сістэма“ Мураўёва існавала яшчэ не адно дзесяцігоддзе, і пытанне пра поўную адмову ад яе ніколі не ставілася. Аж да крушэння царскай Расіі для адміністратараў усіх узроўняў найважнейшай заставалася задача памяншэння „польскай пагрозы“ дзеля забяспечання ўнутранай бяспекі імперыі. Сярод апрабаваных спосабаў яе рашэння пераважалі меры забароннага і рэпрэсіўнага характару, прапанаваныя Мураўёвым. Дастаткова ўспомніць, што працэнтны збор з памешчыкаў польскага паходжання быў скасаваны толькі ў 1897 годзе, а абмежаванні для палякаў у праве набываць і распараджацца зямельнай уласнасцю ў заходніх губернях былі толькі часткова знятыя ў 1905 годзе» (удакладнім, што пад палякамі часцяком разумеліся мясцовыя памешчыкі каталіцкай веры).

Чыстка ўрада і ўплыў на дзесяцігоддзі

Здавалася б, пасля такой паспяховай «спецаперацыі» на беларускіх тэрыторыях Мураўёва мусіла чакаць павышэнне. Аднак у красавіку 1865 года ён быў адпраўлены ў адстаўку — хоць і з разнастайнымі ўшанаваннямі. Чыноўніка ўзнагародзілі графскім тытулам і ордэнам Андрэя Першазванага — найвышэйшым у імперыі.

Але гэта быў яшчэ не канец. Праз год, у красавіку 1866 года, на імператара Аляксандра быў здзейснены замах, але 25-гадовы дваранін Дзмітрый Каракозаў прамахнуўся. Кіраўніком следчай камісіі прызначылі Мураўёва, вернутага з нябыту. Граф шукаў слядоў змовы ў пецярбургскім найвышэйшым свеце і на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, але не поспеху ў гэтым не меў.

Аднак Мураўёў дасягнуў іншага. Падчас аўдыенцыі ў імператара ён запатрабаваў чысткі ўрада. «Усе яны касмапаліты, прыхільнікі еўрапейскіх ідэй», — заявіў новаспечаны граф. Так упершыню ў Расіі было выкарыстанае ў якасці палітычнага цэтліка слова «касмапаліт».

Лібералы страцілі свае пасады, рэформы на гады былі спыненыя. Калі Аляксандр II вярнуўся да ранейшай палітыкі, было ўжо позна: у 1881-м ён быў забіты, пачаўся час кансерватыўнай стабільнасці, калі праблемы (аграрная і т. д.) не вырашаліся, а заганяліся ўглыб. У Расіі гэта ўрэшце прывяло да сацыяльнага выбуху, рэвалюцыі і падзення царскага рэжыму.

Сам Мураўёў памёр у тым жа 1866-м у сваім маёнтку. «За четыре дня до казни Каракозова, в деревенской глуши, темной ночью, без свидетелей, без слов раскаяния, без близких и попов, без слез и помощи, задохнулся отвалившийся от груди России вампир. Какие образы пугали его немую агонию… не шел ли ряд молодых героев с веревкой на шее?..» — адзначаў пісьменнік Аляксандр Герцэн.

Михаил Муравьев по кличке Вешатель. 1865 год. Изображение: литограф Смирнов, gelos.ru, commons.wikimedia.org
Міхаіл Мураўёў, мянушка Вешальнік. 1865 г. Фота: літограф Смірноў, gelos.ru, commons.wikimedia.org

Уплыў Мураўёва на беларускую гісторыю аказаўся катастрафічным. Як адзначалася вышэй, адзінымі, хто ад яго дзеянняў атрымаў нейкую выгаду, былі сяляне. Імкнучыся заручыцца іх падтрымкай, улады ўвялі абавязковы выкуп сялянскіх земляў, выкананне павіннасцяў на карысць памешчыкаў спынілі. Але мінусаў было значна больш.

У Паўночна-Заходнім краі да пачатку 1870-х гадоў захоўвалася ваеннае становішча. Буржуазныя па сутнасці рэформы Аляксандра II праводзіліся на тэрыторыі Беларусі са спазненнем ці абмежаваннямі (судовая, гарадская, школьная, цэнзурная), а земская наогул была рэалізаваная толькі ў 1911-м. Гэта замарудзіла развіццё рэгіёна ў другой палове XIX стагоддзя, прывяло да нізкага ўзроўню развіцця прамысловасці, павольнага фармавання асноваў грамадзянскай свядомасці. Нацыянальная буржуазія, якая магла б быць зацікаўленая ў стварэнні нацыянальнай дзяржавы, так і не сфармавалася.

Зразумела, што дэманізаваць Мураўёва не варта: не ён адзін быў прыхільнікам такой палітыкі. Аднак рэалізоўвацца яна пачала менавіта яго рукамі. У выніку патрабаванне нават пра аўтаномію Беларусі наступным разам агучылі толькі праз 20 гадоў пасля паўстання. І толькі ў 1918-м, падчас абвяшчэння БНР, адбыўся канчатковы пераход ад краёвасці да нацыянальнай ідэі. Атрымліваецца, што толькі праз паўстагоддзя пасля паўстання Каліноўскага нацыянальная ідэя нарэшце вярнулася да ранейшага ўзроўню развіцця. У выніку Беларусь адстала па ўзроўні нацыянальнай самасвядомасці, развіцця грамадства ад Польшчы, краін Балтыі і Украіны і стала лёгкай здабычай бальшавікоў. Курс апошніх на русіфікацыю, знішчэнне прыватнай уласнасці і спусташэнне вёскі (палітыка калектывізацыі) сталі перадумовамі да таго, што нашая краіна дагэтуль знаходзіцца ў сферы ўплыву Крамля. Так што палітыка Мураўёва і сёння працягвае ўплываць на нашае жыццё.

Чытайце таксама