Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


На раптоўнай прэс-канферэнцыі для замежных СМІ 16 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускую армію, якая ў мірны час налічвае 75 тысяч чалавек, можна павялічыць да 500 тысяч. «Страшным адказам» і паўмільённай арміяй палітык прыгразіў заходнім суседзям, якія нібыта хочуць уцягнуць Беларусь у вайну, — пры гэтым праігнараваўшы той факт, што ён сваімі рукамі зрабіў нашую краіну суўдзельніцай агрэсіі супраць Украіны. Словы Лукашэнкі могуць апісваць яго асабістае светаадчуванне, якое час ад часу адрозніваецца ад аб’ектыўнай рэальнасці. У гэтым тэксце мы вырашылі ацаніць праўдападобнасць яго заявы і ўявіць, як магла б выглядаць армія Беларусі, апісаная палітыкам.

Колькасць

Магчымасць стварэння досыць буйной арміі абмяжоўваецца трыма параметрамі. Гэта мабілізацыйныя рэсурсы (то-бок колькасць людзей, прыдатных для службы ў войску), узбраенне і магчымасці для падрыхтоўкі новых байцоў. Гэтыя фактары, у сваю чаргу, цесна завязаныя на эканамічныя магчымасці краіны.

Для пачатку разбяромся з мабілізацыйнымі рэсурсамі, бо менавіта яны наўпрост уплываюць на магчымасць набраць у армію агучаныя Лукашэнкам 500 тысяч чалавек. Дарэчы, ёсць і радыкальнейшыя ацэнкі: так, намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Андрэй Багадзель наогул сцвярджае што «1,5−2 мільёна — гэта рэальныя магчымасці нашыя», бо «вайсковыя арганізацыі дзяржавы не абмяжоўваюцца толькі Узброенымі сіламі».

Андрей Богодель. Скриншот видео СТВ
Андрэй Багадзель. Скрыншот відэа СТБ

Пачнём з самай першай лічбы, агучанай Лукашэнкам на прэс-канферэнцыі: паводле яго, армія мірнага часу ў Беларусі налічвае 75 тысяч чалавек. Імаверна, гэта няпраўда — яна на 10 тысяч меншая і ўключае 65 тысяч вайскоўцаў. Такая інфармацыя апублікаваная на сайце «Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў» (БІСД) — арганізацыі, створанай самім Лукашэнкам у лютым 2019 года.

Праўда, публікацыя адносіцца да канца студзеня 2021 года. У снежні 2021 года, напярэдадні расійскага ўварвання ва Украіну, Лукашэнка намякаў на магчымасць павелічэння арміі на 5 тысяч чалавек, каб «пры неабходнасці прыкрыць поўдзень». А ў траўні 2022 года, ужо пасля пачатку вайны, палітык агучыў намер сфармаваць трэцяе па ліку Паўднёвае аператыўнае камандаванне (у дадатак да Заходняга і Паўночна-Заходняга). Паводле ўкраінскіх ацэнак, гэта мусіла павялічыць агульную колькасць вайскоўцаў у беларускай арміі з 45 да 80 тысяч чалавек. Але пакуль пра нейкія рэальныя дзеянні ў гэтым кірунку (фармаванне новых органаў вайсковага кіравання, штабоў, злучэнняў, вайсковых частак) улады не паведамлялі.

Паводле звестак БІСД, з 65-тысячнага войска Беларусі толькі каля 46 тысяч — вайскоўцы. Астатнія — цывільны персанал. Напрыклад, частка кіроўцаў, медыцынскага персаналу, кухары, якія на вайсковай службе не знаходзяцца. Гэтая лічба добра суадносіцца з адкрытымі звесткамі са знешніх крыніц. Так, ЦРУ ЗША ацэньвала колькасць беларускіх вайскоўцаў у 2022 годзе ў 45 тысяч чалавек. Такая ж ацэнка ўтрымліваецца і на сайце GlobalFirepower, што публікуе штогадовыя рэйтынгі ваеннай моцы краін свету, якія грунтуюцца на звестках з адкрытых крыніц.

Яшчэ 110 тысяч чалавек эксперты праекта налічылі ў беларускіх парамілітарных фарміраваннях — то-бок рознага кшталту ваенізаваных арганізацыях, якія не ўваходзяць наўпрост у склад арміі. У Беларусі да іхадносяцца органы памежнай службы, унутраныя войскі МУС, падраздзяленні ўрадавай сувязі КДБ. У гэтую ж катэгорыю трапіць, калі будзе створанае, і «народнае апалчэнне».

Народное ополчение агрогородка Лобча. Фото: rodniva.by
Народнае апалчэнне аграгарадка Лобча. Фота: rodniva.by

Колькасць навучанага ваеннага рэзерву ў Беларусі GlobalFirepower ацэньвае ў 290 тысяч чалавек. Да гэтай катэгорыі адносяцца грамадзяне, прыдатныя да ваеннай службы па стане здароўя і ўзросту, якія атрымалі ваенную спецыяльнасць. Гэта могуць быць як людзі, якія адслужылі тэрміновую службу, так і афіцэры, прапаршчыкі і кантрактнікі, што звольніліся ў запас. Яны стаяць на ўліку ў ваенкаматах і з’яўляюцца крытычна важным кампанентам ваеннай машыны дзяржавы. Менавіта імі ў выпадку вайны будуць даводзіць да поўнай колькасці беларускія вайсковыя часткі і злучэнні скарочанага складу (іх яшчэ называюць «кадраванымі»). Прычым датычыць гэта не толькі арміі, але і ўнутраных войскаў, памежнікаў і іншых ваенізаваных фарміраванняў.

Пераважную большасць навучанага вайсковага рэзерву складаюць мужчыны, але ёсць у ім і жанчыны — у асноўным гэта прыпісаныя да ваенкаматаў медыкі і звольненыя ў запас афіцэры, прапаршчыкі і кантрактніцы. У цэлым навучаны рэзерв — гэта вельмі каштоўны мабілізацыйны рэсурс: хаця б мінімальна падрыхтаваны і больш-менш здаровы.

Нарэшце, спецыялісты GlobalFirepower налічылі ў Беларусі 3,69 мільёна чалавек, тэарэтычна прыдатных да вайсковай службы. Гэта агульная колькасць людзей (мужчын і жанчын), якіх хоць неяк можна прыцягнуць да ваенных дзеянняў у выпадку працяглай татальнай вайны (то-бок той, якая вядзецца ўсімі даступнымі сродкамі).

Пераважная колькасць з іх не служыла ў арміі альбо была ў ёй ужо вельмі даўно. А значыць, проста «чэрпаць» салдат з гэтай на першы погляд бяздоннай чалавечай «бочкі» не атрымаецца — іх давядзецца вучыць з нуля. Ну, ці адпраўляць у бой ненавучанымі (у такім выпадку гэта будзе тое самае славутае «гарматнае мяса»). Менавіта з гэтай катэгорыі давялося б набіраць людзей для арміі памерам 1,5−2 мільёны чалавек — таго, што намеснік начальніка факультэта Генштаба Багадзель лічыць «рэальнымі магчымасцямі» Беларусі.

Насамрэч жа вызначыць максімальную колькасць беларускіх узброеных сіл (уключаючы ўнутраныя войскі, памежнікаў і гэтак далей) пасля поўнай мабілізацыі можна, склаўшы тры лічбы. 45 тысяч (армія ў мірны час без уліку цывільнага персаналу) + 110 тысяч (парамілітарныя фарміраванні ў мірны час) + 290 тысяч (навучаны рэзерв) = 445 тысяч чалавек.

Стварэнне ў дадатак да гэтага батальёнаў тэрытарыяльнай абароны або народнага апалчэння не зменіць сітуацыі — падрыхтаваных людзей для гэтых фарміраванняў усё роўна давядзецца браць з навучанага рэзерву (а значыць, яго будзе не хапаць «сапраўднай» арміі). Вядома, можна камплектаваць «народнае апалчэнне» ненавучанымі грамадзянамі — але баявая каштоўнасць такіх фарміраванняў у сучаснай вайне будзе імкнуцца да нуля. Можна яшчэ пачаць іх вучыць — але тут таксама ўсё не так проста, як можа падацца на першы погляд. Да гэтага пытання вернемся крыху пазней.

Такім чынам, верхняя планка, да якой тэарэтычна можна ў сціслыя тэрміны павялічыць беларускую армію (уключаючы іншыя, акрамя ўзброеных сіл, ваенізаваныя фарміраванні), — гэта прыблізна 445 тысяч чалавек. Ключавое слова ў папярэднім сказе — «тэарэтычна». Таму што далей у справу ўступае эканоміка.

Эканамічны эфект

Прызыў у армію 290 тысяч чалавек навучанага рэзерву азначае адначасовае адабранне ў эканомікі прыкладна такой жа колькасці работнікаў. А гэта недзе 7% ад 4,19 млн беларусаў, занятых у эканоміцы краіны. З відавочных прычынх прызваныя будуць у асноўным мужчыны — а значыць, сярод іншых вызваліцца мноства працоўных месцаў, традыцыйна займаных імі (накшталт механізатараў у сельскай гаспадарцы), або нават такіх, на якіх заканадаўча забаронена працаваць жанчынам (напрыклад, шахцёраў-забойшчыкаў).

Прызваных у армію трэба будзе карміць, апранаць, абуваць, узбройваць (падрабязней пра гэта ніжэй) — і ўсё гэта ляжа на плечы тых, хто застаўся ў эканоміцы. Здаецца, не такая ўжо і цяжкая задача — але нават велізарная Расія з большай у 16 разоў колькасцю насельніцтва і нафтагазавымі даходамі прызвала на расійска-ўкраінскую вайну ў дадатак да рэгулярнай арміі крыху больш чым 300 тысяч мабілізаваных — паводле афіцыйных звестак, або каля 500 тысяч — паводле незалежных ацэнак. Гэта вельмі невялікая частка расійскага эканамічна актыўнага насельніцтва (0,4−0,7% ад 72,1 мільёна чалавек). Праўда, яшчэ больш людзей Расія страціла ад звязанай з мабілізацыяй эміграцыі. Толькі за першыя два тыдні пасля яе абвяшчэння краіну пакінулі, паводле некаторых ацэнак, 700 тысяч грамадзян.

Российские резервисты. Октябрь 2022 года. Ростовская область, РФ. Фото: Reuters
Расійскія рэзервісты, кастрычнік 2022 года. Растоўская вобласць, РФ. Фота: Reuters

Нават такое адносна невялікае (у раёне 1−2%) скарачэнне колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва зрабіла прыкметны ўплыў на расійскую эканоміку. І нягледзячы на складанае становішча на франтах, абвяшчаць пра мабілізацыю новых сотняў тысяч байцоў Крэмль не спяшаецца — у тым ліку праз магчымыя эканамічныя наступствы такога кроку. Што адбудзецца з беларускай эканомікай пасля забірання з яе 7% занятых у ёй людзей на патрэбы мабілізацыі і невядомай колькасці тых, хто эмігруе, — складана прадказаць. Але можна дапусціць, што нічога добрага.

Украіна таксама атрымала досвед масавай мабілізацыі, папоўніўшы УСУ і іншыя ваенізаваныя фарміраванні некалькімі сотнямі тысяч чалавек. Але нашая паўднёвая суседка, якая адбівае ўзброеную агрэсію з боку Расіі, атрымлівае падтрымку ад міжнароднай супольнасці. Толькі фінансавы яе складнік у 2022 годзе пераваліў за 32 мільярды даляраў (то-бок у 5,5 разу больш за абаронны бюджэт Украіны на 2021 год). Выглядае малаімаверным, што хтосьці пажадае падтрымаць у супастаўных аб’ёмах суўдзельніка агрэсіі — тым больш што адзіны патэнцыйны донар сам ужо ўцягнуты ў вайну.

Атрымліваецца, што фармальна Беларусь нібыта можа сабраць для службы ў арміі 445 тысяч чалавек. Гэтая лічба ўсяго на 11% меншая за агучаную Лукашэнкам мяжу — і з гэтага пункту гледжання яго агаворка не выглядае крытычнай. Іншая рэч, што ўтрымліваць нейкі значны час такую армію эканоміка краіны наўрад ці зможа.

Мы свядома выносім за дужкі пытанне пра тое, якая доля з гэтай патэнцыйнай 445-тысячнай арміі ўжо за межамі Беларусі (у ваенкаматах на ўліку стаяць і грамадзяне, якія выехалі за мяжу). Як і пра тое, ці захоча яна пасля падзей 2020 года абараняць уладу Лукашэнкі. Дакладных лічбаў у нас няма. Хай кожны з чытачоў паспрабуе адказаць на гэтыя пытанні, абапіраючыся на ўласныя назіранні.

Узбраенне

Пасля распаду СССР Беларусь атрымала велізарны арсенал Беларускай ваеннай акругі, да якога дадаліся тэхніка і ўзбраенне, што вывозіліся з тэрыторыі былой ГДР пасля аб’яднання Германіі. У прыватнасці, адных толькі 3287 танкаў, якія дасталіся Беларусі, хапіла б на камплектаванне больш чым ста паўнавартасных танкавых батальёнаў, трыццаці танкавых брыгадаў ці дзесяці танкавых дывізій (для параўнання — уся армія ЗША цяпер уключае дзесяць дывізій, і толькі адна з іх — бранятанкавая). Акрамя гэтага, краіна мела значныя запасы баявых браніраваных машын (БМП, БТР і іншых), артылерыйскіх гармат (самаходных і буксаваных), рэактыўных сістэм залпавага агню, стралковай зброі і іншых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі. А таксама значную колькасць боепрыпасаў да ўсяго гэтага.

Каласальныя запасы зброі, несувымерныя з эканамічнымі магчымасцямі краіны, аказаліся для Беларусі своеасаблівым «карысным выкапнем». Вядома, састарэлае савецкае ўзбраенне не заўсёды магло канкураваць з сучаснейшымі ўзорамі, прысутнымі на сусветным рынку. Затое беларускія ўлады за разумную плату былі гатовыя падставіць плячо, напрыклад, тым рэжымам, якія аказваліся пад міжнароднымі санкцыямі. Так, у ліку пакупнікоў беларускай зброі былі заўважаныя Лівія, Судан, Іран, Венесуэла.

Распродаж савецкіх запасаў праходзіў дастаткова актыўна. Паводле амерыканскіх ацэнак, у перыяд з 1999 па 2006 год Беларусь, якая не вырабляла танкаў, баявых самалётаў або ракет, прадала зброі прыкладна на мільярд даляраў, заняўшы 11 месца ў свеце па яе экспарце.

Фото: vayar.mil.by
Танк Т-72 на занятках па агнявой падрыхтоўцы. Фота: vayar.mil.by

У выніку на цяперашні момант запасы савецкай зброі, якая складае львіную долю ўсяго ўзбраення беларускай арміі, прыкметна вычарпаліся. Паводле звестак GlobalFirepower, апублікаваных у студзені 2023 года, у Беларусі заставаліся 862 танкі, у тым ліку 474 гатовыя да выкарыстання. Гэтая колькасць размеркаваная паміж чатырма наяўнымі ў беларускай арміі механізаванымі брыгадамі. Астатнія 388 машын знаходзяцца на доўгім захоўванні, зняцце з якога забярэ нямала часу і рэсурсаў. Акрамя таго, вядома, што частку (не менш за 20) танкаў, якія знаходзіліся на захоўванні, Лукашэнка перадаў Расіі. Рэшты (не больш за 368) можа хапіць на камплектаванне прыкладна трох механізаваных брыгадаў. То-бок, калі лічыць па танкавым узбраенні, Узброеныя сілы Беларусі змогуць павялічыцца ўсяго на тры чвэрці ад цяперашняга памеру.

Падобная карціна і з іншай тэхнікай. Калі верыць GlobalFirepower, у Беларусі ёсць 488 самаходных артылерыйскіх установак, з якіх 268 знаходзяцца ў страі і 220 — на захоўванні. З 330 буксаваных гармат 182 выкарыстоўваюцца арміяй мірнага часу і 148 — на захоўванні. Па рэактыўных сістэмах залпавага агню сітуацыя тая ж, усяго іх 253: у арміі мірнага часу — 139, на захоўванні — 114. Такіх запасаў састарэлага савецкага ўзбраення зусім недастаткова для шматразовага (у 5−11 разоў) павелічэння колькасці Узброеных сіл з захаваннем іх баяздольнасці хаця б на тым узроўні, які мае цяперашняя беларуская армія. У найлепшым выпадку іх хопіць, каб падрыхтаваць яшчэ адзін «камплект» механізаваных і артылерыйскіх брыгадаў сухапутных войскаў, аналагічны па колькасці цяперашняму.

Адзінае заўважнае выключэнне — гэта стралковая зброя. Паводле звестак швейцарскага праекта Small Arms Survey (SAS) Інстытута міжнародных даследаванняў і развіцця ў Жэневе, запасы індывідуальнай агнястрэльнай зброі ў беларускай арміі на 2018 год складалі 780 600 адзінак; яшчэ 165 000 «ствалоў» было ў іншых сілавых ведамстваў. У сукупнасці ўсяго гэтага можа хапіць для ўзбраення амаль мільённай арміі.

Праўда, ёсць нюанс. Калі асноўная стралковая зброя сучаснай беларускай арміі — гэта савецкі аўтамат АК-74, прыняты на ўзбраенне амаль паўстагоддзя таму, то можна дупусціць, што ўзоры, якія знаходзяцца на захоўванні, ніяк не навейшыя. Вядома, напрыклад, што ў 2002 годзе ў беларускай арміі захоўвалася каля 200 тысяч пісталетаў-кулямётаў Шпагіна (ПКШ) перыяду Другой сусветнай вайны. І толькі ў 2005 годзе яны былі знятыя з ўзбраення — а з імі і вінтоўка Мосіна, прынятая на ўзбраенне яшчэ ў Расійскай імперыі ў 1891 годзе, ручны кулямёт Дзегцярова (1927) і рэвальвер сістэмы «Наган» (1895). Пра тое, што тыя ж ПКШ дагэтуль захаваліся на складах у «таварных» колькасцях, сведчаць «франтавыя» разлікі на парадах: салдаты ў такіх «скрынках» традыцыйна маршыруюць менавіта з гэтымі рарытэтнымі пісталетамі-кулямётамі.

Выснова з вышэйсказанага простая: нават калі беларуская армія зможа адмабілізавацца і павялічыцца да 445 тысяч чалавек, у яе проста няма дастатковых для такой колькасці вайскоўцаў цяжкага ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Амаль паўмільённая армія будзе складацца ў асноўным не з танкавых або мотастралковых частак, а з дрэнна абсталяванай, дрэнна ўзброенай і дрэнна падрыхтаванай пяхоты без бронетранспарцёраў і БМП. У адрозненне ад украінскай тэрытарыяльнай абароны, якая атрымала ад заходніх дзяржаваў напярэдадні і падчас расійскага ўварвання сучасныя супрацьтанкавыя сродкі накшталт NLAW, беларуская масавая армія не будзе мець нічога падобнага.

Белорусские военнослужащие в 72-м гвардейском Объединенном учебном центре. Фото: пресс-служба Минобороны РБ
Беларускія вайскоўцы ў 72-м гвардзейскім Аб'яднаным навучальным цэнтры. Фота: прэс-служба Мінабароны РБ

Асобна можна згадаць і рэчавае забяспечанне. Несумненна, спадчына Беларускай ваеннай акругі ў выглядзе сталёвых касак ваеннага і пасляваеннага ўзору, кірзавых ботаў, салдацкіх шынялёў і анучаў дазволіць экіпіраваць адпаведным чынам сотні тысяч пяхотнікаў, узброеных савецкімі пісталетамі-кулямётамі ПКШ і ручнымі гранатамі РГД. Што ж да дадатковых опцый, даступных тым жа УСУ (накшталт трывалых і лёгкіх кеўларавых касак, зручных вайсковых чаравікаў і сучасных бронекамізэлек), то тут могуць быць сур’ёзныя праблемы. Значных аб’ёмаў такой дапамогі з-за мяжы не прадбачыцца, бо Расія​​​​​​​ не ў стане якасна экіпіраваць нават сваю армію.

Баявая падрыхтоўка

Яшчэ адно абмежаванне на шляху да маштабнага павелічэння арміі накладаюць сістэмы ваеннай адукацыі і баявой падрыхтоўкі. Ваенная акадэмія Беларусі, ваенныя факультэты цывільных ВНУ, школы па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў здольныя задавальняць патрэбы арміі мірнага часу. А афіцэры, прапаршчыкі і сяржанты, якія знаходзяцца ў запасе, пасля вяртання ў строй прыйдуць на дапамогу кадравым камандзірам і разам з імі тэарэтычна павінныя будуць забяспечыць кіраўніцтва адмабілізаванай арміяй, якая складаецца з навучанага рэзерву.

Для ўсіх падраздзяленняў, якія будуць створаныя звыш вызначанай вышэй умоўнай мяжы ў 445 тысяч чалавек, малодшых камандзіраў і афіцэраў няма ні ў кадравай арміі, ні ў запасе. Пры гэтым падрыхтоўка лейтэнанта (першае афіцэрскае званне) займае 45 гадоў. Прапаршчыкаў рыхтуюць 5 месяцаў, малодшых камандзіраў і спецыялістаў (накшталт механікаў — кіроўцаў танкаў) — 3−4 месяцы.

Мероприятия, посвященные началу учебного года в воинских частях Беларуси. Фото: пресс-служба Минобороны РБ
Мерапрыемствы, прысвечаныя пачатку навучальнага года у вайсковых частках Беларусі. Фота: прэс-служба Мінабароны РБ

У мірны час сістэма адукацыі і баявой падрыхтоўкі абслугоўвае патрэбы 45-тысячнай арміі, у якую двойчы на год прызываецца прыкладна па 10 тысяч вайскоўцаў тэрміновай службы. Такім чынам, беларуская армія ў нармальных умовах за год ператварае ў салдат каля 20 тысяч цывільных і навучае неабходную колькасць камандзіраў для іх.

Пад патрэбы адначасовага навучання менавіта такой колькасці байцоў (10 тысяч) створаныя навучальныя цэнтры, палігоны, стрэльбішчы, мішэнныя палі, ціры, вучэбна-матэрыяльная база, падрыхтаваныя інструктары і выкладчыкі. Пры гэтым прыкметная частка гэтых рэсурсаў у апошні год «з'ядаецца» расійскімі мабілізаванымі, якія праходзяць на палігонах Беларусі «курс інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі» перад тым, як адправіцца на вайну супраць Украіны.

Важна разумець і тое, што нават 290-тысячны навучаны рэзерв не здольны ўмомант стаць гатовай да бою арміяй. Пасля таго як усе мабілізаваныя з запасу вайскоўцы трапяць у свае падраздзяленні і атрымаюць неабходныя ўзбраенне і тэхніку, для ператварэння ў рэальную баявую сілу яны мусяць будуць прайсці праз баявое зладжванне. Гэта шматступенны працэс баявой падрыхтоўкі, які пачынаецца з аднаўлення індывідуальных навыкаў і заканчваецца адпрацоўкай сумесных дзеянняў у складзе батальёнаў і брыгад. Баявое зладжванне адмабілізаваных частак мусіць доўжыцца не менш за тыдзень, і ўвесь гэты час інтэнсіўна праводзяцца тактычныя заняткі і стрэльбы.

Выходзіць, што з наяўнай у Беларусі вайсковай інфраструктурай, часткова занятай рассіянамі, баявое зладжванне 290 тысяч чалавек расцягнецца пры самым спрыяльным збегу абставінаў прыкладна на 7 месяцаў (29 тыдняў, па 10 тысяч чалавек кожны тыдзень).

У выпадку, калі мабілізацыя ахопіць яшчэ і людзей, якія не ўваходзяць у катэгорыю навучанага рэзерву, то да часу баявога зладжвання трэба будзе дадаваць яшчэ час на пачатковы курс ваеннай падрыхтоўкі («курс маладога байца») і на навучанне ваеннай спецыяльнасці. У мірны час усё гэта займае не менш чым паўгода — і нават у выпадку вострай неабходнасці гэты перыяд немагчыма будзе скараціць да тэрміну, меншага за пару месяцаў, без радыкальнага зніжэння якасці падрыхтоўкі. Калі вучыць новых салдат па такой паскоранай праграме, то на навучанне кожных 100 тысяч грамадзян, мабілізаваных не з ліку навучанага рэзерву, з наяўнай матэрыяльна-тэхнічнай базай пойдзе прыкладна 20 месяцаў (пры падрыхтоўцы 10 тысяч чалавек раз на два месяцы). І гэта ў тым малаімаверным выпадку, калі рэсурсы не будуць занятыя мабілізаванымі расіянамі.

Які вынік?

У святле ўсяго вышэйсказанага словы Лукашэнкі пра тое, што беларускую армію можна павялічыць да 500 тысяч чалавек, можна ацаніць наступным чынам. Навучанага рэзерву ў Беларусі сапраўды можа хапіць на тое, каб укамплектаваць армію колькасцю блізу 445 тысяч чалавек — пры ўмове, што ў Беларусь вернуцца ўсе пакуль яшчэ прыпісаныя да ваенкаматаў эмігранты.

Але эканоміка Беларусі, якая і без таго не асабліва квітнее, наўрад ці гатовая да такіх эксперыментаў. Можна дапусціць, што яна зможа без асаблівых наступстваў утрымліваць такую армію месяц-другі, але кожны наступны будзе давацца ёй з усё большымі цяжкасцямі. А месяцаў для паўнавартаснага баявога зладжвання ўсіх частак спатрэбіцца не менш за сем.

Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Reuters

Пры гэтым асноўную частку 445-тысячнай арміі будуць складаць немеханізаваныя пяхотныя часткі, абсталяваныя і ўзброеныя па стандартах армій сярэдзіны XX стагоддзя. Пешыя байцы з ПКШ у ботах, сталёвых касках і плашч-палатках, вядома, могуць саслужыць службу афіцыйнай прапагандзе, што часта звяртаецца да спадчыны Другой сусветнай. Але баявая каштоўнасць такіх салдат і ўкамплектаваных імі падраздзяленняў у сучаснай вайне вельмі сумнеўная.

Што да двухмільённай арміі, якую згадваў у сваёй заяве намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба, то толькі для яе базавай падрыхтоўкі з выкарыстаннем наяўнай у краіне матэрыяльна-тэхнічнай базы трэба будзе патраціць прыкладна чвэрць стагоддзя. Якім чынам у гэты час павінная будзе функцыянаваць беларуская эканоміка, пазбаўленая 40% сваіх працоўных рэсурсаў, у тым ліку амаль усіх мужчын, застаецца загадкай. Акрамя таго, нават усіх ПКШ, вінтовак Мосіна і наганаў на беларускіх складах хопіць менш чым на палову гэтай арміі.