Незвычайны лот — фота выпускнікоў мінскай школы са стартавай цаной 11 111 рублёў — з’явіўся на анлайн-пляцоўцы ay.by. Аўтар сцвярджае, што на здымку — дачка Пятра Машэрава Наталля і з дапамогай абвесткі ён хоча яе адшукаць, заўважыў «Смартпрэс».
На здымку — вучні дзясятага класа другой сярэдняй школы Мінска, якія сталі выпускнікамі ў 1962 годзе, і іх выкладчыкі.
У тэксце абвесткі гаворыцца, што адна з выпускніц Наталля Машэрава — дачка Пятра Машэрава, першага сакратара Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі, які кіраваў краінай з 1965 года да сваёй трагічнай гібелі ў аўтакатастрофе ў 1980 годзе.
Аўтар лічыць, што на фота ёсць і іншыя знакамітыя людзі.
«Настаўнікі таксама, відаць, вядомыя: у школе на Чырвонаармейскай вучыліся „элітныя“ дзеці», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама ўдакладняецца, што лот выстаўлены «хутчэй для дэманстрацыі, чым для продажу»: з яго дапамогай прадавец хоча адшукаць Наталлю Пятроўну Машэраву, каб «пагаварыць пра тыя часы».
Як адзначае «Смартпрэс», на пляцоўцы прадстаўленыя і іншыя выпускныя здымкі розных гадоў і розных установаў адукацыі, але пачатковы кошт гэтых лотаў значна ніжэйшы — у асноўным да дзесяці рублёў.
З фота выпуску СШ № 2 Мінска 1962 года па цане можа канкураваць лот «арыгінальная фатаграфія Сары Бернар», які прадавец ацаніў на суму каля 10 660 рублёў.