Паміж Беларуссю і Венесуэлай ёсць не толькі сяброўства, але і таямніца. І не з танных — амаль на паўтара мільярда даляраў. Беларускі расследніцкі цэнтр сумесна з венесуэльскім выданнем Armando.Info і Цэнтрам па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP знайшоў дакументы, якія кажуць, што ў нашай краіны перад Каракасам ёсць немалы доўг за пастаўкі нафты, якія былі яшчэ за часамі Уга Чавеса. Проста цяпер у Венесуэле мінімум кожны другі жыве за мяжой беднасці. Мы публікуем гэты тэкст са скарачэннямі, паглядзець поўную версію вы можаце тут.

Пэўны час таму крыніца з беларускіх дзяржорганаў перадала БРЦ дакументы, з якіх вынікае, што Беларусь дагэтуль цалкам не разлічылася за венесуэльскую нафту. Хоць атрымала яна яе больш за 10 гадоў таму, яшчэ за часамі прэзідэнцтва Уга Чавеса. Сума доўгу прыстойная — амаль $ 1,5 млрд.
У расследавальнікаў ёсць копія дакумента, датаванага вераснем 2015 года, які рыхтавалі да нарады прэм’ер-міністра Беларусі — тады ім быў Андрэй Кабякоў. З яго вынікае, што беларускія ўлады наогул не збіраліся вяртаць Венесуэле гэтыя грошы. Калі каротка, там гаворыцца, што Мінск вырашыў «разглядаць запазычанасць не як беларускую запазычанасць, а як дапамогу Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла».
Расследавальнікі з OCCRP паспрабавалі высветліць, ці плануе Каракас патрабаваць гэтую запазычанасць, і накіравалі запыт у дзяржаўную нафтагазавую кампанію Венесуэлы PDVSA, але пакуль адказу не атрымалі.
Вы можаце дапамагчы БРЦ рабіць яшчэ больш расследаванняў, стаўшы іх спонсарам на Patreon. Пра тое, чаму гэтая пляцоўка аптымальная ў цяперашніх умовах, мы расказвалі тут.
Генеральны дырэктар «Беларускай нафтавай кампаніі» Міхаіл Касцячко, калі яму патэлефанавалі журналісты БРЦ, таксама нічога не пракаментаваў, бо, паводле яго словаў, наогул не ведае, пра якую пазыку ідзе гаворка.
Але ў дакументах, якія ёсць у распараджэнні расследавальнікаў, выразна сказана, што гэта за пазыка і адкуль яна ўзялася. Гаворка пра дзевяць мільёнаў тон нафты, якая па дамоўленасці з Венесуэлай пачала пастаўляцца ў Беларусь у разгар «энергетычнай вайны» з Расіяй.

Справа была ў 2010 годзе. Тады Крэмль не ішоў на саступкі па аб’ёмах бяспошлінных паставак сыравіны для беларускіх НПЗ. Уладзімір Пуцін спрабаваў такім чынам загнаць Беларусь у Еўразійскі саюз на сваіх умовах. Лукашэнка паляцеў да Чавеса, з якім дамовіўся пра альтэрнатыўныя пастаўкі нафты.
Паводле кантракту «Беларуская нафтавая кампанія» купляла ў венесуэльскай PDVSA 30 млн тон нафты гатунку «Санта-Барбара» або іншага па дамоўленасці ў 2011−2013 гадах. Сыравіна паступала праз парты Чорнага і Балтыйскага мораў на заводы ў Мазыры і Наваполацку.
80% кошту нафты БНК аплачвала на рахунак PDVSA не пазней чым праз 35 каляндарных дзён з даты афармлення накладной. А астатнія 20% акумуляваліся ў выглядзе абавязанняў пакупніка перад прадаўцом. Форма выканання абавязанняў вызначалася ўрадамі Венесуэлы і Беларусі.

Груба кажучы, Беларусь атрымала зніжку на венесуэльскую нафту, паабяцаўшы аплаціць пятую частку ад кошту пазней, але так і не зрабіла гэтага.
У момант, калі танкеры з сыравінай паплылі ў Беларусь, венесуэльцы яшчэ не падазравалі, што з імі не разлічацца. І разам з беларусамі пастараліся скараціць выдаткі на дастаўку тавару. Была выкарыстаная такая схема: венесуэльская кампанія PDVSA прадавала «Санта-Барбару» ў сваіх партах азербайджанскай кампаніі «Сокар», а на беларускія заводы замест «Санта-Барбары» ішла азербайджанская нафта маркі «Азеры Лайт».

Нягледзячы на ўсе намаганні што да патаннення транспартавання, паводле звестак Белстата, расійская нафта ўсё роўна абыходзілася Беларусі танней за венесуэльскую і азербайджанскую.
З 2010 па 2012 год Беларусь купіла ў PDVSA больш за 9 млн тон сыравіны і заплаціла за іх каля $ 7 млрд.

Потым у адносінах Мінска і Масквы наступіла пацяпленне, і Беларусь перастала купляць нафту ў Венесуэле. І доўг, які ўтварыўся па кантрактах — 20% ад кошту нафты, або амаль $ 1,5 млрд, — так за 10 гадоў і не выплацілі. Венесуэла прапаноўвала пагасіць яго, перадаўшы ёй частку акцый «Нафтана», Мінскага аўтамабільнага завода і Беларускага металургічнага завода. Беларусь жа прапанавала вярнуць грошы беларускімі таварамі. Але гэта кулуарна. А публічна пазыкі нібыта не існавала.
«Уся гэтая гісторыя з нафтай вылілася ў тое, што Беларусь правяла ўгоду па нярынкавай цане. То-бок яна на гэтым вельмі сур’ёзна сэканоміла, недаплаціла Венесуэле дастаткова сур’ёзную суму. І цяпер гэта пазыка з пункту гледжання Венесуэлы і падарунак з пункту гледжання Беларусі. Гэты доўг — пастаянная тэма беларуска-венесуэльскіх перамоваў», — пракаментаваў сітуацыю Анатоль Котаў, былы дыпламат і супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.
Нягледзячы на тое, што перамовы з нагоды выплаты Мінскам грошай Каракасу вядуцца дагэтуль, венесуэльскі бок, відавочна, афіцыйна ніякіх прэтэнзій Беларусі так і не выстаўляе. Калі яна захоча вярнуць доўг, то можа звярнуцца ў міжнародны суд, і той можа пастанавіць спагнаць гэтыя грошы.
Зарабіць на бядзе
Акрамя закупак сыравіны ў Беларусі ў Венесуэле былі і іншыя інтарэсы. Неўзабаве пасля таго як Мінск і Каракас заключылі нафтавы кантракт, у Венесуэле праз паводку без даху над галавой засталіся тысячы сем’яў. Чавес запусціў праграму будаўніцтва жылля. Беларусь вырашыла ў гэтым паўдзельнічаць, аднак праз недастатковае фінансаванне працэс тармазіўся.

«Пакуль плацілі грошы, беларусы будавалі. Як толькі грошай не стала, адпаведна, ніхто будаваць не мог», — тлумачыць былы беларускі дыпламат Павел Слюнькін, які ў 2011−2012 гадах працаваў у «Белзамежбудзе».

Улетку 2022 года беларуская амбасада ў Венесуэле адрапартавала, што чарговыя квадратныя метры здадзеныя. І дадала, што паўза здарылася праз заходнія санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі і Венесуэлы. За 15 гадоў беларусы пабудавалі ўсяго 8 тысяч кватэр з запланаваных 20 тысяч — здалі толькі адзін жылы комплекс з трох запланаваных. Кошт завершанага праекта ў горадзе Маракай і ваколіцах ацэньваецца ў $ 320 млн.

Таемны партнёр
Не толькі афіцыйны Мінск зарабляў на партнёрстве з Венесуэлай. БРЦ знайшоў і бізнесоўцаў, якія змаглі атрымаць сваю выгаду ад сяброўства Чавеса і Лукашэнкі.
І заводы (напрыклад, па зборцы трактароў «Беларус» і грузавікоў МАЗ), і жыллё ў Венесуэле будавала кампанія «Белзамежбуд». Яна з’явілася ў канцы вясны 2007 года. Яе заснавалі «для выканання даручэнняў урада па будаўніцтве жылля і іншых аб’ектаў у Венесуэле».

Паводле падлікаў БРЦ, «Белзамежбуд» выканаў у Венесуэле праекты як мінімум на паўмільярда даляраў. Частка гэтых грошай пайшла не толькі дзяржаве, але і ў прыватную кішэню.
Заснавальнікам кампаніі выступілі чатыры прадпрыемствы. Два з іх — «Гомельпрамбуд» і «Будаўнічы трэст № 8» — падпарадкаваныя ўраду, а два іншыя, «Белпарс» і «Трастбанк», — прыватныя. Хто ж гэтыя таямнічыя бізнесоўцы, якія склалі кампанію уладам?

9 ліпеня 2007 года, праз месяц з лішнім пасля з’яўлення кампаніі «Белзамежбуд», урадавая дэлегацыя з Беларусі адправілася ў Каракас. Мяркуючы са звестак, прадстаўленых «Кіберпартызанамі», на борце самалёта былі на той момант віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка і кіраўнік Савета бяспекі Віктар Шэйман. Лукашэнка прызначыў яго курыраваць беларускія праекты ў Венесуэле. Сярод пасажыраў прысутнічаў і бізнесовец Віктар Шаўцоў.
Менавіта ён і стаў адным з бенефіцыяраў беларускіх праектаў у Венесуэле. Тады Шаўцоў быў ключавым уладальнікам «Трастбанка».
Яшчэ адным прыватным удзельнікам «Белзамежбуда» з 39%-й доляй стала фірма «Белпарс» — «дачка» іранскага холдынгу Kayson, заснаваная бізнесоўцам Махамадам Рэза Ансары.
З часам 39% акцый «Белзамежбуда» перайшлі спачатку эмірацкай кампаніі Almando, а затым — іншай эмірацкай фірме, Alm Investments.

За імі стаіць даўні партнёр Шаўцова, рэзідэнт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў султан Махамед Ахмад Аль-Зараім Аль-Сувайдзі. Але па сутнасці будаўнічым бізнесам запраўляў Шаўцоў, які быў старшынёй савета дырэктараў «Белзамежбуда».

Падчас згаданага вышэй урадавага візіту «Белзамежбуд» падпісаў кантракт на пастаўку беларускай тэхнікі ў Венесуэлу. А праз пяць месяцаў, у снежні 2007 года, калі Лукашэнка ўпершыню пабываў у Каракасе з афіцыйным візітам, беларускі забудоўшчык атрымаў першы кантракт на будаўніцтва жылля ў штаце Арагуа. У 2009 годзе, паводле звестак «Белзамежбуда», кампанія падпісала яшчэ адзін кантракт на будаўніцтва завода па выпуску будматэрыялаў з меркаванымі інвестыцыямі ў $ 112 млн.
Але самым паспяховым годам для «Белзамежбуда» быў 2010-ы, калі былі заключаныя новыя кантракты і на жыллё, і на будаўніцтва заводаў па зборцы беларускай тэхнікі. Іх падпісалі падчас чарговага візіту Лукашэнкі ў Каракас. То-бок высокапастаўленыя чыноўнікі лабіявалі ў Венесуэле інтарэсы не толькі дзяржавы, але і прыватных асоб.
«У момант росквіту ўсіх гэтых будаўнічых праектаў Шаўцоў мог уваходзіць у досыць сур’ёзныя кабінеты менавіта дзякуючы таму, што карыстаўся пратэкцыяй і дапамогай сябра Уга Чавеса», — расказаў нам Анатоль Котаў.
Дык хто ж гэты бізнесовец Віктар Шаўцоў, якому даверыліся беларускія высокапастаўленыя чыноўнікі? Заснаваны ім «Інфабанк» аказваў пэўныя паслугі ўладам. Як пісала выданне «Ежедневник», гэты банк вырас на пасрэдніцкіх аперацыях са спецыфічнымі краінамі, у якіх праз астракізм з боку ЗША і Захаду спрабавала шукаць сваю нішу кіраўніцтва Беларусі.
У 2004 годзе «Інфабанк» Шаўцова трапіў пад абмежаванні ЗША па падазрэнні ў адмыванні грошай для рэжыму Садама Хусэйна. Сродкі былі заробленыя на ўгодах у абыход праграмы ААН «Нафта ў абмен на прадукты харчавання».
Паводле інфармацыі выдання «Ежедневник», пад іракскі праект была створаная беларуская кампанія «Белметалэнерга». І адным з яе бенефіцыяраў, як можна здагадацца, быў Віктар Шаўцоў.
Менавіта «Белметалэнерга» забяспечыла 90% паставак беларускай тэхнікі ў Ірак. А Ірак плаціў за гэта нафтай, якая прадавалася на сусветным рынку, пісала выданне «Ежедневник».
У 2014 годзе пасля разбіральніцтва ЗША знялі абмежаванні з банка. На той час яго ўжо перайменавалі ў «Трастбанк», а цяпер ён называецца «Банк Рашэнне». Асноўны бенефіцыяр фінансавай установы — ужо згаданы намі Махамед Аль-Сувайдзі. Шаўцоў — яго мінарытарны акцыянер і кіраўнік назіральнай рады.
«Віктар Шаўцоў так ці інакш звязаны са структурамі „Інфабанка-Трастбанка“ і ўгодамі з нафтай у Іраку. У якасці такога пасярэдніка ён зарабіў сабе капітал. І натуральна, калі ва ўсім гэтым удзельнічаў беларускі бок, то гэта азначала пэўную ступень набліжанасці да Лукашэнкі. Адпаведна, яго з’яўленне ў Венесуэле ў якасці асноўнага аператара будоўлі — гэта не абсалютная выпадковасць, гэта, хутчэй, заканамернасць», — пракаментаваў нам Анатоль Котаў.

Ёсць і яшчэ адзін цікавы факт у біяграфіі Шаўцова. У кастрычніку 2011 года яго затрымаў КДБ па падазрэнні ў асабліва буйным крадзяжы. Справа была звязаная з будаўніцтвам жылля ў Венесуэле. У гэтай лацінаамерыканскай краіне «Белзамежбуд» падазравалі ў сувязях з арматурнай мафіяй, якая займалася кантрабандай жалеза. Гаворка ішла і пра крадзеж будматэрыялаў.
Гэтую справу 23 снежня 2011 года каментаваў сам Лукашэнка.
«Гэта звычайная крымінальная справа, у нас такіх хапае, але гэты спадар не першы раз трапляе ў поле зроку праваахоўных органаў. <…> Шкоду нанёс дзяржаве? Двухразовы, трохразовы памер — грошы на стол, і пайшоў. Не заплаціць грошы — будзе сядзець у турме», — цытавала яго дзяржагенцтва БЕЛТА.
СМІ пісалі, што Шаўцоў выйшаў на волю ў снежні 2012 года. Доўгі час пра яго нічога не было чуваць.
Нягледзячы на тое, што ў Мінску на Шаўцова запісаны вялікі катэдж у Драздах і чатырохпакаёвая кватэра ў цэнтры, Як нам удалося высветліць, ён з’ехаў з Беларусі. Аднак ён па-ранейшаму звязаны з «Белзамежбудам». Праўда, у красавіку 2022 года кампанію перайменавалі ў «ВіаСЕТрэйд».

На яе сайце — ні слова пра праекты ў Венесуэле. Тым не менш, паводдле звестак БРЦ, склад акцыянераў кампаніі не памяняўся, а Шаўцоў там, як і раней, старшыня рады дырэктараў.
Следчыя папрасілі ў Шаўцова пракаментаваць інфармацыю пра ягоны ўдзел у венесуэльскіх праектах. Але ён перадаў праз прадстаўніка, што пакіне справу без каментароў.