Мінабароны Беларусі вылучыла рэкордныя 3,1 мільёна рублёў на закупку дронаў. Такія ж Расія выкарыстоўвае ў вайне з Украінай
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Міністэрства абароны Беларусі вырашыла закупіць расійскія тактычныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы. Тэндар на 3,1 мільёна рублёў знайшоў на партале дзяржзакупак Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Фото: supercam.aero
Фота: supercam.aero

Гаворка ідзе пра два комплексы Supercam S350 (або аналагі) і пра адзін комплекс Supercam S150 (або аналаг). У камплект уваходзяць сам беспілотнік, кіравальныя відэакамеры, батарэі, сродкі дыстанцыйнага кіравання, планшэт і іншыя прылады.

Беспілотнікі Supercam распрацоўвае расійская кампанія «Беспілотныя сістэмы». Мадэль S350 — адзін з флагманскіх прадуктаў. Комплекс выкарыстоўваюць для відэаманіторынгу. Максімальная працягласць палёту гэтага БПЛА — 4,5 гадзіны. Пры гэтым ён можа перадаваць інфармацыю на адлегласці да 100 кіламетраў. На сайце вытворцы гаворыцца, што комплекс можна выкарыстоўваць для «назірання і разведкі», а таксама для абароны дзяржаўных межаў.

Supercam S150 мае сціплейшыя характарыстыкі. Максімальны час палёту — 2 гадзіны, а максімальная адлегласць для перадачы інфармацыі — 25 кіламетраў.

Такія беспілотнікі Расія як мінімум двойчы — у лістападзе і ў студзені — выкарыстоўвала для разведкі на тэрыторыі Украіны.

Гэта ўжо трэцяя — і самая дарагая — такая закупка ведамства з пачатку поўнамаштабнай вайны. У траўні мінулага года Мінабароны вылучыла крыху больш за 1,8 мільёна рублёў на закупку некалькіх дзясяткаў беспілотнікаў DJI Mavic 2 Enterprise Advanсed, а ў чэрвені мінулага года — 2 млн рублёў на комплексы Supercam S350 ці аналагі. Да гэтага ваеннае ведамства закупляла беспілотныя сістэмы толькі аднойчы — у 2021 годзе.