Як мінімум 2,4 тысячы люксавых аўтамабіляў абкладуць павышаным транспартным падаткам з наступнага года. Пра гэта заявіла дэпутатка Святлана Барташ, піша расійскае агенцтва Sputnik.
Складаць спіс аўтамабіляў павышанай камфортнасці, уладальнікам якіх трэба будзе плаціць павышаны ў 10 разоў транспартны падатак, будзе ўрад.
— Вы ведаеце, па аўтамабілях, [якія абкладуць павышаным падаткам], — там дзесьці ўжо каля 2,4 тыс. аўтамабіляў ёсць, — заявіла сябра Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Святлана Барташ.
Такую заяву дэпутатка зрабіла да таго, як у Палаце прадстаўнікоў прынялі праект змененага Падатковага кодэкса, у якім прапісаная такая мера.
Нагадаем, з 2024 года могуць змяніцца стаўкі транспартнага падатку. У прыватнасці, праектам Падатковага кодэкса прадугледжанае іх дзесяціразовае павышэнне для люксавых аўтамабіляў. «Па транспартных сродках, з года выпуску якіх прайшло не больш за тры гады, уключаных у пералік транспартных сродкаў падвышанай камфортнасці, вызначаны Саветам Міністраў, транспартны падатак, уключаючы авансавыя плацяжы, вылічаецца па стаўках, павялічаных у дзесяць разоў», — гаворыцца ў законапраекце.
Таксама чыноўнікі збіраюцца павысіць стандартныя стаўкі транспартнага падатку. Сума транспартнага падатку залежыць ад дазволенай максімальнай масы, ёмістасці або прапісаная за адну адзінку транспартнага сродку. Да прыкладу, за аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай да 1,5 тоны цяпер трэба плаціць 61 рубель за год, а хочуць падняць да 66 рублёў. Па павышанай у дзесяць разоў стаўцы выйдзе 660 рублёў, калі ўвядуць змены.