Страхавы стаж — перыяд працы з выплатай страхавых унёскаў у ФСАН — у 2025 годзе вырасце да 20 гадоў. Цяпер ён складае 19 гадоў, а з 1 студзеня 2024-га яго павысяць на паўгода. Пра гэта БЕЛТА паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Нагадаем: праз тое, што чыноўнікі павышаюць гэты стаж, некаторыя беларусы трапляюць у так званую пенсійную пастку. Таксама міністр расказала, якім у 2024 годзе будзе пенсійны ўзрост у Беларусі.
Як паведаміла Ірына Касцевіч, у 2024 годзе жанчыны будуць выходзіць на пенсію ва ўзросце 58 гадоў, мужчыны — 63 гадоў. Паводле яе словаў, на выплату пенсій у наступным годзе плануюць накіраваць 22 млрд рублёў, што на 3 млрд больш, чым у 2023-м.
У 2024 годзе таксама збіраюцца падняць мінімальны страхавы стаж, які патрэбны для атрымання працоўнай пенсіі. У гэты стаж уваходзіць толькі той час, калі вы працавалі і працадаўца плаціў за вас страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны. Цяпер мінімальны страхавы стаж складае 19 гадоў. З 1 студзеня 2024 года ён вырасце на паўгода — да 19 гадоў і шасці месяцаў.
Гэты паказчык раней складаў пяць гадоў, але з 2013 года яго пачалі рэзка павышаць. Беларусы, якія паводе новых правілаў не адпрацавалі гэты стаж, трапляюць у пенсійную пастку — яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную: мужчынам — з 65 гадоў, жанчынам — з 60 гадоў. Цяпер сацыяльная пенсія складае 183,9 рубля.
Раней, з 1 студзеня 2020 года, у страхавы стаж пачалі ўключаць тэрміновую службу ў войску. Гэтага новаўвядзення на стадыі абмеркавання не падтрымлівалі ў Мінпрацы і Мінфіне. Пры гэтым па навучанні ў ВНУ і дэкрэтным адпачынку, уключэнне ў страхавы стаж якіх абмяркоўвалася нароўні са службай у войску, улады зменаў не прынялі.
Чытайце таксама