Ураджэнка Брэста Ірына Абельская — асоба ў Беларусі вядомая. Раней яна была асабістай доктаркай Аляксандра Лукашэнкі. Як мяркуецца, яна — мама малодшага сына палітыка Мікалая. Цяпер жанчына кіруе лечкамісіяй, а ў 2020-м яна прыклала руку да стварэння элітнай гімназіі ў Драздах. Нядаўна яна наогул пачала рабіць кар’еру ў палітыцы — трапіла ў Савет Рэспублікі. «Люстэрка» з дапамогай каманды BELPOL высветліла, якой маёмасцю валодаюць Ірына Абельская і яе старэйшы сын Дзмітрый.
Ирыне Абельскай у верасні гэтага года споўніцца 59 гадоў. У яе сям'і многія былі медыкамі, а маці Людміла Пастаялка ўзначальвала Міністэрства аховы здароўя (яна памерла ў 2007 годзе). Сама Ірына скончыла педыятрычны факультэт Мінскага медінстытута, пасля працавала педыятрам, эндакрынолагам, доктаркай УГД. У 1994 годзе жанчына стала тэрапеўткай лечкамісіі, яе прызначылі асабістай доктаркай Аляксандра Лукашэнкі. З 2001-га яна — галоўная доктарка Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.
Ад першага шлюбу ў жанчыны ёсць сын Дзмітрый, цяпер яму 38 гадоў. Ён — доктар-афтальмолаг найвышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт. Паводле звестак BELPOL, ён у 2020 годзе скардзіўся ў міліцыю на тое, што ў жылым комплексе «Каскад» людзі «нацягваюць сцяг». Таксама ў BELPOL ёсць звесткі, што тэлефон Дзмітрыя Абельскага ў 2020 і 2021 гадах не менш за 45 разоў праслухоўвала міліцыя.
Мужчына працуе афтальмолагам у клініцы Voka ў Мінску. У Instagram гэтай медустановы ў ліпені 2023 года было размешчанае відэа з удзелам сына Абельскай (ён у ролі доктара ў роліку, які размешчаны ніжэй).
У BELPOL удакладнілі, што ў Ірыны таксама ёсць сын Абельскі Мікалай Аляксандравіч, народжаны 31 жніўня 2004 года (гэта супадае з датай нараджэння Мікалая Лукашэнкі).
У Ірыны Абельскай ёсць нерухомасць у сталічным мікрараёне Дразды, размешчаная яна ў невялікім тупіковым завулку Азёрны. Гэта дом № 6, ён займае плошчу амаль 350 «квадратаў». Па гэтым жа адрасе зарэгістраваны яе старэйшы сын Дзмітрый. Удакладнім, што звесткі пра маёмасць у тэксце прыведзеныя на сярэдзіну 2021 года.
У старэйшага сына Абельскай таксама ёсць нерухомасць. У тых жа Драздах у доме № 9 на вуліцы Піянерскай ён мае чатырохпакаёвую кватэру плошчай амаль 126 «квадратаў» і машына-месцам.
Дарэчы, жыллё там нятаннае. Напрыклад, у тым жа доме № 9 цяпер прадаецца трохпакаёўка са звычайным рамонтам, за яе просяць амаль 800 000 рублёў (каля 245 000 даляраў). У суседнім доме прадаюць чатырохпакаёвую кватэру з багацейшым інтэр'ерам, яе кошт — 1 272 024 рублі (390 000 даляраў).
У Дзмітрыя таксама ёсць нерухомасць у прыгарадзе Мінска, проста ля берага Ваўковіцкага вадасховішча. Так, з 2017 года за ім запісаны ўчастак плошчай 0,15 га ў вёсцы Ваўковічы на вуліцы Азёрнай, 1 (гэта Мінскі раён). На мужчыну таксама было запісанае незавершаны закансерваваны капітальны будынак гатоўнасцю 5%.
Відаць, мама і сын вельмі любяць вялікія аўто павышанай праходнасці. Прычым машыны часта мянялі. У іх карыстанні былі Volkswagen Passat і Tiguan, Suzuki Grand Vitara, Volvo XC70 і ХС 60. Нумары Ірына выбірала «прыгожыя», з паўтаральнымі лічбамі — 8888 і 7777. Праўда, жанчына нярэдка грэбавала выкананнем ПДР, у асноўным хуткасным рэжымам, за ёю 43 парушэнні.
У Дзмітрыя былі свае машыны — Honda Civic, Mazda 626, Dodge Stratus, Audi Allroad, Mercedes-Benz. Мужчына таксама часам не выконваў ПДР — на ім каля 30 адміністрацыйных правапарушэнняў.
Відаць, старэйшы сын Абельскай — аматар палявання. У яго ёсць агнястрэльная зброя — паляўнічы карабін «Сайга-9», стрэльбы МР-153 і Beretta. Апошнюю зброю цяпер можна купіць у адной з мінскіх крамаў ад 6450 да 54 000 рублёў у залежнасці ад мадэлі.
Чытайце таксама