Нараду па гандлі з замежнымі партнёрамі, «перш за ўсё на Усходзе», сабраў Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня, паведаміла прэс-служба палітыка.
Тэмай мерапрыемства стаў гандаль Беларусі на знешніх рынках у наступным годзе.
— У сувязі з тым, што Захад нібыта не хоча з намі супрацоўнічаць у галіне эканомікі, мы са сваёй прадукцыяй абсалютна не патрэбныя, мы гэта выдатна разумеем — лішняя канкурэнцыя ў галіне аўтамабілебудавання, іншых галін не ўваходзіць у парадак дня заходніх дзяржаваў, якія падганяюцца ЗША, — адзначыў Лукашэнка.
Палітык адзначыў, што Беларусь «больш за ўсё сёння гандлюе на ўсходнім кірунку», хоць і ад Захаду «не адыходзіць канчаткова».
— Тое, што іх цікавіць і нам выгадна, — гандлюем, прадаём, але не тыя аб’ёмы і не тыя грошы. Таму — усходні кірунак. Расійская Федэрацыя, Кітайская Народная Рэспубліка, — пазначыў Лукашэнка.
Ён дадаў, што «Сірыя, Афганістан і многія краіны Афрыкі выказваюць зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларуссю», піша БЕЛТА.
— Сірыя нам прапануе супрацоўніцтва, просіць, каб нашыя службовыя асобы прыехалі перагаварыць, вызначыцца. Афганістан таксама зацікаўлены ў нашай прадукцыі. Няпростая сітуацыя ў абедзвюх дзяржавах, — сказаў палітык.
Лукашэнка згадаў пра зацікаўленасць у супрацоўніцтве афрыканскіх дзяржаваў, але не стаў іх называць, каб «тут „сокалы“ не наляцелі на іх і не пачалі ціснуць».