На вайне ва Украіне загінуў камандзір 247-га дэсантна-штурмавога палка Васіль Папоў. Гэта ўжо другі камандзір падраздзялення, які загінуў за час вайны ва Украіне: першы, гвардыі палкоўнік Канстанцін Зізеўскі, загінуў у першыя дні вайны, 26 лютага 2022 года, піша «Медыязона».
Першым пра гібель афіцэра паведаміў блогер Ягор Гузенка, аўтар Z-канала «Тринадцатый». Галасавое паведамленне, у якім прозвішча загінулага вайскоўца не называлася, з’явілася 10 верасня.
«Сёння ў ноч, б**дзь, загінуў камандзір 247-га палка новы, толькі нядаўна на пасаду ўступіў. Добры мужык, б**дзь, ну рэальна, б**дзь, герой, б**дзь, проста герой, у мяне іншых словаў няма, і мне яго шкада. З ім яшчэ тры хлопцы загінулі, і мне іх шкада», — сказаў Гузенка.
Пазней у групе «ВКонтакте» «С любых высот, в любое пекло! Гвардия 11 одшбр» з’явіліся вершы, прысвечаныя памяці Васіля Папова, камандзіра 247-га дэсантна-штурмавога палка. Аўтар паста пісаў, што раней афіцэр займаў пасады камандзіра роты і начальніка штаба батальёна — мяркуючы з кантэксту, гаворка ідзе пра 11-й асобную дэсантна-штурмавую брыгаду з Улан-Удэ.
Пра гібель яшчэ трох вайскоўцаў, якіх згадвае Гузенка, у некралогу не гаворыцца.
Дзякуючы ўцечкам з расейскіх базаў дадзеных «Медыязоне» ўдалося высветліць, што Васілю Віктаравічу Папову на момант гібелі было 38 гадоў. У тэлефонных кнігах ён быў запісаны як «капітан» і «маёр», але ў 2021 годзе вучыўся ў Агульнавайсковай акадэміі Узброеных сіл, і, імаверна, перад прызначэннем камандзірам палка атрымаў больш высокае званне.
247-ы гвардзейскі дэсантна-штурмавы Каўказскі казачы полк уваходзіць у 7-ю гвардзейскую дэсантна-штурмавую дывізію і дыслакаваны ў Стаўрапалі. Падраздзяленне панесла цяжкія страты ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання: у першы тыдзень вайны полк страціў не менш за 60 чалавек загінулымі пры спробе штурму Мікалаева. У іх ліку быў і камандзір палка Канстанцін Зізеўскі. Акрамя таго, вядома пра гібель камандзіра 2-га батальёна гэтага палка Дзмітрыя Лісіцкага, ён загінуў у канцы сакавіка 2023 года.